У Мінску ў склад выбарчых камісій патрапілі тры дэмакраты

Пра гэта паведаміў адзін з каардынатараў кампаніі “Права выбару-2015” Дзяніс Садоўскі, які прысутнічаў на сумесным пасяджэнні прэзідыума Мінскага гарсавета і Мінскага гарвыканкама, дзе зацвярджаўся склад выбарчых камісій.



sadouski1.jpg

Дзяніс Садоўскі
Са словаў Садоўскага ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію патрапіў сябра Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч
У склад Завадскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі патрапіла сябра Цэнтральнага камітэтат Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Надзея Шомчанка, а ў склад Савецкай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі увайшоў прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Суарэс.
Дзяніс Садоўскі адзначае, што зацверджаны гэтым разам склад выбарчых камісій на 60-65% супадае са складам, які быў на мінулых выбарах.
— У камісіях адны і тыя ж людзі, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў. Апроч таго, на пасяджэнні чыноўнікі і дэпутаты палічылі, што апазіцыйныя партыі вылучылі сваіх прадстаўнікоў у апошнія дні, што з’яўляецца фармалізмам і спробай заявіць пра сябе, хаця ніякага парушэння ў гэтым няма. Адмаўляць ва ўваходжанні ў склад выбарчых камісій іншым дэмакратычным актывістам не было прычыны,— кажа Дзяніс Садоўскі.
Нагадаем, што агулам суб’екты кампаніі “Права выбару-2015” вылучалі ў склад тэрытарыяльных і абласных выбарчых камісій 23 сваіх прадстаўнікі. З іх толькі тры чалавекі былі ўключаны ў склад камісій — два прадстаўнікі ад Партыі БНФ і адзін ад БСДП.
Паводле прэс-службы кампаніі "Права выбару—2015"