Міністр інфармацыі: з наступнага года пашырыцца аб'ём беларускай мовы на дзяржаўных сайтах

З наступнага году сайты дзяржаўных органаў і арганізацый будуць абавязаныя размяшчаць інфармацыю на беларускай мове.

000022_617111_big_4_0.jpg


Пра гэта паведаміла Міністэрства інфармацыі ў сваім адказе на зварот Партыі БНФ датычна зменаў у закон "Аб сродках масавай інфармацыі", якія былі прынятыя 19 красавіка ў першым чытанні.
У лісце за подпісам міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча паведамляецца, што згодна з абноўленымі правіламі, інфармацыя на дзяржаўных інтэрнэт-сайтах павінна быць прадстаўленая на дзвюх дзяржаўных мовах — рускай і (або) беларускай, пры гэтым дадаецца пералік інфармацыі, якая павінная быць у абавязковым парадку на дзвюх мовах, піша narodny.org.
Гэтае палажэнне набывае мой ад 1 студзеня 2019 года і распаўсюджваецца не толькі на сайты цэнтральных і мясцовых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, але таксама і на сайты гаспадарчых таварыстваў, у якіх дзяржава валодае доляй уласнасці (гэта значыць — усе дзяржаўныя прадпрыемствы).


Фактычна, дзяржаўныя сайты павінныя будуць дубляваць усю інфармацыю на беларускай мове, апроч стужкі навінаў. Аднак пры гэтым тэксты нарматыўна-прававых актаў і формы (узоры) дакументаў будуць прадстаўленыя па-ранейшаму толькі на мове іх афіцыйнага зацвярджэння.
Гэты парадак устаноўлены пастановай ураду ад 23 кастрычніка 2017 г. № 797, якой унесеныя карэктывы ў Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, што было зацверджанае пастановай ураду ад 29 красавіка 2010 г. № 645 "Аб некаторых пытаннях інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый і прызнанні страціўшай сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2006 года № 192".
Адказ міністра камэнтуе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
— Міністр інфармацыі адказаў на тую частку нашага звароту, якая датычыць мовы дзяржаўных сайтаў (у тым ліку нас цікавілі сайты дзяржаўных СМІ) і парадку абмеркавання зменаў у закон аб СМІ. На іншыя нашыя прапановы да законапраекту (у тым ліку звязаныя з абавязковай рэгістрацыяй карыстальнікаў і магчымасці пазасудовага блакавання сайтаў) мы пакуль адказу не атрымалі — спадзяюся атрымаць яго ў лісце з парламенцкай камісіі, якой мы ўласна і адрасавалі наш зварот.
Што да ўстанаўлення для дзяржаўных органаў абавязку весці сайты на дзьвюх мовах — гэта добрая, станоўчая навіна. Нарэшце дзяржаўныя органы пазбавяцца ад нягеглых "руска-беларускіх" старонак, будуць абавязаныя мець дзьве паўнавартасныя версіі — і гэта добра. З іншага боку, па-першае, нас не можа задаволіць выключэнне з аб'ёму інфармацыі, якая падлягае публікацыі на беларускай мове, тэкстаў нарматыўна-прававых актаў і формаў дакументаў — гэта безумоўна парушае правы беларускамоўных грамадзян. Па-другае, выключэнне для навінаў фактычна робіць гэтую норму нядзейснай для сайтаў дзяржСМІ, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту: выглядае што заснаваныя ці фінансаваныя дзяржавай газэты, радыёстанцыі і тэлеканалы па-ранейшаму будуць прыцясняць беларускамоўных спажыўцоў. Падобнымі захадамі русіфікацыю не спыніш!
Мы стаім на пазіцыі, што ўсё што робіцца дзяржавай альбо за кошт дзяржаўнага бюджэту (а гэта значыць — і нарматворчасць, і праца фінансаваных дзяржавай СМІ) не павіннае прыцясняць альбо дыскрымінаваць беларускамоўных грамадзян.
Але хачу выказаць падзяку міністру інфармацыі за прадстаўленыя звесткі — яны стануць нагодай для пільнага маніторынгу сайтаў дзяржаўных органаў, арганізацый і прадпрыемстваў, якія ад наступнага году павінныя будуць кардынальным чынам змяніць свой моўны выгляд.
Зварот Партыі БНФ быў перададзены ў парламент 3 траўня, у сусветны дзень свабоды друку. У дакуменце выказвалася занепакоенасць тым, што большасць запланаваных законапраектам зменаў не служыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі і не спрыяе выкананню права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, што пагражае неабгрунтаваным абмежаваннем замацаванай у Канстытуцыі свабодзе распаўсюду меркаванняў. Выкладзеныя ў звароце прапановы Партыі БНФ былі скіраваныя на ўключэнне ў законапраект зменаў у мэтах выканання правоў і свабодаў грамадзянаў, а таксама на стварэнне спрыяльнага клімату для беларускіх сродкаў масавай інфармацыі і айчыннай медыя-прасторы ў цэлым.
Сярод іншага, партыя прапаноўвала ўключыць у закон норму, паводле якой заснаваныя дзяржавай альбо фінансаваныя з дзяржбюджэту СМІ павінныя весці свае інтэрнэт-старонкі на дзяржаўнай беларускай мове.