Мінчука, які падпаліў сябе каля Дому ўраду, выпісалі з лякарні
«Жывы — значыць, нешта адчувае, і дзякуй богу», — сказала Кацярына Банькоўская, былая жонка мінчука, які 22 студзеня падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці.
![56aa4e3d_3c1c_4452_ba9b_9bed4dacd695_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg 56aa4e3d_3c1c_4452_ba9b_9bed4dacd695_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/56aa4e3d_3c1c_4452_ba9b_9bed4dacd695_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Больш за месяц 35-гадовы Павел Банькоўскі правёў без прытомнасці, піша Еўрарадыё. Медыкі давалі самыя сумныя прагнозы і казалі, што ён пражыве не больш за 24 гадзіны. Каб выратаваць Паўла, лекары правялі некалькі аперацый па перасадцы скуры. Мужчына выжыў. З яго дазволу лекары паведамілі, што ў яго былі дыягнаставаныя апёкі больш як 50% цела.
16 чэрвеня стала вядома, што Павел Банькоўскі выпісаны.
«Я вельмі ўдзячная людзям, якія нас падтрымлівалі, — працягвае былая жонка. — Падтрымка была вельмі вялікая. Тады я адчувала дзікі боль, бо сітуацыя наўпрост закранула нашу сям'ю. Цяпер я хачу той момант проста хутчэй забыць».
Павел Банькоўскі працаваў кіроўцам тралейбуса. У сваіх сацсетках пазначаў, што вучыўся ў Беларускім інстытуце правазнаўства.
На старонцы «УКантакце» ў Банькоўскага некалькі перапостаў матэрыялаў з незалежных СМІ. Акрамя таго, мужчына размяшчаў шмат фатаграфій з сям'ёй.
Днём 22 студзеня Павел Банькоўскі прыйшоў на плошчу Незалежнасці і падпаліў сябе ля правага крыла Дома ўрада. Сілавікі, якія ахоўвалі плошчу, былі разгубленыя, але потым сталі тушыць мужчыну адзеннем. Прыкладна праз 20 секундаў з боку Цэнтрвыбаркама прыбег чалавек з вогнетушыцелем.
У той жа дзень Банькоўскага шпіталізавалі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр.
У таго, што адбылося, ёсць некалькі версій. Блізкія Паўла расказвалі, што ў яго быў цяжкі перыяд у жыцці. Тое, што самападпал звязаны з палітычнай сітуацыяй у Беларусі, выключаць таксама нельга.
Банькоўскі — не першы, хто падпаліў сябе пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Падобныя выпадкі раней адзначаліся ў Смалявічах і ў Гомелі.