Масты. Брэст

Масты. УВАГА! ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ!

Усе цыганы — злодзеі. Так лічаць супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку Мастоўскага РАУС Гродзенскай вобласці, якія груба парушаюць Канстытуцыю РБ, што забараняе пераслед людзей па нацыянальнай прыкмеце.

Масты. УВАГА! ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ!
Усе цыганы — злодзеі. Так лічаць супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку Мастоўскага РАУС Гродзенскай вобласці, якія груба парушаюць Канстытуцыю РБ, што забараняе пераслед людзей па нацыянальнай прыкмеце.
Імі надрукавана і вывешана ў людных месцах горада і раёна ўлётка пад назваю «Увага, ЦЫГАНЕ…» У ёй сцвярджаецца, што на тэрыторыі Беларусі павялічылася колькасць крадзяжоў і фактаў махлярства, якія здзяйсняюць асобы цыганскай нацыянальнасці. І таму «пры з’яўленні асобаў дадзенай нацыянальнасці ў нашым раёне неадкладна тэлефануйце 102 ці свайму ўчастковаму». Тэлефанаваць грамадзян міліцыя заахвочвае тым, што званкі як з хатняга, так і мабільнага тэлефонаў бясплатныя. Па кожнаму тэлефанаванню будуць прымацца неадкладныя меры.
Гэту ўлётку былы намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі аховы грамадскага парадку С. пракаментаваў так: «Са свайго службовага вопыту магу сказаць, што цыгане падобных злачынстваў здзяйсняюць агулам штогод ад 3 да 10 працэнтаў. Астатняе за намі, беларусамі».
Язэп Палубятка
Брэст. 100 забароненых кніг
31 сакавіка ў Брэсцкай абласной бібліятэцы адкрылася выстава «100 забароненых кніг». «Такая выстава праводзіцца ў бібліятэцы ўпершыню, гэта свайго роду гісторыя савецкай і замежнай цэнзуры, пачынаючы з 1917 года па 2000-ы», — зазначыла намеснік дырэктара па навуцы бібліятэкі Ала Мяснянкіна.
Яна нагадала, што забарона ўводзілася або на ўсе творы пісьменніка, які прызнаваўся «ворагам народа», або на канкрэтную кнігу, калі ў ёй згадваліся «ворагі народа», а таксама ўтрымліваліся спасылкі на іх выступленні. Былі і іншыя прычыны, паводле якіх кнігі станавіліся недаступнымі для шырокага чытача.
Мяснянкіна зазначыла, што падобныя меры ў розны час прымяняліся ў асобных рэгіёнах ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Аргенціны, Іспаніі, Турцыі і іншых краінах.
Цяперашняя экспазіцыя складаецца са 100 кніг рускіх, савецкіх і замежных аўтараў, чые творы былі забароненыя і падлягалі канфіскацыі з фондаў бібліятэк. У іх ліку «Д’яблы» Фёдара Дастаеўскага, «Чапаеў» Дзмітрыя Фурманава, «Залатая ліпа» Іллі Дубінскага, «У запас» Андрэя Платонава, «Лаліта» Уладзіміра Набокава, «Знесеныя ветрам» Маргарэт Мітчэл, «Па кім звоніць звон» Эрнэста Хемінгуэя, «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» Джона Рыда.
Удзельнікі прэзентацыі маглі даведацца пра прычыны і тэрміны забароны на кожную з прадстаўленых кніг.
БелаПАН