Мінчукі пісалі дыктоўку пра незалежнасць (ФОТА)
Таварыства беларускай мовы традыцыйна адзначыла Дзень роднай мовы напісаннем дыктоўкі. Сёлета пісалі эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць — гэта…»
![img_0122_1_logo.jpg img_0122_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0122_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нацыянальныя дыктоўкі ў Дзень роднай мовы ТБМ арганізуе рэгулярна, пачынаючы ад 2008 года. Гэтым разам дыктоўку праводзіла настаўніца вышэйшай катэгорыі Валянціна Драгун, якая 30 гадоў выкладала беларускую мову ў мінскай гімназіі №50.
![img_0144_logo.jpg img_0144_logo.jpg](/img/v1/images/img_0144_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З некалькіх варыянтаў спадарыня Валянціна абрала тэкст Уладзіміра Арлова «Незалежнасць – гэта…»
«Тэкст складаны, нагрувашчаны знакамі прыпынку. Чаму абрала? Бо мне ён падаўся найбольш актуальным. Мы сёння гаворым пра нашу Беларусь, пра яе шляхі. Зараз вырашаецца, якой будзе наша Беларусь», — патлумачыла свой выбар Валянціна Драгун.
![img_0111_1_logo.jpg img_0111_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0111_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У вялікім пакоі ТБМ пісалі дыктоўку чалавек 15. Былі як людзі ва ўзросце, так і моладзь. Паводле сакратаркі арганізацыі, мэты сабраць як мага больш людзей не ставіцца, ТБМ заклікае праводзіць дыктоўкі ў тым ліку самастойна па месцы жыхарства.
![img_0159_2_logo.jpg img_0159_2_logo.jpg](/img/v1/images/img_0159_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На імпрэзе былі як сталыя наведвальнікі, так і навічкі. Вядомая актывісткаНіна Багінская стараецца хадзіць на дыктоўкі рэгулярна: «Я лічу, што мова перадусім. Якая мова ў нас, такая і дзяржава. Не будзе мовы — не будзе нашай незалежнасці. Гэта ўжо, мяркую, усім відавочна. Да таго ж, гэта добрая нагода сустрэцца з аднадумцамі».
![img_0119_2_logo.jpg img_0119_2_logo.jpg](/img/v1/images/img_0119_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Я настаўніца польскай мовы і бяру ўдзел у дыктоўцы ўпершыню. Ведала пра дыктоўку даўно, але не атрымлівалася трапіць. Зараз праверыла сябе: напісала добра. Памылкі толькі ў сінтаксісе. Гэта вельмі добрая акцыя, яна нагадвае нам аб тым, кім мы ёсць», — падзялілася ўражаннямі Леанарда Мухіна.
Самы малады, самы сталы ўдзельнікі дыктоўкі атрымалі ў падарунак дыскі з беларускай музыкай.
Фота аўтара