Symbal.by да Дня роднай мовы прадстаўляе беларускамоўную версію песні з серыялу Netflix «The Witcher»

Яе запісаў народны ансамбль Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту «Тутэйшая Шляхта», у іх выкананні песня атрымала назву «Ведзьмару дайце талер».


Месяц таму гурт выклаў дэма-версію песні ў жывым выкананні, відэа за некалькі дзён набрала больш за 20 тысяч праглядаў і сотні пазітыўных водгукаў, але былі і нараканні, што запіс не якасны і не ўсе словы чутны.
Пры падтрымцы Symbal.by ансамбль «Тутэйшая Шляхта» запісаў студыйную версію песні і зняў кліп у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Бліжэйшы выступ «Тутэйшай Шляхты» і акустычная канцэртная прэзентацыя песні «Ведзьмару дайце талер» адбудуцца на свяце «Мова Фэст», якое пройдзе 22 лютага ў культурным хабе «ОК16» (Мінск, вул. Кастрычніцкая, д. 16, к. 27). Падрабязная праграма на movafest.by.
Распавядае аўтар перакладу, ўдзельнік гурта і супрацоўнік Symbal.by Дзяніс Сцяпура:
«У студзені, калі на Netflix выйшаў серыял The Witcher, наш сябар Ахрэм Белабровік прапанаваў ансамблю зрабіць кавер на вірусную песню пра ведзьмара. Ідэя нам спадабалася, мы вырашылі трохі пахуліганіць і літаральна за некалькі дзён зрабілі пераклад, музычную аранжыроўку і выканалі песню ў дэма-відэа ў якасці жарту. За аснову перакладу былі ўзятыя як англамоўны арыгінал, так і моўныя версіі нашых славянскіх краін-суседзяў.
Мы не ставілі перад сабой задачу зрабіць дакладны пераклад з арыгіналу, а вырашылі стварыць мастацкі варыянт па матывах, які б лёгка клаўся на ноты і ўспрымаўся слухачамі. Пры гэтым мы імкнуліся ўдыхнуць у твор трохі беларускага нацыянальнага каларыту і шляхецкага духу — менавіта так у словах песні з'явіўся той самы талер. Нечакана для нас саміх гэты музычны жарт выбухнуў у медыяпрасторы, а дэма-відэа апублікавалі шматлікія навінавыя парталы.
Відэа набрала толькі на нашым ютуб-канале больш за 20 тысяч праглядаў, а было яшчэ і шмат самастойных перазаліваў і сотні каментароў з просьбай зрабіць студыйную версію кавера. Студыйную працу і здымкі кліпа мы правялі ў рэкордныя два тыдні, і сёння радыя зрабіць усім суайчыннікам падарунак да Дня роднай мовы. Спявайма разам!»

Тэкст песні
Калі ваш сціплы бард Адпачываў ад спраў, З Рывійскім Геральтам Ён песню спяваў.
Узняўся Белы Воўк І распачаў двубой З напышлівым чортам І эльфаў ардой.
Яны прыйшлі за мной І нарабілі страх, Разбілі мне лютню Далі па зубах.
Хацеў той люты чорт Нас размалоці ў прах І тут Геральт крыкнуў Трымай па рагах!
Прыпеў: Ведзьмару дайце талер, Адсыпце дукатаў Адсыпце дукатаў, о-о-о! Ведзьмару дайце талер, За добрае плата!
Гатовы ён на край Сусвету паляцець, Варожыя зграі пабіць-адалець.
Ён эльфаў усіх прагнаў За межы далячынь, За горы высокія На вечны спачын.
У вока б'е на раз, Быў ранены ня раз. Ён наш вечны сябра, Заўжды ён за нас.
Спявайма слаўны гімн, Герою мы свайму. Ён наш абаронца, Келіх піва яму!
Прыпеў: Ведзьмару дайце талер, Адсыпце дукатаў. Адсыпце дукатаў, о-о-о! Ведзьмару дайце талер, За добрае плата!


Паводле прэс-рэліза