Менавіта так чалавек ператвараецца ў раба, а адукацыя — у канцлагер
«Наша з вамі сіла — гэта ўласны гонар, галоснасць і аб’яднанне. Нельга маўчаць і трываць. Вашага асабістага гонару, агалоскі і аб’яднання баіцца любы аўтар ідыёцкіх распараджэнняў. Сёння гэта так лёгка! СМІ, грамадскія рухі, праваабарончыя арганізацыі — яны ўсе на нашым баку», — піша Ганна Севярынец у сваім блогу на «Свабодзе».
Самай пачварнай з усіх вераснёўскіх адукацыйных навінаў была для мяне не навіна пра перагляд тэставання, не навіна пра забарону цішотак з капюшонамі, не навіна пра блытаніну ў новых праграмах, а навіна пра тое, што ў шэрагу школаў Беларусі настаўнікі перадрукоўваюць каляндарна-тэматычнае планаванне з друкаваных кніжак.
Сцісла
КТП, расклад праграмных тэмаў па датах — адзін з асноўных унутраных дакумэнтаў настаўніка.
Самае страшнае, што раней рабілася з КТП — метадычныя спрэчкі, чым пісаць даты каля тэмаў заняткаў: ручкай ці алоўкам. Гэта з’яўляецца прадметам увагі розных праверак.
Настаўнікаў прымушаюць перадрукоўваць набытае КТП, каб даты былі не напісаны ручкай, не пазначаны алоўкам, а надрукаваныя. Гэта тытанічны аб’ём тупой працы.
Не магу ўявіць сабе, што павінна было б здарыцца, каб я села перадрукоўваць надрукаваную кніжку. Калі б нават сказалі: альбо расстрэл, альбо перадрукоўвай — я б сказала: ды пайшлі вы! Страляйце!
Горш за любое міністэрства, за любую праверку — гэтая наша з вамі пазіцыя трывання і маўчання. Менавіта так чалавек пераўтвараецца ў раба, а адукацыя — у канцлагер.
«Разумеюць ідыятызм сітуацыі — і перадрукоўваюць»
Гэтае планаванне, скарочана КТП, то бок расклад праграмных тэмаў па датах — адзін з асноўных унутраных дакументаў настаўніка. У ідэале мы не маем права адхіляцца ад КТП, калі яно ўзгоднена адміністрацыяй школы. Гадоў дваццаць таму КТП яшчэ пісалася ад рукі і раскладвалася кожным настаўнікам па сваім разуменні, з апорай, канешне ж, на агульную праграму.
Сёння па кожным прадмеце друкуюцца спецыяльныя кніжкі, і гэта вельмі зручна: паставіў даты згодна з раскладам, як трэба, памяняў тое-сёе ў дазволеных межах, узгадніў у дырэктара — і спі спакойна. Бюракратыя, канешне, абмежаванне творчай свабоды, канешне, але такое, з чалавечым тварам.
Самае страшнае, што раней рабілася з КТП, — гэта вераснёўскія метадычныя спрэчкі, чым пісаць даты каля тэмаў заняткаў: ручкай ці алоўкам. На поўным сур’ёзе гэтае пытанне кожны год абмяркоўваецца на метадычных аб’яднаннях і з’яўляецца прадметам увагі розных праверак. Ладна. Гэта так кранальна, што нават смешна.
Але ў гэтым годзе настаўнікі розных школаў пачалі асцярожна скардзіцца ў сацыяльных сетках: іх прымушаюць перадрукоўваць набытае КТП, перадрукоўваць рукамі, каб гэтыя клятыя даты былі не напісаны ручкай, не пазначаны алоўкам, а надрукаваныя. Гэта тытанічны аб’ём тупой працы: перадрукаваць тэмы, даты, рэкамендаваныя віды працы, дамашнія заданні... Гэта не дзень, не два, асабліва калі ў настаўніка розныя класы, а значыць, і розныя КТП.
Ніводнага нарматыўнага дакумента, які рэгламентаваў бы перадрукоўку КТП, не існуе. Але настаўнікі сядзяць — і перадрукоўваюць. Разумеюць ідыятызм сітуацыі — і перадрукоўваюць. Плачуць крывавымі слязьмі, не спяць уночы, скрыпяць зубамі, клянуць усё і ўсіх — і перадрукоўваюць.
