Конкурс эсэ «Пад уплывам тэхналогій: контуры новага грамадства»

Лятучы ўніверсітэт абвяшчае конкурс эсэ, накіраваных на асэнсаванне новых сацыяльных і культурных з’яваў, што праяўляюцца пад уплывам тэхналагічных інавацый.

kontury_novaha_harmadstva.png

«Пакаленне Z», «крэатыўны клас», «трансгуманізм» — словы-маркеры, праз якія праяўляецца імкненне зразумець новую сацыяльную і культурную рэальнасць, што паўстае пад уплывам інавацый і развіцця тэхналогій.
Ці заўважалі вы, як змяняецца беларускае грамадства? Думалі аб тым, што адбываецца са стасункамі паміж групамі, этычнымі і культурнымі нормамі, як перафарматуюцца гіерархіі, сацыяльныя інстытуты і структуры? Як змяняюцца бізнэсовыя практыкі і індывідуальныя звычкі, лад жыцця і паўсядзённасць?
Калі гэтыя пытанні непакояць ваш розум і штурхаюць да даследавання і аналізу, запрашаем падзяліцца сваімі развагамі і вынікамі ў межах конкурса эсэ «Пад уплывам тэхналогій: контуры новага грамадства».
Мэта конкурса – зрабіць заўважнымі і прадставіць для шырокага асэнсавання новыя сацыяльныя і культурныя з’явы, што праяўляюцца ў жыцці беларускага грамадства пад уплывам тэхналагічных інавацый.Тэматычныя рамкі конкурса:
• «Новыя класы» – групы, супольнасці, слаі, што ўзнікаюць у беларускім грамадстве і пачынаюць уплываць на сацыяльную структуру і стасункі;• «Новая этыка» – пераасэнсаванне і ўсталяванне новых грамадскіх, культурных і этычных нормаў, якое адбываецца пад уплывам інавацыяў;• «Новая няроўнасць» ці праблемы правоў, дасяжнасці і інклюзіі, што паўстаюць з развіццём тэхналогій;• «Новы лад жыцця» і змены ў паўсядзённасці.• Да ўдзелу запрашаюцца даследчыкі, журналісты, аналітыкі, грамадскія і культурніцкія актывісты, якія цікавяцца наступствамі тэхналагічных зменаў для беларускага грамадства.
Па выніках конкурса аўтары 3-х найлепшых прац атрымаюць магчымасць стаць спікерамі Форума «Месца сустрэчы: будучыня» (лістапад 2019 года). Усе працы, адабраныя журы, будуць апублікаваныя на старонках «Беларусского журнала», «Thinktanks.by» і сайта Лятучага ўніверсітэта.
Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, якія раней не публікаваліся, прысвечаныя аналізу, рэфлексіі, канцэптуалізацыі зменаў у беларускім грамадстве, звязаных з тэхналагічным развіццём. Тэксты павінны быць напісаны на рускай альбо беларускай мовах, памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.
Склад журы: Уладзімір Мацкевіч, метадолаг, філосаф, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта; Таццяна Шчытцова, філосаф, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта; Іван Сухій, медыя-эксперт, футуролаг, сузаснавальнік і першы галоўны рэдактар E-xecutive.ru; Таццяна Вадалажская, сацыёлаг, метадолаг, праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта; Яся Каралевіч-Карцель, рэдактарка гарадскога сайту Citydog.by.
Асноўнымі крытэрамі ацэнкі дасланых эсэ будуць: даследчы падыход, смеласць і крытычнасць думкі, абгрунтаванасць выказванняў і зварот да беларускай рэальнасці.
Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай «На конкурс» на адрас: flyuniby@gmail.com да 15 кастрычніка 2019 года.
Партнёры конкурса: Міжнародная НДА «ЕўраБеларусь», «Беларусский журнал» і Thinktanks.by.