Ладуцька ўратуе Курапаты?

Дзяржава павінна выканаць свае абавязкі па ахове Курапатаў. Пра гэта ў каментары НЧ заявіў каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі.



kurapaty_talaka_3.jpg

Талака ў Курапатах

17 ліпеня разам з другім каардынатарам ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганнай Шапуцькай яны накіравалі ліст старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалаю Ладуцьку.

У сваім лісце грамадскія актывісты просяць Ладуцьку прыняць іх падчас асабістага прыёму грамадзянаў для разгляду пытанняў захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”.

     

Гаворка ідзе пра мажлівасць матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі УП “Мінская лесапаркавая гаспадарка” для санітарнай ачысткі ляснога масіву ў Курапатах плошчай каля 30 гектараў.

Мажлівасць вызначэння аднаго гаспадарчага суб’екта — уладальніка мемарыялу замест цяперашніх дзвюх — “Мінскай птушкафабрыкі №1” (зямля) і “Мінскай лесапаркавай гаспадаркі” (лясны масіў).

Аўтары ліста паведамляюць, што з 25 траўня па ўзгадненні з Мінскім райвыканкамам ініцыятыва на валанцёрскай аснове ўручную вядзе санітарную ачыстку найбольш забруджанай часткі ўрочышча плошчаю каля 0,3 га. Талака будзе праводзіцца да кастрычніка і прымеркавана да 25-годдзя адкрыцця Курапатаў і 25-годдзя пастановы Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года “Аб увекавечанні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты”. У адрозненне ад аналагічных мемарыялаў “Бутава” (Масква), “Быкаўня” (Кіеў) і “Катынь” (Смаленск), Курапаты знаходзяцца ў даволі сумным стане, гаворыцца ў лісце. Яго аўтары нагадваюць, што сітуацыя з Курапатамі абмяркоўвалася з удзелам актывістаў ініцыятывы ў шэрагу дзяржструктураў, у тым ліку ў Міністэрстве культуры, Мінаблвыканкаме і Мінрайвыканкаме.

Падобны ліст накіраваны старшыні Мінскага аблвыканкама Барысу Батуры, паколькі Курапаты знаходзяцца на тэрыторыі сталіцы і Мінскай вобласці. У лісце да Батуры грамадскія актывісты просяць матэрыяльна і фінансава падтрымаць Мінскі райвыканкам для санітарнай ачысткі Курапатаў, а таксама вырашыць пытанне пра прызначэнне аднаго ўладальніка мемарыялу.

Як падкрэсліў Раманоўскі, паколькі Курапаты ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу менавіта дзяржава павінна клапаціцца пра лёс мемарыялу, забяспечыць яго прыстойны выгляд і своечасовую ачыстку ад смецця і хмызняку.  “Гэта трэба для таго, каб забяспечыць свабодны падыход да кожнай з больш за 500 западзін — магчымых пахаванняў бязвінных ахвяраў. Каб сіламі адной грамадскасці ўручную ачысціць Курапаты, патрабуецца вельмі шмат часу. А для таго, каб аператыўна выканаць гэтую працу, дзяржава павінна выдзеліць каля 1 мільёна даляраў ЗША. Вось чаму мы і звярнуліся да Ладуцькі і Батуры”, — сказаў Раманоўскі.