Я не магу ўявіць сабе, што павінна было б здарыцца, каб я села перадрукоўваць надрукаваную кніжку. Напэўна, калі б нават мне сказалі б: альбо расстрэл, альбо перадрукоўвай — я б сказала: ды пайшлі вы! Страляйце! І стала б, прыгожая, смелая, з нахабнай усмешкай, смеючыся ў твар расстрэльнай камандзе. Я вам чалавек, а не быдла. Я не буду выконваць вашых дурных капрызаў. (Праўда ў тым, калегі, што за неперадрукаванае КТП не расстрэльваюць).
Што могуць зрабіць з чалавекам, які не перадрукуе КТП? Ну, думаю, могуць дэпрэміраваць. Рублёў на пяцьдзясят. Ну, на семдзесят. Могуць яшчэ назло скласці нязручны расклад. Могуць па дробязі ўвесь год шчыпаць і грызці. Звольніць — наўрад ці. Асабліва калі ўвесь калектыў стане, прыгожы, смелы, з нахабнай усмешкай, і скажа: мы не будзем перадрукоўваць КТП.
І падпісвацца на «Юный спасатель» прымусова не будзем. Па жаданні — будзем, а без яго — не. І хадзіць па кватэрах перапісваць дзяцей школьнага ўзросту — не будзем. Толькі за дадатковы кошт, і ён будзе большым, чым пяцьдзясят рублёў, і не ўдвая. І ўдзельнічаць у выбарных камісіях — не будзем. Ну проста — не будзем, і ўсё. Няма такога закону, каб прымусіць.
«Наша з вамі сіла — гэта ўласны гонар, галоснасць і аб’яднанне»
Я так скажу. Горш за любое міністэрства, горш за любую праверку — вось гэтая наша з вамі пазіцыя трывання і маўчання. Менавіта так чалавек пераўтвараецца ў раба, а адукацыя — у канцлагер. Ага. Не тады, калі кагосьці закоўваюць у кайданы ці саджаюць на галеры. А тады, калі чалавека з года ў год прымушаюць рабіць відавочна ідыёцкія рэчы і прыглядаюцца: зробіць ці не? Зробіць, зробіць. За дзесяць рублёў прэміі, за пяць рублёў прыбаўкі. У свой выходны паедуць на хакейны матч. Пасля ўрокаў пойдуць стаяць у жывым ачапленні на парадзе. Гэта ці на дваццаць прэміяльных рублёў цягне.
Здаецца, два гады таму ў нарматыўным дакуменце Мінадукацыі «саскочыла» фарматаванне, і там, дзе даецца ўзор подпісу сшыткаў, слова «Сшытак» было напісана не пасярэдзіне, а злева. Што вы думаеце? Гэта была рэвалюцыя цэлая! Цэлымі ўрокамі перавучвалі дзяцей пісаць слова «Сшытак» там, дзе трэба. Колькі паперы сапсавалі! А Мінадукацыі паціснула плячыма: госпадзе, людзі, ну гэта проста паляцеў кампутарны набор. Вы там захварэлі, ці што?
Мы ўсё кажам: няма павагі да настаўніка. Бацькі не паважаюць, вучні не паважаюць. Пхе. Ніхто з іх, ані бацькі, ані вучні, не прымушаюць нас перадрукоўваць КТП. Дый ніхто, сказаць па праўдзе, не прымушае. Самі перадрукоўваем. Добра яшчэ, калі за пяцьдзясят рублёў прэміі.
А то ж большасць — бясплатна.
Калегі, я ведаю адно. Наша з вамі сіла — гэта ўласны гонар, галоснасць і аб’яднанне. Нельга маўчаць і трываць. Вашага асабістага гонару, агалоскі і аб’яднання баіцца любы аўтар ідыёцкіх распараджэнняў. Сёння гэта так лёгка! СМІ, грамадскія рухі, праваабарончыя арганізацыі — яны ўсе на нашым баку. Ну давайце ўжо не будзем ганьбіцца. Ну давайце ўжо хаця б не перадрукоўваць КТП, а?
А потым мы навучымся не патрабаваць ад сваіх дзяцей дурных дрэс-кодаў і выключна натуральных валасоў. А потым мы асмялеем і не выпішам «Настаўніцкую газету» і «СБ». А потым — ажно вушы закладае ад страху! — мы перастанем удзельнічаць у прыпісках і падтасоўках усяго, чаго толькі можна. Яны стомяцца нас дэпрэміраваць, разумееце?