“Права выбару” запрасілі назіраць за фарміраваннем Мінскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі
Адпаведнае запрашэнне паназіраць за гэтым працэсам атрымаў адзін з каардынатараў кампаніі назірання Дзяніс Садоўскі.
![sadouski.jpg sadouski.jpg](/img/v1/news/full/sadouski.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзяніс Садоўскі
— Сёння мне патэлефанавалі з гарвыканкама і запрасілі заўтра на сумеснае пасяджэнне гарвыканкама і гарсавета, на якім будзе фарміравацца склад Мінскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Гэтае пасяджэнне адбудзецца ў 16-00, — гаворыць Дзяніс Садоўскі.
Ён таксама адзначае, што фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій з'яўляецца адным з крытэрыяў, паводле якіх будзе стварацца агульнае ўражанне ад выбараў. Кампанія «Права выбару–2015» актыўна фіксуе ўсе асаблівасці дадзенага этапу выбарчай кампаніі.
Пытанне аб тым, ці патрапіць у склад Мінскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі хоць адзін прадстаўнік дэмакратычных сілаў пакуль застаецца без адказу.
У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару–2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.
Паводле прэс-службы “Права выбару–2015”