"Межы памежжа" або чаму беларусы не маюць асаблівага піетэту перад мяжой

У Мінску працягваюцца лекцыі “Лятучага ўніверсітэту”. Дызайнер і культуролаг Міхал Анемпадыстаў падрыхтаваў адкрытую лекцыю "Межы памежжа".



Лектар распавядаў пра важнасць мяжы для фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці, гісторыю ўзнікнення вялізных памежных тэрыторый, якія эвалюцыянавалі ў паўнавартасныя межы, пра такія фактары фарміравання межаў, як рэльеф мясцовасці, шляхі каланізацыі, культурніцкая еднасць людзей. Спадар Анемпадыстаў патумачыў, чаму беларусы не маюць асаблівага піетэту перад мяжой, які ёсць у іншых больш устойлівых краінах.

Паводле выступоўцы, у ХІХ стагоддзі, калі Рэч Паспалітая была падзелена, беларуская нацыя развіваецца па інэрцыі. На месцы сучаснай Беларусі з’яўляецца велізарны памежны пас ад Польшчы і Расіі. На гэтай тэрыторыі Расія будуе апорныя крэпасці з кругавой абаронай, каб кантраляваць гэтае велізарнае памежжа. У калектыўнай свядомасці папулярызуецца ідэя вызвалення народаў. З’яўляецца новы герой, які змагаецца за свабоду. Чарада паўстанняў у XVIII-XIX стагоддзях можа разглядаццца як праява імкнення вярнуць страчаную мяжу і краіну.

Больш раскрыць тэму мяжы і памежжа, на думку прамоўцы, дапамогуць беларускія класікі. Маецца на ўвазе твор Дзве душы Гарэцкага і п’еса “Тутэйшыя” Янкі Купалы. У п’есе “Тутэйшыя” чалавек сядзіць на месцы, а межы ўвесь час праходзяць праз яго. Вобраз тутуэйшых гэта пазадзяржаўны этнас памежжа. Калі Беларусь атрымала незалежнасць, вярнуліся межы — магутны фактар нацыяўтварэння. З’яўляецца катэгорыя людзей “таксамабеларусы”, якія прызнаюць сабе беларусамі, але не ведаюць гісторыі, мовы.

У сучаснай Беларусі з’яўляецца транспамежная супольнасць. Людзі гатовыя прызнаваць сябе беларусам, палякам, рускім, калі так зручна ў пэўнай сітуацыі. Да такой супольнасці адносіцца большая частка жыхароў сучаснай Беларусі.

На думку Міхала Анемпадыстава, зараз мы не маем мяжы на Усходзе, таму даводзіцца рабіць стаўку на развіццё моцнай нацыянальнай культурніцкай мадэлі, якая ў сваю чаргу будзе спрыяць фарміраванню нацыянальнай палітыкі, эканомікі, ментальных межаў.

Бліжэйшым часам у межах “Лятучага ўніверсітэта” адбудуцца наступныя лекцыі:

8 кастрычніка

Вячаслаў Бабровіч. "Ахвяры інфармацыйнай вайны: хто і чаму (развагі з нагоды украінскіх падзей)"

14 кастрычніка
Алег Дзярновіч. "Ethnoi ці gentes? Феномен этнічнасці ў Сярэднявеччы"

17 кастрычніка
Андрей Ягораў. "Стан сучаснай беларускай аналітыкі"

Каб патрапіць на лекцыі, трэба зарэгістравацца праз электронную форму https://docs.google.com/forms/d/1F9hKqullsdkmUPjBTBa15ANyosZ8gpAvgyuaSRfFedc/viewform  ці напісаць на адрас электроннай пошты: flyuniby@gmail.com, пазначыўшы назвы лекцый.