Фактар Шульгана

Дзесяць прэтэндэнтаў пайшлі на прэзідэнцтва. Прыйшлі ў ЦВК — іх засталося восем. Удзельнікі прэзідэнцкай кампаніі, канешне, не дзесяць негрыцят. Ініцыятыўных групаў на рэгістрацыі было аж 14. Але пачалася. «гульня на вылет».



shulgan2.jpg

Патэнцыйныя ўдзельнікі нашай прэзідэнцкай кампаніі, канешне, не дзесяць негрыцят. Прэтэндэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў было аж 14. Але «гульня на вылет» ужо пачалася.

Улады з першага этапу перадвыбарчай кампаніі прадэманстравалі несумленную гульню. Не была зарэгістраваная ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча. І гэта — «палітычнае рашэнне» ў горшым сэнсе гэтага слова. ЦВК чакана адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча з нагоды таго, што сам Статкевіч пазбаўлены выбарчага права, бо знаходзіцца ў вязніцы. І тым самым парушыў выбарчыя правы іншых грамадзян — тых, хто запісаўся ў гэтую ініцыятыўную групу. Яшчэ раз паўторымся: па законе Статкевіч не можа быць зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты. Але гэта не перашкаджае рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы.

З выбарчай гонкі вырубілі і Шульгана. Ён не падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, бо з ЦВК яго забралі міліцыянты. Нібыта таму, што ён нецэнзурна лаяўся і быў у нецвярозым стане. Прычым, у судзе над Шульганом не знайшло пацверджанне ані першае, ані другое. Сведка з боку міліцыі сцвярджаў, што сам ён не чуў лаянкі ад Шульгана, але гэта чуў нехта іншы. На просьбу прагледзець кадры камераў відэаназірання, якімі суцэльна напічканы будынак ЦВК, міліцыя адказала, што Шульган лаяўся матам недзе ў «мёртвай зоне» відэаназірання, і камеры гэта не зафіксавалі.

Праўда, гэта не перашкодзіла суддзі суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяне Матыль аштрафаваць Шульгана на 5,4 мільёна рублёў.

Што ж тычыцца алкагольнага ап’янення, то гэтае абвінавачванне судом не разглядалася.

Зараз спіс патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ўключае восем асобаў. Адзін з іх, зразумела, сам Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ чацвёра прадстаўляюць палітычныя партыі. Гэта Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, старшыня партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, Сяргей Гайдукевіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Мікалай Улаховіч, лідар мала чым вядомай, апроч безумоўнай заўсёднай падтрымкі Лукашэнкі, Беларускай патрыятычнай партыі і адзін з важакоў беларускага казацкага руху. Недалёка ад стаіць Тацяна Караткевіч ад «Народнага рэферэндуму». Яшчэ адзін кандыдат нам вядомы па выбарах–2010: бізнесовец Віктар Цярэшчанка. І настаўніца Жана Раманоўская, пра якую нават невядома, што яна выкладае.

Вельмі дзіўна, што ўлады ад пачатку пайшлі на «брутальны сцэнар» сёлетняй перадвыбарчай кампаніі. Сумнеўная з пункту гледжання заканадаўства нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы Статкевіча зразумелая: па-першае, ён «асабісты вораг» Аляксандра Лукашэнкі, па-другое, збор подпісаў за яго ініцыятыўнай групай дазволіў бы праінфармаваць пра палітвязняў шырокае кола электарату. І яшчэ раз нагадаць — былы кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца ў турме.

А вось «брутал» у дачыненні да Шульгана выглядае неяк незразумела. Канешне, Шульган паспрабаваў паэксплуатаваць «гарачую» зараз тэму — падатак на дармаедства. Падаткам незадаволеная вялікая частка насельніцтва. Але шорах вакол гэтай праблемы пакрысе сцішваецца, і наўрад ці ў кастрычніку, калі павінны прайсці выбары, яна будзе так актуальная, як зараз.

Магчыма, Шульгана «зрэзалі» з-за таго, што ён, як гэта не дзіўна, меўся працаваць «на полі» і метадамі самога Аляксандра Рыгоравіча. Ён пачаў эксплуатаваць рэзанансную тэму, ён адразу заявіў, што «будзе прыслухоўвацца да народу», «да кожнай праблемы будзе асабісты падыход», і гэтак далей. Шульган збіраўся правесці «сход дармаедаў», што было б калі не пародыяй, дык адпаведнікам Усебеларускага народнага сходу.

Не маючы дакладна акрэсленай праграмы, ён «ехаў» на папулісцкіх лозунгах кшталту «вырашаць будзе народ». І ён ад пачатку стаў нагадваць Аляксандру Рыгоравічу пра няздзейсненыя абяцанкі, кажучы: «Вы абяцалі сысці ў адстаўку, калі знойдзецца нехта іншы. Я знайшоўся! Сыходзьце».

Ніводзін з вышэй акрэсленых прэтэндэнтаў у прэзідэнты, за выключэннем самога Аляксандра Рыгоравіча, не можа і не будзе весці такой жа нахабна-папулісцкай кампаніі, якую мог весці Шульган. Пэўна, у гэтым і была ягоная галоўная небяспека.

Шульгана маглі выкінуць з прэзідэнцкай гонкі выключна ціха і законна — у яго няма рэгістрацыі, а без яе немажліва зарэгістраваць ініцыятыўную групу. «Брутал» у дачыненні да Шульгана ёсць яшчэ і дэманстрацыяй іншым прэтэндэнтам, у якіх умовах будзе ісці прэзідэнцкая кампанія.