Мінчанін, якога расейскія СМІ назвалі нацыяналістам, «гарбату» у кафэ «Камунаркі» не замаўляў

Кандытарская фабрыка «Камунарка» пракаментавала моўны канфлікт у адным са сваіх кафэ. На прадпрыемстве лічаць неабгрунтаванымі прэтэнзіі мінчука Арамаіса Міракяна. У дзеяннях прадаўца кіраўніцтва фабрыкі не знайшло парушэнняў.

Фота: facebook.com/Арамаіс Міракян

Фота: facebook.com/Арамаіс Міракян

Naviny.by атрымалі афіцыйны ліст ад намесніка генеральнага дырэктара СААТ «Камунарка» Святланы Гонтаравай. Яна выказала наступную версію падзей.
11 лютага 2020 году каля 18.00 у краму прыйшла кампанія людзей — два хлопцы і дзяўчына. Зрабіўшы замову, яны размясціліся за столікам у кавярні. Заказ быў зроблены на рускай мове, падкрэсліваецца ў афіцыйным адказе.
Праз нейкі час адзін з маладых людзей падышоў зрабіць паўторную замову да прадаўца Канапацкай. Гэта быў не Арамаіс Міракян, а малады чалавек, які прыйшоў з ім, сцвярджаюць на «Камунарцы» са спасылкай на запіс камеры відэаназірання.
«Менавіта гэты малады чалавек заказаў фруктовы чай (гарбату фруктовую) на беларускай мове. У адказ на што прадавец задала на рускай мове ўдакладняючае пытанне: які менавіта чай? (У асартыментным пераліку кавярні некалькі відаў фруктовай гарбаты.) Малады чалавек абурыўся, што на яго пытанне на беларускай мове яму адказалі па-руску. І стаў сцвярджаць, што яго абавязаны абслугоўваць толькі на беларускай мове. Пасля гэтага папрасіў выдаць яму кнігу заўваг і прапаноў і выклікаць адміністратара», — напісала Святлана Гонтарава.
Паводле яе слоў, кнігу заўваг выдалі па першым патрабаванні. Пасля размовы з адміністратарам канфлікт быў вычарпаны. Малады чалавек адмовіўся ад унясення скаргі ў кнігу заўваг.
«Менавіта ў гэты момант, калі адміністратар вынесла кнігу, грамадзянін А. Міракян ўстаў з-за століка і падышоў да барнай стойкі. Гэта значыць яшчэ раз хочацца адзначыць, што грамадзянін А. Миракян не рабіў заказ асабіста і з прадаўцом Канапацкай Е.І. не меў зносіны», — напісала намеснік гендырэктара СААТ «Камунарка».
Пасля гэтага, па яе словах, маладыя людзі вярнуліся за столік. Праз нейкі час адна з наведвальніц кавярні паскардзілася адміністрацыі на іх паводзіны. Як сцвярджаюць на «Камунарцы», маладыя людзі паводзілі сябе задзірліва, гучна смяяліся, нецэнзурна лаяліся. Пакупніца парэкамендавала выклікаць ахову на гэтую кампанію, але адміністрацыя крамы гэтага рабіць не стала.
«Прапанова выклікаць ахову прагучала ад наведвальніцы кавярні за непрыстойныя паводзіны кампаніі, а не ад супрацоўнікаў крамы за зносіны на беларускай мове. Такім чынам, ніякіх парушэнняў у дзеяннях з боку прадаўца адміністрацыяй крамы не выяўлена. Лічым прэтэнзіі грамадзяніна А. Міракяна неабгрунтаванымі», — паведаміла Святлана Гонтарава.
У сваім адказе яна таксама нагадвае, што па законе «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» адказ на мове заяўніка даецца толькі ў выпадку афіцыйных зваротаў, а па Канстытуцыі ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская.
Нагадаем, інцыдэнт здарыўся вечарам 11 лютага ў фірмовай краме «Камунаркі» на вуліцы Чырвонай у Мінску.
Як раней распавядаў Арамаіс Міракян, які ў жыцці размаўляе на беларускай, ён замовіў фруктовы чай. Яго папрасілі размаўляць па-руску, а калі ён адмовіўся, прыгразілі выклікаць ахову. У адказ Міракян запатрабаваў кнігу скаргаў і прапаноў, але пасля канфлікт быў уладжаны.
Міракян не адмаўляў, што адна з наведвальніц кафэ зрабіла ім заўвагу за тое, што яны нібыта вялі сябе занадта гучна, але запэўнівае, што нецэнзурную лексіку ні ён, ні яго сябры не выкарыстоўвалі.
Каментуючы сёння Naviny.by афіцыйны адказ «Камунаркі», Арамаіс Міракян прызнаў, што гэта не ён рабіў заказ, а яго сябар, але канфлікт на моўнай глебе меў месца.
«Так, сапраўды. Замову рабіў мой сябар. А я простая знаходзіўся побач. Мы вырашылі сапраўды напісаць гісторыю ад майго імя, бо сябар — не публічная асоба. Але гісторыя мела месца. І ахова пагражалі выклікаць за беларускую мову. А калі быў канфлікт з наведніцай, аховай нам не пагражалі», — паведаміў мінчанін.
Моўны канфлікт у мінскім кафэ актыўна абмяркоўваўся не толькі ў сацсетках, але і ў расейскіх СМІ. Сябра Савета Федэрацыі РФ Ігар Марозаў нават заявіў аб тым, што ў Беларусі падымае галаву нацыяналізм і што гэтую з'яву беларускім уладам варта жорстка кантраляваць.


Паводле tut.by