Жанна Літвіна: Дзяржава не збіраецца аслабляць ідэалагічнага палону

Сваім меркаваннем старшыня ГА “БАЖ" і яе намеснік Аляксандр Старыкевіч падзяліліся з прэс-службай арганізацыі пасля заканчэння прэс-канферэнцыі кіраўніка дзяржавы 15 студзеня.



litvina1.jpg

"Калі б газеты раздзяржавіліся і існавалі без маёй падтрымкі, без адміністратыўнай альбо бюджэтнай падтрымкі, для мяне гэта было б лягчэй і прасцей, — заявіў А. Лукашэнка, адказваючы на пытанне карэспандэнткі Народнайволі" АленыМалочка. Журналстка пыталася, з якой мэтай ствараюцца медыяхолдынгі і ці не варта было б падумаць пра раздзяржаўленне СМІ. — Але думаю, у любой краіне ёсць дзяржаўная прэса — у розным аб'ёме, розным накладам. А ў нашай дзяржаве, маладой, нестабільнай, якая развіваецца, — я думаю, страху вялікага няма... Я як прэзідэнт вам кажу, што мы з сектару ідэалагічнага не сыдзем. Гэта вельмі важна для нас цяпер, і для таго, каб адыгрываць у гэтым сектары нейкую ролю, мы павінны мець дзяржаўныя СМІ... Што тычыцца медыяхолдынгу ­— Павел Ізотавіч (галоўны рэдактар “СБ. Беларусь сегодня" — заўв. рэд.), ты, калі ласка, сваю ідэю Алёне выкладзі падрабязна. Гэта ён вінаваты ў гэты медыяхолдынгу, ён мяне пераканаў у гэтым, я прымаў рашэнне..."

“Першая выснова, якую можна зрабіць з гэтых выказванняў, — што стаўленне да СМІ як часткі ідэалагічнай машыны не зменіцца", — лічыць Жанна Літвіна.

“У дэмакратычных дзяржавах такія паняцці, як дзяржаўныя СМІ, наогул адсутнічаюць. Там ёсць інфармацыйныя бюлетэні, якія выдаюць дзяржаўныя органы, але без усялякіх амбіцый кантраляваць грамадскую думку. І ёсць прынцыповы абавязак асобных службоўцаў і цэлых урадаў — інфармаваць людзей пра сваю дзейнасць. А яшчэ дэмакратычныя краіны ствараюць умовы для таго, каб месмедыя былі бізнэсам...

Складваецца ўражанне, што кіраўнік дзяржавы стварэнне холдынгаў разглядае як частку працэсу раздзяржаўлення. Але гэта зусім не так.

Уся медыясфера ў Беларусі сёння вымагае рэфармавання. І тыя крокі, якія робяцца па стварэнні холдынгаў, не азначаюць дэманапалізацыі масмедыя. Інфармацыя пра гэтыя працэсы — мінімальная, і рабіць высновы пра тое, што стварэнне медыяхолдынгаў здыме неабходнасць раздзяржаўлення і працягу сурё’зных фінансавых уліванняў у СМІ, зарана. Такое ўзбуйненне можа завершыцца яшчэ большай манапалізацыяй..."

“Пяць гадзін прэс-канферэнцыі, а па сутнасці нічога новага, — каментуе выказванні Аляксандра Лукашэнкі галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць" і сябра праўлення ГА “БАЖ Аляксандр Старыкевіч. — Можна адзначыць хіба што надта ласкавае стаўленне да журналістаў, асабліва з недзяржаўных выданняў.

Безумоўна, Лукашэнка не забыў адзначыць, што нібыта ведае пра тое, хто фінансуе незалежныя СМІ, хто за імі стаіць. Але да гэтага ўжо даўно варта было прызвычаіцца. Паводзіў жа сябе падчас прэс-канферэнцыі ў даволі дэмакратычных манерах, нават напрыканцы адзначыў выключную неабходнасць існавання незалежных медыя — хоць да раны прыкладай!

Але, на жаль, усё гэта — пустыя словы. Ніякіх істотных зменаў у сферы СМІ, відавочна, не прадбачыцца. А словы могуць быць сёння адны, а заўтра — зусім іншыя".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"