Конкурс эсэ ад Лятучага ўніверсітэту
Лятучы ўніверсітэт абвяшчае конкурс эсэ «Пад уплывам тэхналогій:
контуры новага грамадства», накіраваных на асэнсаванне новых сацыяльных
і культурных з’яваў, што праяўляюцца пад уплывам тэхналагічных
інавацый.
“Пакаленне Z”, “крэатыўны клас”, “трансгуманізм” – словы-маркеры, праз якія праяўляецца імкненне зразумець новую сацыяльную і культурную рэальнасць, што паўстае пад уплывам інавацый і развіцця тэхналогій. Ці заўважалі вы, як змяняецца беларускае грамадства? Думалі аб тым, што адбываецца са стасункамі паміж групамі, этычнымі і культурнымі нормамі, як перафарматуюцца гіерархіі, сацыяльныя інстытуты і структуры? Як змяняюцца бізнэсовыя практыкі і індывідуальныя звычкі, лад жыцця і паўсядзённасць? Калі гэтыя пытанні непакояць ваш розум і штурхаюць да даследавання і аналізу, запрашаем падзяліцца сваімі развагамі і вынікамі ў межах конкурса эсэ “Пад уплывам тэхналогій: контуры новага грамадства”.
Мэта конкурса – зрабіць заўважнымі і прадставіць для шырокага асэнсавання новыя сацыяльныя і культурныя з’явы, што праяўляюцца ў жыцці беларускага грамадства пад уплывам тэхналагічных інавацый.
Тэматычныя рамкі конкурса:
- “Новыя класы” – групы, супольнасці, слаі, што ўзнікаюць у беларускім грамадстве і пачынаюць уплываць на сацыяльную структуру і стасункі;
- “Новая этыка” – пераасэнсаванне і ўсталяванне новых грамадскіх, культурных і этычных нормаў, якое адбываецца пад уплывам інавацыяў;
- “Новая няроўнасць” ці праблемы правоў, дасяжнасці і інклюзіі, што паўстаюць з развіццём тэхналогій;
- “Новы лад жыцця” і змены ў паўсядзённасці.
Да ўдзелу запрашаюцца даследчыкі, журналісты, аналітыкі, грамадскія і культурніцкія актывісты, якія цікавяцца наступствамі тэхналагічных зменаў для беларускага грамадства.
Па выніках конкурса аўтары 3-х найлепшых прац атрымаюць магчымасць стаць спікерамі Форума “Месца сустрэчы: будучыня” (лістапад 2019 года). Усе працы, адабраныя журы, будуць апублікаваныя на старонках “Беларусского журнала”, “Thinktanks.by” і сайта Лятучага ўніверсітэта.
Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, якія раней не публікаваліся, прысвечаныя аналізу, рэфлексіі, канцэптуалізацыі зменаў у беларускім грамадстве, звязаных з тэхналагічным развіццём. Тэксты павінны быць напісаны на рускай альбо беларускай мовах, памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.
Склад журы:
Уладзімір Мацкевіч, метадолаг, філосаф, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта;
Таццяна Шчытцова, філосаф, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта;
Іван Сухій, медыя-эксперт, футуролаг, сузаснавальнік і першы галоўны рэдактар E-xecutive.ru;
Таццяна Вадалажская, сацыёлаг, метадолаг, праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта;
Яся Каралевіч-Карцель, рэдактарка гарадскога сайту Citydog.by.
Асноўнымі крытэрамі ацэнкі дасланых эсэ будуць: даследчы падыход, смеласць і крытычнасць думкі, абгрунтаванасць выказванняў і зварот да беларускай рэальнасці.
Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас: flyuniby@gmail.com да 15 кастрычніка 2019 года.
Паводле adukacyja.info