У Вярхоўны суд падалі скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, кіраўнік ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Марына Адамовіч 22 ліпеня падала ў Вярхоўны суд скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча. 



mikola_article_big_263x200.jpg

Нагадаем, рашэнне адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча было прынята на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 20 ліпеня.
Адамовіч паведаміла, што рашэнне пра абскарджанне дзеянняў Цэнтрвыбаркама ёю было прынята 20 ліпеня яшчэ падчас пасяджэння камісіі. «Мы мяркуем, і думаю, што абгрунтавана мяркуем, што нерэгістрацыяй ініцыятыўнай групы парушаныя правы 1.700 грамадзян, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы», — сказала жонка палітыка.
Як зазначыла Адамовіч, у Вярхоўнага суда ёсць тры дні на разгляд скаргі. Паводле яе слоў, у судзе ёй было сказана, што разгляд скаргі можа адбыцца 24 ліпеня. 
Нагадаем, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, каментуючы 20 ліпеня рашэнне Цэнтрвыбаркама, сказаў: «Я думаю, што група Статкевіча добра разумее, што ніякіх юрыдычных прэтэнзій з іх боку няма і быць не можа. Але я разумею, што гэта палітычны рух, і палітычны рух не заўсёды кіруецца законам. Яны праштурхоўваюць, прасоўваюць сваю палітычную ідэю, для іх гэта больш важна, чым самі выбары. Яны ведаюць, што мы паступілі ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам».
Паводле БелаПАН