Магілёў: на Аляксандра Буракова склалі пратакол і будуць судзіць

30 верасня незалежны журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў у чарговы раз наведаў Ленінскі РАУС горада Магілёва.



2014_09_30_burakou_ales.jpg

Алесь Буракоў. Фота з сайта spring96.org
Намеснік начальніка ААПП (аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі) Ленінскага РАУС маёр Уладзімір Пугачоў азнаёміў журналіста з падрыхтаваным загадзя пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні. Паводле датаванага 30 верасня дакумента, журналісту інкрымінуецца парушэнне часткі 2 арт. 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. У пратаколе названы канкрэтны прыклад такой “незаконнай прадукцыі” – размешчаны на сайце DW.de («Нямецкая хваля») 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова.

У якаці сведкаў у пратаколе ўказаныя прозвішчы супрацоўнікаў з таго ж Ленінскага РАУС горада Магілёва.

Па словах Аляксандра Буракова, ён пазначыў у пратаколе, што не згодны з яго зместам, а таксама што змешчаны на інтэрнэт-сайце “DW” матэрыял ніяк не можа быць прадукцыяй СМІ, тым больш, што сам інтэрнэт-сайт не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі паводле беларускага заканадаўства, і ён сам не з’яўляецца штатным супрацоўнікам згаданага рэсурса.

Маёр Пугачоў паведаміў журналісту, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні будзе перададзены ў суд, куды Аляксандра Бураковы павінны выклікаць на судовае разбіральніцтва да 10 кастрычніка.

Таксама супрацоўнікі міліцыі вярнулі Аляксандру Буракову два ноўтбукі, якія належаць яго жонцы і былі забраныя падчас “агляду” кватэры журналіста, а таксама адзін з сістэмных блокаў з кватэры яго бацькоў. Другі сістэмны блок з кватэры бацькоў журналіста па-ранейшаму застаецца ў супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, як і флэшкі.

Аляксандр Буракоў на простым лісце паперы напісаў маёру Пугачову распіску аб атрыманні тэхнікі. Адметна, што пры вынятку камп’ютараў супрацоўнікі міліцыі ніякага дакумента Аляксандру Буракову і яго бацькам не пакідалі.

Нагадаем, што раніцай 16 верасня ў прыватнай кватэры Аляксандра Буракова з санкцыі пракурора г. Магілёва супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі "агляд месца адміністрацыйнага правапарушэння". Падставай для яго правядзення стала з’яўленне ў ліпені-жніўні 2014 г. на інтэрнэт-сайце DW.DE ("Нямецкая хваля") трох матэрыялаў за подпісам Аляксандра Буракова. У выніку ператрусу, які фіксаваўся на відэакамеру, з кватэры забралі два ноўтбукі і дзве флэшкі. Пазней у той жа дзень на той жа падставе правялі ператрус у кватэры бацькоў журналіста, у часе якога забралі сістэмныя блокі двух камп'ютараў.

Аляксандр Буракоў 18 верасня накіраваў скаргі на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РАУС горада Магілёва міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігару Шуневічу і начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандру Кавальчуку. Таксама ім была накіраваная скарга на дзеянні пасадавых асобаў Ленінскага РАУС горада Магілёва і невядомых намеснікаў пракурора горада Магілёва на імя пракурора Магілёўскай вобласці.

Журналіст лічыць, што праведзеныя 16 верасня агляды і вынятак камп’ютарнай тэхнікі ў кватэрах яго і яго бацькоў былі здзейсненыя незаконна, і ўсе доказы, атрыманыя пры правядзенні гэтых працэсуальных дзеянняў, не маюць юрыдычнай сілы.

Сёлета, па падліках ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, заводзілася ўжо дзевяцьадміністрацыйных спраў у дачыненні да журналістаў за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. У гэтым пераліку – справы Алеся Дзянісава (штраф), Алеся Залеўскага(штраф), Аляксандра Буракова (дзве справы: адна – за сюжэт на “Белсаце”, магчыма, прыпыненая, другая – за матэрыялы на сайце DW.de), Міхаіла Аршынскага (за сюжэт на “Белсаце”, магчыма, прыпыненая), Віталя Сямашкі (закрытая), Марыны Маўчанавай(штраф) і Андрэя Мялешкі (дзве справы: па адной – штраф, другая будзе разглядацца ў судзе 2 кастрычніка).

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"