Марголін: «Замяніць тайваньскія чыпы не атрымаецца»

Ці складуць канкурэнцыю сусветным брэндам мікрасхемы з Беларусі? Эксперт вырашае задачку з зорачкай.

Фота Белгазета

Фота Белгазета

На нарадзе аб стане і развіцці мікраэлектронікі Лукашэнка згадаў, што «да распаду СССР мікраэлектроніка, зробленая на тэрыторыі Беларусі, была супастаўная паводле функцыяналу і надзейнасці з таварамі кампаній, якія цяпер дамінуюць на сусветным рынку».

Паводле яго слоў, краіна «і сёння не страціла перадавых пазіцый у свеце па шэрагу напрамкаў высокатэхналагічнай вытворчасці, а ўжо ў цесным супрацоўніцтве і пры фінансаванні Расіі беларускія распрацоўкі здольныя ацверазіць нейкіх агрэсараў, прынесці прыбытак і г.д.».

Задаліся пытаннем, якім краінам Беларусь можа скласці канкурэнцыю?

— У часы СССР, сапраўды, у Беларусі выраблялася нямала: у нас быў і «Інтэграл», і завод вылічальнай тэхнікі, і «Гарызонт», і «Віцязь», — кажа «Салідарнасці» эканаміст, сябра палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін. — Але калі практычна ўсе яны здалі свае пазіцыі, або цалкам закрыліся, — значыць, у любым выпадку, яны не вытрымалі канкурэнцыі з заходнімі або з усходнімі прадпрыемствамі.

Другое пытанне, якую менавіта канкурэнцыю беларускія прадпрыемствы не вытрымалі — па якасці або па цане.

Думаю, і тое, і другое. Сапраўды, на тым узроўні, на якім была мікраэлектроніка ў 1980-х — пачатку 90-х гадоў — у нас рабіліся мікрасхемы, паўправаднікі. Але потым адбыўся карэнны пераварот: у свеце ўсё гэта стала змяншацца ў памерах, а ў нас з гэтым былі праблемы. Хадзіў нават такі анекдот, што савецкія мікрасхемы — самыя вялікія мікрасхемы ў свеце. А патрэбныя былі самыя маленькія.

Таму, на мой погляд, у сукупнасці цэнавай і якаснай канкурэнцыі беларускія тавары саступілі.

Ці магчымы цяпер новы імпульс для развіцця галіны?

— Такі імпульс можа быць. Больш таго, я б нават сказаў, што будуць і вынікі нейкія, — мяркуе Леў Марголін. — Таму што ва ўмовах, калі Расія закрытая ад экспарту такіх неабходных ёй тавараў, мікрасхем і паўправаднікоў — а яны патрэбныя неверагодна (ад вытворчасці ўзбраенняў да пральных машын і халадзільнікаў) — Беларусь зможа ў нейкай ступені задаволіць гэтую патрэбнасць.

Беларускія мікрасхемы і паўправаднікі, адзначае эксперт, могуць быць крыху большыя па памеры і горшыя па якасці, даражэй за звыклыя — аднак цяпер перабіраць не даводзіцца. Не да пацераў, калі хата гарыць.

Але цалкам закрыць нішу беларускія прадпрыемствы ўсё роўна не змогуць. Успомнім, напрыклад, што «сусветнай майстэрні чыпаў» з'яўляецца не Захад, і нават ні Кітай, а толькі Тайвань — а гэтая краіна спыніла экспарт высокатэхналагічных мікрасхем і працэсараў і ў Расію, і ў Беларусь.

— Замяніць тайваньскія чыпы не атрымаецца. Але нейкае імпартазамяшчэнне цалкам можа быць, калі для тэлевізара, халадзільніка ці нават для танка не прынцыпова важны памер мікрасхемы, абы тая выконвала сваю функцыю.

А што тычыцца зброі, асабліва высокадакладнай, або здабычы нафты і газу — вось тут ужо, напэўна, ні сама Расія, ні з дапамогай Беларусі не зможа замясціць прадукцыю замежных прадпрыемстваў.

І нават калі ўявіць сабе, што краіны БРІКС (Бразілія, РФ, Індыя, КНР, ПАР), на які цяпер часцяком спасылаецца Расія, раптам вырашылі б абвясціць байкот імперыялізму, прызначылі Беларусь вытворцам гэтых чыпаў і сабралі неабходныя сродкі, хай нават некалькі мільярдаў... усё роўна гэта запатрабавала б значнага часу, каб нешта талковае вырабіць.

Паводле «Салідарнасці»