Лукашэнка ў вольны час чытае аўтабіяграфію Шушкевіча?
Усе ведаюць, што паміж дзейсным кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам і былым кіраўніком Беларусі Станіславам Шушкевічам даўно, і, здаецца, назаўсёды “прабегла чорная котка". Аляксандр Лукашэнка практычна пазбавіў пенсіі Шушкевіча, а Шушкевіч не лічыць Лукашэнку за прэзідэнта, аб чым неаднаразова казаў.
Тым не менш, яны раз-пораз згадваюць адзін аднаго. Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 15 студзеня, адказваючы на пытанне карэспандэнта Радыё Свабода, узгадаў нібыта неахайнасць Шушкевіча.
“Я памятаю, як вы са Станіслава Станіслававіча Шушкевіча... Калі ён сустракаў Клінтана, вы, журналісты, павінны памятаць, як вы каменя на камні не пакінулі, калі ён прыйшоў у нейкім пакамечаным паліто, ці то пасля п’янкі, ці то чаго. І вы яго таўклі ў хвост і грыву, не кажучы ўжо пра нас. Гэта была ганьба для краіны. Калі нашы дэпутаты паляцелі ў Амерыку і там вывалілі на ўзлётна-пасадачную паласу, сказалі, што папрасаваным быў толькі Шушкевіч. Астатнія былі «ва ўмат». І ўсе пра гэта пісалі, увесь Захад, уся Амерыка. Я вось нядаўна прачытаў нейкую амерыканскую кніжку ў перакладзе на рускую мову. Там таксама ўражаннямі дзялілася жонка нейкага кіраўніка, што страшна і сорамна было. Вы хочаце, каб я такім быў? Я такім не буду", — сказаў Лукашэнка (пераклад словаў Лукашэнкі — Радыё Свабода).
Што ж за кніжку ўзгадаў Аляксандр Лукашэнка? Бачна, што ён чытаў яе не так даўно, бо ўзгадаць у стрэсавай сітуацыі (прэс-канферэнцыя для даючага яе — гэта заўсёды стрэс, як ты да яе ні рыхтуйся) пра падзеі, якія адбыліся дваццаць год таму, і яшчэ памятаць, як хто выглядаў, — гэта трэба прачытаць кнігу ледзь не толькі што. Хто гэтая таямнічая “жонка нейкага кіраўніка"?
Аказваецца, усё проста. Напрыканцы 2012 года ў расійскім выдавецтве “РОССПЭН" на рускай мове выйшла аўтабіяграфія Станіслава Шушкевіча “Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР". Менавіта ў гэтай кніжцы прыводзяцца ўспаміны Юліі Бураўкінай — жонкі тагачаснага прадстаўніка Беларусі ў ААН Генадзя Бураўкіна, пра першы візіт беларускай дэлегацыі ў Злучаныя Штаты Амерыкі.
Вось як узгадвала пра гэта Юлія Бураўкіна (цытуецца з кнігі Станіслава Шушкевіча “Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР" на рускай мове):
“Самолет должен был прилететь в одиннадцать вечера. Мы заблаговременно приехали в аэропорт. Сидим, ждем. Одиннадцать — нет, два часа ночи — нет. Три… Наконец, в четыре сообщают, что самолет приземлился.
Мы — невыспавшиеся, голодные — стремимся хоть как-то выглядеть. Это же государственный уровень! Развернули плечи, поправили бабочки. Выходим встречать на летное поле. Выстроились все за Геннадием (Буравкиным — С.Ш.), как должно быть по протоколу. В груди бьется: Наши! Наши прилетели!»
И вот открывается дверь самолета. И что вы думаете? Иного слова я не могу подобрать, вываливаются наши. Они не брились двое суток, лица опухшие. А штаны какие! Неглаженные, обвисшие.
Позднее американцы удивлялись: "А что это у ваших ребят штаны на туфли нависают, что их три раза закатать можно? Ничего не скажу, Стас (Станіслаў Шушкевіч — аўт.) с женой были в абсолютно приличном виде. Но как посыпались депутаты, одним словом, ужас!
Американцам, а там был и Тэлбот (Строуб Тэлбат, у той час, — дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях краін СНД — аўт.), и еще несколько официальных лиц, от этого зрелища, сделалось, по видимому, не по себе. Тэлбот даже переспросил у Геннадия: “Это что, все политические деятели? А они себе высыпаются и лезут целоваться. Помню. Меня Герасименко так поцеловал, что я не знала, что потом будет с моими щеками. Ну и мы, конечно, бросились к ним. Это же свои!"
Сам Станіслаў Шушкевіч кажа, што гэты эпізод ён узяў з інтэрв’ю Юліі Бураўкінай, якое рабіў рэдактар газеты “Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч. А Аляксандр Старыкевіч паведаміў, што гэтае інтэрв’ю ён зрабіў з Юліяй недзе два гады таму.
Нават калі Лукашэнка два гады таму прачытаў інтэрв’ю Старыкевіча з Бураўкінай, наўрад ці ён узгадаў бы яго, як “кніжку", тым больш, “пераклад на рускую мову". Гэта кніжка Шушкевіча выйшла на рускай мове.
Зразумела, чаму Лукашэнка не згадаў ані пра Шушкевіча, ані пра Бураўкіна — абодва зараз знаходзяцца з Лукашэнкам не ў лепшых адносінах. Але здабыць кнігу Шушкевіча не вельмі лёгка: у Беларусі яе друкаваць адмовіліся, таму яе можна альбо набыць у Маскве, альбо заказаць поштай з той жа Масквы. Дарэчы, і наклад кніжкі не вельмі вялікі: усяго паўтары тысячы экзэмпляраў. То бок, Аляксандру Лукашэнку яе даставілі спецзаказам.
“Было такое, — кажа Шушкевіч. — Самалёт затрымаўся на дзевяць гадзін, і мы выглядалі тады сапраўды не лепшым чынам і мелі не зусім рэспектабельны выгляд. Але праз пару гадзін усе прывялі сябе у належны стан, і ўсё было выпраўлена".
Пры гэтым Станіслаў Станіслававіч неяк абыякава паставіўся да таго, што Лукашэнка, мабыць, пачытвае ў вольны час яго аўтабіяграфію. “Хай чытае. Можа, чамусьці ён і навучыцца, але гэта яму ўжо наўрад ці дапаможа. Перавыхоўвацца ў такім узросце з такімі манерамі і з такім характарам яму, здаецца, ужо позна", — мяркуе Шушкевіч.