«Зачем в Слуцке белорусские названия улиц, если нас скоро присоединят к России?»
Каб хоць крышку пашырыць беларускамоўнае асяроддзе ў Слуцку, мясцовае таварыства беларускай мовы вырашыла пазбіраць подпісы за дадатковае ўсталяванне беларускамоўнай версіі на шыльдах з назвамі вуліц.

Пра прычыны збору подпісаў і тое, што гавораць людзі, калі падпісваюцца альбо не падпісваюцца пад калектыўным зваротам распавядае старшыня Слуцкага раённага таварыства беларускай мовы Зінаіда Цімошак.
— Справа ў тым, што візуальнае асяроддзе старажытнага беларускага горада Слуцка амаль што нічым не адрозніваецца ад правінцыйнага расійскага, — гаворыць грамадская актывістка. — На вуліцах гучыць адна руская мова, большасць шыльдаў на крамах таксама выкананы на гэтай жа мове. Ніхто не сочыць за захаваннем дзяржаўнага двухмоўя. Дайшло нават да таго, што прозвішча Максіма Багдановіча, творчая спадчына якога з’яўляецца нацыянальным скарбам, ушанавана на шыльдах ўдзячнымі случчанамі толькі на рускай мове.
Таму мы і вырашылі звярнуцца да ўладаў з прапановай аб усталяванні дадатковай беларускамоўнай версіі назваў вуліц на беларускай мове.
Жанчына лічыць, што гэта, зразумела, не ідэальнае выйсце з назвамі вуліц у Слуцку, бо тут амаль не засталося назваў гістарычных, якія б штосьці гаварылі душы жыхароў рэгіёна і гасцям горада. Хіба што гэта ўжо гатовы музей-запаведнік часоў савецкай эпохі.
Людзі тут нараджаюцца на вуліцы «Пионерской» альбо «Социалистической», ходзяць у школу па «Комсомольской», «8 марта» или «Советской», у крамы — па «Ленина» і «14-ти Партизан».
— Чамусьці нашы ўлады і структуры ЖКГ Закон аб двух дзяржаўных мовах разумеюць толькі як закон аб панаванні рускай мовы і гэтым ужо нанеслі вялікі ўрон душам насельніцтва, — працягвае спадарыня Зінаіда. — Так, пры зборы подпісаў пад калектыўным зваротам на вуліцах горада, мне прыходзілася выслухоўваць дзіўныя агрэсіўныя аргументы супраць беларускіх назваў. Усе яны гучалі на рускай мове, зразумела:
— Зачем нам это? Я не умею говорить по-белорусски, и это мне не нужно.— Нет, спасибо. Не надо. — Меня устраивает русский язык, он мне уже давно родной.— Это будет для русских неудобно.— Я ненавижу белорусский язык, хотя я и белоруска.— Мои внуки в школе изучают белорусский на уроках несколько раз в неделю, им он уже труднее дается, чем английский. Зачем их мучить?— Мне все равно.— Языка этого не знаю, и знать не хочу.— Вы хотите сделать из Белоруссии Сирию?— Не пишите мой номер квартиры, я никому не доверяю.— Боюсь называть фамилию, это чревато последствиями.— Зачем нам белорусские названия улиц? Нас ведь скоро присоединят к России!
Пра будучае далучэнне да Расі і ліквідацыю беларускай мовы выказаліся некалькі чалавек. І гэта былі не расіяне, а карэнныя жыхары горада.
«Хацелася б, каб улады пачалі ўсё-такі разумець, што яны ўжо занадта загуляліся з прыярытэтам рускай мовы і пачалі хоць што-небудзь рабіць для будучыні роднай беларускай краіны ў дзяржаўным масштабе», — выказала пажаданне адна неабыякавая случчанка, якая з радасцю ўхваліла збор подпісаў.
Па яе словах, будаўнікі з Малдовы, з якімі давялося паразмаўляць на Дзень Перамогі, прыехалі ў Слуцк пасля камандзіроўкі ў Расію. Яны выказалі сваё расчараванне тым, што наш беларускі горад нічым не адрозніваецца ад правінцыйнага расійскага горада. «Няма адчування, што мы ў Беларусі, іншай, адметнай краіне. Нецікава», — так выказаўся малады малдаўскі хлопец.
І тым не менш — пад калектыўным зваротам ў Слуцкі райвыканкам і Слуцкі раённы Савет дэпутатаў ўжо падпісаліся больш за 400 чалавек.