Мікалай Халезін: У супрацьстаянні з уладай заўсёды перамагаў мастак, нават калі ён паміраў
У лонданскім тэатры Soho беларускі «Свабодны тэатр» выступіў з прэмʼерай «Падпаленыя дзверы» па матывам перформансу Пятра Паўленскага, які падпаліў дзверы ФСБ у Маскве. «Белсат» паразмаўляў з мастацкім кіраўніком «Свабоднага тэатру» Мікалаем Халезіным.
— Распавядзіце пра падрыхтоўку спектакля.
— Мы вырашылі паразмаўляць пра тое, хто знаходзіцца ў эпіцэнтры гэтай вайны, а не мае да яе ніякага дачынення. І размова пайшла пра Алега Сянцова, Паўла Паўленскага і Pussy Riot. Маша Алёхіна (удзельніца Pussy Riot — заўвага belsat.eu) захацела з намі працаваць, мы зразумелі, што можам уключыць яе ў спектакль разам з нашымі акторамі. І тады мы сфармавалі такую мадэль, у якой праз трох творчых асобаў, распавядзём гісторыю таго, што адбываецца ва Украіне, Беларусі, Расеі. Увогуле, спектакль пра ўтопію — любой улады, утапічную ідэяю барацьбы з вальнадумствам. Любая ўлада хоча перамагчы свабоднае мысленне. Але для ніводнай аўтарытарнай улады гэта не было дасягальным. У гэтым супрацьстаянні заўсёды перамагаў мастак, нават калі ён паміраў.
У спектаклі прысутнічае і дакументальны матэрыял, і спецыяльна напісаныя драматургічныя фрагменты, і перапрацоўка літаратурных і навуковых твораў.
— Ці стаў гэты спектакль чымсьці прынцыпова новым?
— Мы паспрабавалі дайсці да рысы, якая азначае мяжу цялесных магчымасцяў актораў. Мы нават троху перакрочылі гэтую рысу. Мы прааналізавалі, што можа фізічна вытрымаць актор. Калі вывучаеш тэму гвалту над чалавекам, ты ідзеш за гэтай тэмай. Атрымалася так, што мы ў яе ўмяшаліся і не змаглі спыніцца. Таму што акторы, калі я спрабаваў іх крыху стрымліваць, яны ўсё роўна шлі далей і дайшлі да нейкіх межаў, якія для большасці актораў сусветных тэатраў недасягальныя.
— Як Пётр Паўленскі адрэагаваў, стаўшы натхняльнікам спектаклю?
— Ён нармальна рэагуе, бо ў яго няма рэкламных амбіцыяў. Калі мы пачыналі працу, ён сядзеў у турме. Па нашай просьбе ён напісаў нават два тэксты. Яны ўвайшлі ў спектакль. Адзін пра страх, другі пра расейскага мастака і турму.
— Як у вас атрымліваецца вытрымліваць канкурэнцыю з брытанскімі тэатрамі?
— Першыя гастролі ў Англіі ў нас былі ў 2007 годзе. Мы ніколі не адаптавалі спектаклі ні пад адну краіну. Мы нават у Ганконгу гулялі спектаклі, якія не змянялі. Нам не давялося жыць у моцна канкурэнтным полі, бо мы займаем вельмі сваю нішу. Мы не лезем у сферы, у якіх таўкуцца большасць тэатраў. Мы займаемся тэмамі, якія актуальны сёння, дадавая мастацкую мову.
Гутарыла Вікторыя Коўчына, belsat.eu