Мінулае і будучыня

У Варшаве на базе Інстытута грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі пры Універсітэце Лазарскага, які з’яўляецца адным з вядучых прыватных універсітэтаў у Польшчы, прайшла міжнародная канферэнцыя “Вяртанне ў Еўропу: мінулае і будучыня Беларусі.



2a3d6d6cc4b5e77238c1fc1bb6cdd681.JPG

У Варшаве на базе Інстытута грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі пры Універсітэце Лазарскага, які з’яўляецца адным з вядучых прыватных універсітэтаў у Польшчы, прайшла міжнародная канферэнцыя “Вяртанне ў Еўропу: мінулае і будучыня Беларусі.
Мультыдысцыплінарная трохдзённая канферэнцыя была прысвечана перакрыжаванням беларускай і еўрапейскай гісторыі, а таксама іх уплыву на сучасныя падзеі. Удзел у ёй узялі даследчыкі, практыкі ў галіне гістарычнай адукацыі, грамадскія актывісты і выдаўцы з Беларусі, краінаў Еўрапейскага саюза і Злучаных Штатаў Амерыкі. У тым ліку Juliusz Madej, прэзідэнт Універсітэта Лазарскага, Jerzy Stepien, дырэктар Інстытута грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі, куратар канферэнцыі Ірына Віданава.
На пленарных пасяджэннях пасля ўступнага слова Роджэра Патоцкага, дырэктара еўрапейскіх праграм, National Endowment for Democracy (ЗША), былі прадстаўлены асноўныя акадэмічныя канцэпцыі, сучасныя навучальныя метадалогіі, міжнародныя даследчыя і адукацыйныя праекты, а таксама апошнія публікацыі па тэме Беларусі і Еўропы. Прагучалі і былі абмеркаваныя шмат дакладаў як беларускіх, так і замежных даследчыкаў — Adam Kozuszowski (Польская акадэмія навук, Польшча), Леаніда Смілавіцкага (Цэнтр дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэсе, Ізраіль), David Marples (University of Alberta, Канада), Алега Латышонка (Беластоцкі ўніверсітэт, Польшча), Maria Paula Survilla (Southwestern College, ЗША), Алеся Краўцэвіча (Беларускай гістарычнае таварыства, Беларусь), Тамары Мацкевіч (Nastaunik.info).
Бралі ўдзел у працы форума і такія знаныя гісторыкі, выдаўцы і грамадскія дзеячы, як Stephan Malerius (Konran Adeneaur Stiftung, Літва), Алег Дзярновіч, Ірына Кашталян, Любоў Козік, Аляксей Літвін, Андрэй Масквін, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Аляксандр Пашкевіч, Сяргей Токць, Мікола Хаўстовіч, Ян Шумскі, Яраслаў Іванюк, Валер Булгакаў, Кузьма Козак, Алена Макоўская, Алесь Лагвінец і іншыя.
На пяці працоўных секцыях (“Еўрапейская гісторыя і грамадства: як яны звязаныя?, “Грамадзянскія кампаніі і мультымедыйныя платформы як інструменты па ўдасканаленні гістарычнай адукацыі ў Беларусі, “Адукацыйныя ўстановы і грамадзянскія ініцыятывы: магчымасці супрацоўніцтва і іншыя) былі разгледжаны важныя гістарычныя тэксты, якія варта перакласці і зрабіць даступнымі беларускай грамадскасці, адбыліся прэзентацыі міжнародных праектаў па навуковых стажыроўках, стыпендыях і выдавецкіх ініцыятывах, былі абмеркаваныя магчымасці развіцця далейшай супрацы паміж беларускімі і замежнымі гісторыкамі, а таксама выпрацаваныя практычныя рэкамендацыі.

Уладзімір Сіўчыкаў