Маміны гісторыі. Калі перастане балець?

Чамусьці ніхто не кажа, што быць мамай — балюча. Дакладней, пра родавыя пакуты ведаюць усе. Але — вось дык сюрпрыз! — з нараджэннем дзіцяці боль не заканчваецца.

43745657_2268032893446104_5024099940809310208_n_logo.jpg

Калі пасля родаў я зразумела, што ад болю не магу не тое што паварушыцца, а нават вымавіць слова (атрымлівалася толькі стагнаць), падумала, што нешта пайшло не так. Бо я ж бачыла жанчын пасля родаў: яны спакойна балбаталі з блізкімі па тэлефоне і, праляжаўшы неабходныя гадзіны, уставалі і ішлі да сваіх немаўлят. Мне ж было балюча нават ляжаць, пра тое, каб неяк павярнуцца, не было і гаворкі. Гэта пры тым, што боль падчас схопак і родаў я трывала досыць добра і абязбольвання не прасіла.

Я зразумела, што праз дзве гадзіны мужа адправяць дахаты (у нас былі партнёрскія роды), а мяне перавядуць у палату, дзе я буду адна сярод гэткіх жа аслабленых жанчын. Я не ў стане падняцца — як я буду клапаціцца пра дзіця? Таму давялося незапланавана выдаткаваць значную частку сямейнага бюджэту на платную палату, дзе муж мог знаходзіцца са мной кругласутачна. І, нягледзячы на атамны кошт (яно рэальна таго не каштуе, хоць сама палата досыць утульная), гэта было слушнае рашэнне. Ён вадзіў мяне ў прыбіральню, хадзіў да сына, клікаў дактароў.

Медыкі глядзелі мяне, мацалі жывот і цвердзілі, што ўсё ў парадку, і мне не павінна нічога балець. Гэта напружвала яшчэ больш: калі не павінна, то чаму баліць? Што адбываецца? Яшчэ і спагадлівая сяброўка расказала, як ёй пасля родаў пры накладванні швоў выпадкова прышлі частку кішэчніка… Я была ўпэўнена, што і мне зашылі нешта не тое.

Калі чарговы раз сярод ночы я не магла трываць боль, муж паклікаў акушэрку, якая, не маючы магчымасці нічога зрабіць, проста села побач са мной і сядзела. Мабыць, яна думала, што ад гэтага мне мусіць стаць лягчэй. На шчасце, на наступны дзень мне выпісалі абязбольванне, і на ім я неяк трымалася, нават магла целяпацца ўздоўж сценкі па бальнічных калідорах. І з жахам думала пра тое, як я буду жыць, калі мяне выпішуць і перастануць калоць ратавальныя ўколы.

На дзіва, дома боль зменшыўся. Праўда, хадзіла я ўсё яшчэ, трымаючыся за сцяну і кульгаючы, не магла сядзець (месяц не дазвалялі, бо зажывалі швы, а потым яшчэ два месяцы проста было балюча) і думала, што так застанецца назаўжды.

Падступнасць сітуацыі заключалася ў тым, што да болю "ўнізе" далучыўся боль "зверху". Прыйшло малако. Вельмі шмат малака. Паўсюль, дзе я праходзіла, за мной цягнуліся малочныя сляды. Малако цякло і фантанавала само па сабе, а там, дзе калісьці былі ніякаватыя грудзі, з'явіліся два булыжнікі. Было адчуванне, што яны вось-вось разарвуцца. Да таго ж выявілася вельмі моцная адчувальнасць, грудзі проста гарэлі агнём, з'явіліся трэшчыны, пацякла кроў… 

Хоць я вывучыла тэорыю гадавання грудзьмі і імкнулася, каб прыкладванне было правільным, наладзіць кармленне ўдалося толькі пасля трох месяцаў. Умаль увесь гэты час шторазу думала пра наступнае кармленне з жахам. Дзіўна, што толькі аднойчы ў мяне падвысілася тэмпература і ўтварылася нешта накшталт застою малака — але сын хутка вырашыў гэтую праблему.

Асабліва цяжка было ўначы, калі тры-чатыры разы даводзілася ўставаць і карміць дзіця. Часам ад гэтага ўсяго прабівала на слёзы: што ж такое, гадаванне грудзьмі — натуральны працэс, чаму я не спраўляюся? Не магу нармальна пакарміць дзіця! Я — кепская маці, у мяне не атрымліваецца…

Ратавала хіба думка аб тым, што дзесьці ў гэты ж самы час амаль тое ж самае перажываюць іншыя маладыя мамы. Я не адна. І гэта абавязкова пройдзе.

Як ні дзіўна, яно сапраўды прайшло. Месяцы праз чатыры пасля родаў я амаль адчула сябе чалавекам. І боль забыўся!

Затое назаўжды засталося ў памяці адчуванне бясконцага шчасця, калі глядзіш на сваю такую салодкую малечу, плачаш ад замілавання і разумееш, што дзеля яе гатовая вытрымаць яшчэ і не такое.