Малдаванін, які паважае нашу мову або “Вянок сяброўства”

Многія з тых, хто прыехаў з іншых краін у Беларусь, жывучы тут працяглы час, так і не засвоілі нашых звычаяў, цураюцца беларускай мовы. Але ёсць сярод іх і прыемныя выключэнні. Неяк я паабяцаў цудоўнаму чалавеку, зараз нябожчыку, былому галоўнаму рэдактару газеты “Новы час” Аляксею Каралю напісаць пра свайго знаёмага, малдаваніна Васіля Семянюка, які за непрацяглы час жыцця на нашай зямлі зрабіўся амаль малдаўскім беларусам, або беларускім малдаванінам. Хаця са спазненнем, але я выконваю абяцанне, дадзенае Аляксею Сцяпанавічу. Свой артыкул я прысвячаю яго светлай памяці .



Сёлета, у верасні месяцы, вось ужо пяты год запар падвор’е Васіля Міхайлавіча Семянюка, што знаходзіцца ў вёсцы Баравікі Дзяржынскага раёна, расквечваецца ў нацыянальныя малдаўскія і беларускія колеры, гучаць песні абедзвюх краін, госці  у нацыянальных малдаўскіх і беларускіх строях таньчаць беларускія полькі  і палымяную малдаваняску. Гучаць напеўныя беларуская і малдаўская мовы, на святочных сталах беларускія дранікі і малдаўская мамалыга…

Так у звычайнай беларускай вёсцы, дзякуючы намаганням дружнай беларуска-малдаўскай сям’і Семянюкоў — Васіля Міхайлавіча і Ніны Сцяпанаўны ,праходзіць свята беларуска-малдаўскай дружбы, якое атрымала цудоўную назву — “Вянок сяброўства”. Прысвячаецца свята і Дню незалежнасці Малдовы, і малдаўскай мове, і маладому віну — усяму таму, што блізка сэрцу кожнага малдаваніна.

Сваім удзелам свята заўсёды падтрымліваюць пасольства Рэспублікі Малдовы ў Беларусі на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Георге Хіаарэ, а таксама прадстаўнікі грамадскага аб’яднання малдаван у Рэспубліцы Беларусь на чале са старшынёй Антанінай Валько. Для ўсіх іх — Дзмітрыя Ліку, Георгія Пушкаша, Мікалая Фёдарава, Ганны Казлоўскай і іншых — Беларусь стала другой радзімай.

А нарадзіўся Васіль Семянюк у Заходняй Сібіры, куды сям’я Міхала Орака, яго бацькі, была выслана з роднай Малдовы  як сям’ ворага народа. Бацькі Васіля далі яму прозвішча маці, іначай прозвішча “ворага народа” магло б адмоўна адбіцца на яго жыццёвым шляху. Адслужыў Васіль тэрміновую воінскую службу, скончыў у Малдове тэхнікум сувязі, а ў Львове — сельскагаспадарчы інстытут. У гэтым жа горадзе ён сустрэў і сваё каханне — беларуску Ніну Сцяпанаўну Сойку, з якой у хуткім часе пабраўся шлюбам.

Пасяліліся маладыя на радзіме Васіля. Але калі ў іх пайшлі адзін за другім сыны — Дзяніс, Міша і Саша, жыць у дзедавай хаце стала не вельмі ўтульна, і яны перасяліліся ў вёску Баравікі, дзе жыла сястра Ніны — Таня. Кіраўніцтва былога калгаса “Праўда” стварыла ўсе ўмовы, каб маладая сям’я прыжылася на беларускай зямлі.

Сваю сядзібу Васіль Семянюк разам з сынамі адбудаваў у малдаўскім стылі, з вінаграднікам і пладовымі высокаўраджайнымі дрэвамі. Працуючы тэлеграфістам, Васіль Семянюк забяспечваў бесперабойную сувязь у 21 вёсцы, куды дабіраўся амаль заўсёды пехам. У час пераходаў ад адной вёскі да другой ён уважліва прыглядаўся пад ногі, і збіраў цікавыя камяні, з якіх на сваім падворку стварыў цэлую калекцыю.

Васіль Семянюк — перакананы аптыміст, і лозунг “Жыць , як набяжыць” не для яго неўтаймаванай натуры. Разам са сваёй жонкай Нінай Сцяпанаўнай Васіль паспяхова выступае ў складзе народнага калектыву — ансамбля “Баравічанка”. У рэпертуары ансамбля ёсць і  некалькі песень на беларускай мове, аўтарам слоў і музыкі якіх з’яўляецца Васіль.

