Халіп пра выказванне Лукашэнкі: Гэта правакацыя!

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларуская журналістка Ірына Халіп спецыяльна не з’язджае з краіны, бо тут яна — “ахвяра рэжыму", а там — “нікому не патрэбная".



chalip.jpg

“Яна цудоўна разумее, што тут яна — пакутніца, — зазначыў А. Лукашэнка ў часе прэс-канферэнцыі для беларускіх СМІ 15 студзеня. — Там яна нікому не патрэбная. Як і яе цяперашні муж, які з’ехаў кудысьці ці то ў Англію, ці то яшчэ кудысьці. Хто пра яго гаворыць, акрамя вас?.. Гэтак жа будзе і з Ірынай. Ірына — няглупая жанчына і журналіст. Яна цудоўна разумее: сёння яна — “ахвяра рэжыму", а заўтра пра яе забудуць. Вось таму яна і не з’ехала. Таму яшчэ раз паўтараю: калі вы хочае яе кудысьці павезці, — заўтра ідзіце да генеральнага паркурора, у мяне ёсць адпаведныя паўнамоцтвы, яе заберыце і павязеце. Але яна не паедзе..."  

Прэс-служба ГА “БАЖ пацікавілася ў Ірыны, як яна ацаніла гэты рэзкі закід на яе адрас.

Сама журналістка не чула выказвання і папрасіла пераказаць яго сэнс, пасля чаго пракаментавала:

— А-а, вось яно як зараз... Я ўжо другі год, калі так можна выказацца, знаходжуся ў вельмі шчыльным кантакце з міліцыяй. Кожны панядзелак вымушана хадзіць і адзначацца ў Партызанскім РАУСе... Пасля таго інтэрв’ю Лукашэнкі Яўгену Лебедзеву, калі ён крычаў — давайце забірайце яе ў Маскву!­ — сюды ў Мінск нават прыязджаў мой галоўны рэдактар, Дзмітрый Муратаў з “Новой газеты". Таму што ён, наіўны чалавек, як і ўсе замежнікі, не разумеў, як гэта — “пацан сказал" і “пацан не сделал"? Муратаў хадзіў у маю крымінальна-выканаўчую інспекцыю, размаўляў з начальніцай, і тая яму паведаміла: “Паважаны Дзмітрый Андрэевіч, вы зразумейце, Ірына Уладзіміраўна знаходзіцца пад дзеяннем судовага прысуду, і, калі яна захоча з’ехаць, не маючы на гэта права, то зможа даехаць хіба што да Воршы. А потым яшчэ і сесці за спробу ўцёкаў..."

Таму выказванне Лукашэнкі я ўспрымаю толькі як правакацыю, накіраваную на тое, каб вымусіць мяне чагосьці там спалохацца і з’ехаць... 

Нагадаем:

19 снежня 2010 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, Ірыну Халіп затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасці і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня 2010 г. Ірыне было прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Падчас знаходжання Ірыны ў СІЗА КДБ яе сям’я зазнала выключны ціск. Улады спрабавалі забраць з сям’і ў дзіцячы дом трохгадовага сына журналісткі — Даніка Саннікава.

29 студзеня 2011 г. меру стрымання змянілі на падпіску аб нявыездзе з хатнім арыштам.

4 красавіка 2011 г. абвінавачанне было перакваліфікавана на арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

16 мая 2011 г. у судзе Завадскога раёна Мінска Ірыну асудзілі на 2 гады зняволення з 2-гадовай адтэрміноўкай.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"