Лічбавыя цацкі дрэнна ўплываюць на развіццё дзяцей — заклік Амерыканскай акадэміі педыятрыі
У наш лічбавы час дзеці маюць патрэбу ў маніпуляцыйных цацках, канструктарах, галаваломках. Таксама дзецям патрэбныя кнігі, іх трэба зноў і зноў чытаць разам і ўголас — гэта будзе прастора і нагода для прыдумвання свайго свету, сваіх гісторый, пагружэння ва ўяўныя падзеі і перажывання іх, піша «Радыё Свабода».
![a8d2670f_d67d_4b04_a7b5_82a989d8fd83_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.jpg a8d2670f_d67d_4b04_a7b5_82a989d8fd83_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/a8d2670f_d67d_4b04_a7b5_82a989d8fd83_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акадэмія педыятрыі ЗША заклікала бацькоў аддаваць перавагу простым традыцыйным цацкам перад лічбавымі. Пра гэта піша газэта «The New York Times».
Змест заявы
Аўтар артыкулу, доктар медыцыны Пэры Клас тлумачыць, што Амерыканская акадэмія педыятрыі раіць бацькам малых дзяцей аддаваць перавагу высакаякасным традыцыйным цацкам таму, што яны даюць дзецям прастору для фантазіі і вынаходлівасці. А гэта, у сваю чаргу, развівае дзяцей і паляпшае іх пазнавальныя здольнасці.
Яшчэ адзін аспект, на якім акцэнтуюць увагу амерыканскія педыятры, гэта гульнявы змест цацак. Інакш кажучы, традыцыйныя цацкі павінны быць такімі, каб бацькі і дзеці маглі ў іх (ці з імі) гуляцца разам.
Адна з аўтараў заявы Акадэміі педыятрыі, прафесар медыцыны Алія Гілі патлумачыла для “The New York Times”, што галоўнай мэтай для бацькоў павінны быць дачыненні з уласным дзіцем, кантакт з ім падчас гульні.
«Чым менш складаная цацка, — сказала прафесар Гілі, — тым больш яна дае магчымасцяў для творчай гульні. І наадварот, чым больш складаная цацка — тым меншага ўдзелу дзіцяці яна патрабуе».
Не адмаўляцца ад кніг
Доктар Пэры Клас піша, што, як бацька, цудоўна разумее, што і ў наш лічбавы час дзеці маюць патрэбу ў маніпуляцыйных цацках, канструктарах, галаваломках. Дзецям патрэбная магчымасць трэніраваць рукі і мозг, ім патрэбны рэквізіт для фантазіі і ўзаемадзеяння.
Таксама дзецям патрэбныя кнігі, іх трэба зноў і зноў чытаць разам і ўголас — гэта будзе прастора і нагода для прыдумвання свайго свету, сваіх гісторый, пагружэння ва ўяўныя падзеі і перажывання іх.
Не купляцца на рэкламу
Пры гэтым Амерыканская акадэмія педыятрыі падкрэслівае, што цацкі не павінны быць дарагімі — тым большы прасторы для фантазіі яны дадуць.
Доктар Клас у гэтай сувязі кажа, што для ўсіх нас у дзяцінстве найлепшымі цацкамі былі старыя шафы, запоўненыя гаспадарчымі рэчамі, кардонныя каробкі і г. д.
“The New York Times” прыводзіць думку і яшчэ аднаго аўтара заявы Амерыканскай акадэміі педыятрыі, прафесара медыцыны з Нью-Ёрку Алана Мендэльсана. Прафесар кажа, што ў наш час бацькі знаходзяцца пад націскам паведамленняў пра тое, што шматлікія гаджэты — кампутары, планшэты, ноўтбукі і мабільныя тэлефоны — дапамагаюць іх дзецям развівацца.
![e241fab7_26fb_4c04_9447_effb9a4ebc50_w650_r0_s.jpg e241fab7_26fb_4c04_9447_effb9a4ebc50_w650_r0_s.jpg](/img/v1/images/e241fab7_26fb_4c04_9447_effb9a4ebc50_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Найважнейшае — асабісты кантакт
У сапраўднасці, кажа прафесар Мендэльсан, экраны і гаджэты адцягваюць дзяцей ад кантакту з бацькамі і перашкаджаюць ім гуляць разам. А якраз сумесная гульня, кажа ён, важнейшая за ўсё іншае. Сумесная гульня, сумеснае чытанне кніг дапамагае выбудоўваць адносіны і дапаможа ў познім дзяцінстве і юнацтве не страціць кантакт з дзецьмі.
Вядома, кажа прафесар Мендэльсан, дзеці растуць, іх запатрабаванні таксама мяняюцца і нельга абысціся без гаджэтаў зусім. Але прафесар усё ж заклікае бацькоў знаходзіць баланс паміж складнымі і простымі цацкамі, якія даюць прастору і нагоду быць разам.
Падсумоўваючы артыкул, доктар Пэры Клас кажа, што вельмі добра, калі дзеці з дапамогай цацачнай печы гуляюцца ў выпечку хлеба ці пякуць бліны на пластыкавай патэльні. Але яшчэ лепш, калі яны будуць браць рэальны ўдзел у прыгатаванні рэальнай ежы са сваімі дзядамі ці бацькамі.