Адкрыты прыём заяваў на «Заспявай-6». Пераможца атрымае 1500 BYN і не толькі

Сёлета канкурсантам дастаткова даслаць на разгляд сваю песню на любой мове.

logo_6_2.jpg

Конкурс «Заспявай» ужо шосты раз ладзяць партал TuzinFM і дабрачынны фонд «Вяртанне». Мэта – злучыць сучасную беларускую музыку і сучасную беларускую паэзію. Падчас конкурсу ўдзельнікі створаць і запішуць песню на адзін з абраных твораў. Як зрабіць верш песняю, можна паглядзець у гэтым відэа.



Заявіцца на конкурс могуць выканаўцы ад 16 да 30 год. Перавага найперш аддаецца тым, хто не мае канцэртнага і студыйнага досведу і працуе (хоча працаваць) у стылях індзі-поп, электроніка і рэп.

Для падачы заявы трэба даслаць прыклад сваёй творчасці (на любой мове) і папярэдне выбраць верш, на які будзе створана песня падчас конкурсу. Выбраць верш і падаць заяву можна на старонцы конкурсу.
 З усіх заяваў журы адбярэ паўфіналістаў, якія атрымаюць магчымасць бясплатна паўдзельнічаць у трохдзённай адукацыйнай сесіі, у межах якой пройдуць заняткі па вакале, саўнддызайне, іміджы і нэймінгу, прома і піар-стратэгіі, па працы з лэйбламі і па гісторыі беларускай сучаснай музыкі і паэзіі. Пасля адукацыйнай сесіі канкурсанты будуць мець час, каб самастойна напісаць песню на абраны раней верш ды паказаць яе на жывым праслухоўванні. Па яго выніках журы абярэ тройку фіналістаў, якіх чакае індывідуальная праца з ментарамі і запіс конкурснай песні ў студыі.  
У кожнага з фіналістаў будзе персанальны літаратурны кансультант (Андрэй Хадановіч), настаўнік па вакале (Руся), стыліст і дызайнер (Наста Шастак), саўндпрадзюсары (Барыс Календа і Павал Сініла). Усе ментары ўвойдуць у журы разам з арганізатарамі – Алегам Хаменкам, Сяргеем Будкіным (TuzinFM) і Паўлам Бераговічам (фонд «Вяртанне»).


Песні фіналістаў будуць прэзентаваныя ў сеціве ў фармаце сінглаў і ўжывую на фінальным канцэрце. На ім будзе агучанае імя пераможцы, які атрымае грашовы прыз (1500 BYN) і прома-падтрымку на год.
Гісторыю конкурса за 2 хвіліны глядзіце ў відэа:


А песні лаўрэатаў і пераможцаў конкурсу слухайце тут.
Паводле прэс-рэлізу