Амаль на кожнае вясновае малдаўскае свята “Мэрцішор” яго і жонку Ніну запрашаюць прыняць удзел. У складзе ансамбля “Баравічанка” Семянюкі выступалі на сцэнічных пляцоўках Гродна, Маладзечна, Дзяржынска… 

Апошнім часам байкі і гумарэскі  на беларускай мове малдаваніна Васіля  Семянюка пачалі з’яўляцца на старонках часопіса “Вожык”. Друкуе яго творы і раённая газета “Узвышша”, а ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Выток” пры Дзяржынскай Цэнтральнай раённай бібліятэкі прынялі Васіля ў свае шэрагі. Неяк у гутарцы ён мне прызнаўся, што яму лягчэй пісаць на беларускай, чым на рускай мове, бо “надта ж сакавітая беларуская мова”.

Вылучыўся Васіль Семянюк і як мастак — партрэыст. На яго рахунку партрэты выдатных людзей Беларусі і Малдовы: Еўфрасінні Полацкай, Міколы Гусоўскага, Вялікага князя Вітаўта, Тадэвуша Касцюшкі, Вялікага князя Малдовы Штэфана чэл Марэ, Марыі Біешу, Міхая Эмінэску.

Ведаюць Васіля на Дзяржыншчыне і як краязнаўца. Наведваючы вёскі, ён распытвае старажылаў пра ваенныя падзеі, гераічныя ўчынкі вайскоўцаў, а іх успаміны запісвае: некаторыя з успамінаў друкаваліся ў раённай газеце “Узвышша”.

Тонкая, рамантычная душа Васіля Семянюка таму пацягнулася да творчасці, да песень і вершаў, што яму тут добра. Дарэчы, і вінаград на яго сядзібе выспявае такі смачны і салодкі, як у Малдове.

Не так даўно на гасціннай сядзібе Семянюкоў адбылося чарговае свята “Вянок сяброўства”. На гэты раз сярод пачэсных гасцей свята, акрамя пасла Малдовы спадара Георге Хіаарэ на свяце прысутнічаў пасол Рэспублікі Румынія ў Рэспубліцы Беларусі спадар Сорын Малдаван.

Паэты Дзяржыншчыны, удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Выток” Рэгіна Рэўтовіч, Людміла Круглік, Антон Анісовіч прачыталі прысутным свае беларускамоўныя вершы, а пасол Румыніі па-майстэрску выканаў на акардэоне вальс “Дунайскія хвалі”.

Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”, вядомы беларускі мастак — карыкатурыст Алесь Кашкурэвіч прыехаў на свята разам з жонкай Ганнай,  і раздаў прысутным шмат экзэмпляраў часопіса “Вожык”. Дарэчы, усе  вышэйназваныя дзяржынскія паэты, як і Васіль Семянюк, з’яўляюцца актыўнымі “вожыкаўцамі”, часопіс з ахвотай друкуе іхнія байкі і гумарэскі.  

На свяце прыгадалі карані даўняй дружбы беларускага і малдаўскага народаў. Яшчэ ў 1374 годзе сын наваградскага князя Карыята Юрый быў запрошаны на пасад гаспадара Малдовы, а ў 1399 годзе ў бітве войскаў ВКЛ на чале з Вітаўтам супраць татараў Залатой Арды на баку нашых продкаў ваявалі малдаване.  У 1410 годзе, на Грунвальдскай бітве нашы продкі былі побач: на баку саюзных войскаў пад кіраўніцтвам Вялікага князя Вітаўта і караля Польшчы Ягайлы ваявалі і малдаўскія сечкары — у атрадах нацыянальнага героя Чэхіі Яна Жыжкі.

Можна прыгадаць і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, калі нашым народам давялося ваяваць поплеч. Бацька пасла Малдовы,  Мікалай Георгіевіч Хіаарэ, ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і сваё першае баявое хрышчэнне атрымаў, вызваляючы Бабруйск. Пазней ён прайшоў да Берліна, а яго гераізм і мужнасць былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі.

Наш зямляк, ураджэнец Клімавіцкага раёна Дзмітрый Жмуроўскі за гераізм, праяўлены пры вызваленні Малдовы, быў узнагароджаны ганаровым званнем Героя Савецкага Саюза. Некалі мне, студэнту Белдзяржуніверсітэта, даводзілася слухаць лекцыі па гісторыі прафесара Дзмітрыя Жмуроўскага і здаваць яму экзамены. Вось так, быццам дзве вінаградныя лазы, перапляліся лёсы беларускага і малдаўскага народаў.

Вершы, песні чаргаваліся з іскрамётнымі беларускімі і малдаўскімі танцамі. Акампаніяваў на баяне сапраўдны віртуоз паэт Антось Анісовіч, які з’яўляецца таксама ўдзельнікам ансамбля народнай песні “Гуляначка”. Прыгожыя малдаўскія і беларускія строі на ўдзельніках свята стваралі непаўторны каларыт , як колеры ў вясёлцы. І якія б не былі ў будучым адносіны паміж беларускім і малдаўскім урадамі, нам, жыхарам абедзвюх краін, трэба увесь час падтрымліваць сяброўскія адносіны.