«Мне сказалі, што будзе кроў, грамадзянская вайна»

Словы пра кроў і грамадзянскую вайну ўжо гучалі ў сучаснай Беларусі і, як ні дзіўна, былі звязаныя са спробай Лукашэнкі захаваць уладу. Было гэта падчас палітычнага крызісу 1996 года. Сёння ў нашай краіне зноў назіраецца маштабны палітычны крызіс.

marsz_mira_i_nezaleznasci__23__logo_1.jpg

Шэсць прычын крызісу

Ці не галоўная прычына палітычнага крызісу ў Беларусі — гэта каронавірус. Менавіта ён вымусіў большую частку людзей у Беларусі перагледзець свае погляды на жыццё. Ён паказаў летуценнасць «чаркі і шкваркі», іх недастатковасць для сапраўднага чалавечага шчасця. Вірус паказаў, што ён больш магутны за ўлады, і пазбавіў людзей ад страху перад ёю.

Без страху сярэднестатыстычны беларус змяніўся — у ім прачнуліся гонар і годнасць. Замест чаркі асноўнай жыццёвай каштоўнасцю стала свабода. Беларусы яшчэ не могуць дакладна сфармуляваць, што ёсць свабода ў іх канкрэтным жыцці. Але шматтысячныя шэсці па Мінску і іншых гарадах краіны, мэту якіх праўладныя палітолагі ніяк не могуць зразумець, далі людзям новыя пачуцці — свабоды і еднасці. Менавіта за гэтыя пачуцці беларусы згодныя цяпер нават пайсці на Акрэсціна. Як высветлілася, яны могуць і там адчуваць свабоду і еднасць.

Другая прычына — хлусня з боку дзяржаўных органаў, якая павялічылася падчас выбарчай кампаніі. Хлусня рознага кшталту і ад розных людзей — чаму сапсавалася вада, колькі сапраўдных хворых на каронавірус, колькі людзей памірае і іншае — спачатку толькі раздражняла. Раздражненне назапашвалася, павялічвалася і пераўтварылася ў іншае пачуццё, якому яшчэ не прыдумалі назву, але якое стала проста невыноснае. Асабліва пакутуе ад гэтага моладзь: старэйшае пакаленне ў савецкія часы прызвычаілася да хлусні ўладаў. Моладзь савецкай прышчэпкі не мае, таму ці з’яджае ў іншыя краіны, ці пачынае змагацца супраць хлусні.

Апошняй кропляй стала абвяшчэнне вынікаў выбараў — такой маштабнай хлусні сцярпець сярэднестатыстычны беларус ужо не змог.

Трэцяя прычына — непаважлівае і зневажальнае стаўленне ўладаў да людзей, іх звычаяў, культуры, мовы, сімвалаў. Выказванні, якія дазваляў сабе апошнім часам Лукашэнка ў адносінах да людзей, выклікалі актыўны пратэст. Я чула на мітынгу ў Жодзіна, як простыя працоўныя скандзіравалі: «Мы — не авечкі!»

Чацвёртая прычына — поўная адарванасць уладаў ад народа. Як у свой час сфармулявала ў гутарцы са мною намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч: «У вас (меліся на ўвазе арганізацыі грамадзянскай супольнасці. — Т.П.) свае праблемы і задачы, у нас — свае». Пакуль улады за расійскія грошы вырашалі «свае» праблемы, людзі цярпелі. Але як гэтыя грошы паменшыліся (і ў будучым наогул могуць знікнуць), людзі задумаліся — ці трэба ім праблемы ўлады аплачваць са сваёй кішэні.

Пятая прычына — асоба Лукашэнкі. Ён абапіраўся на тых, хто ў большасці сваёй ніколі не быў за межамі Беларусі, не ведаў інтэрнэту, Viber, Skype, мабільнага тэлефона, не меў уласнага жытла, асабістага аўтамабіля. І нічога, акрамя савецкага, не бачыў. Для гэтых людзей «чарка і шкварка» і «каб не было вайны» былі дастатковымі для шчасця. Лукашэнка задаволіў гэтыя жаданні.

За 26 гадоў тых, хто ведаў савецкае жыццё, засталося ўжо няшмат. Разам з новымі людзьмі сталі і іншымі беларускія прыярытэты. Сёння гэта — падарожжы ў замежжа, дабрабыт на ўзроўні дасягненняў сучаснай цывілізацыі, добрая адукацыя, прыстойная старасць. Лукашэнка гэтага не зразумеў. Звяртаючыся да Другой сусветнай вайны як да галоўнай падзеі ў жыцці беларускага народа, ён не заўважыў, што адукаваная сучасная моладзь бачыць свет і яго гісторыю не праз савецкія ідэалагічныя акуляры. Яна хоча жыць не ў ізаляванай краіне, а ў краіне — частцы сусветнай супольнасці.

Ёсць яшчэ тры рэчы, якія сталі непрымальнымі для беларусаў у асобе Лукашэнкі. Першая — гэта публічная знявага ім беларускай мовы, культуры, гісторыі. Другая — публічная знявага жанчын, неразуменне іх ролі ў сучасным грамадстве. Трэцяя — знявага беларускай маралі, асабліва ў асабістым жыцці, непавага да людзей, нават тых, хто з’яўляўся аўтарытэтам для грамадства. Паплечнікі Лукашэнкі і нават ён сам не заўважылі, як лозунг «Лукашэнка не мой прэзідэнт» пераўтварыўся ў лозунг «Лукашэнка не наш прэзідэнт». На маёй вуліцы ў а/г Забалоцце ніхто публічна не сказаў у жніўні, што галасаваў за яго. 80% галасоў выбаршчыкаў, што напісалі яму ў ЦВК, ускалыхнулі краіну.

Шостая прычына — неадэкватныя і непамерна жорсткія дзеянні ўладаў, выкарыстаныя для падаўлення пратэстных настрояў.

Усе пералічаныя прычыны палітычнага крызісу ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя. Як прынята казаць у такіх выпадках, яны павінны вырашацца «пакетам», то-бок усе разам.

Праўладныя агітатары, ідэолагі, асобы, якія займаюць адказныя пасады ў дзяржапараце, дзяржаўныя СМІ вызначылі прычыны крызісу інакш. Неаднаразова і на розных узроўнях агучваецца думка пра існаванне замежнага цэнтру, які фінансуе, арганізоўвае і ажыццяўляе крызіс, каб пазбавіць Беларусь незалежнасці. Пра ўдзельнікаў пратэстаў кажуць, што яны нібыта паддаліся варожай прапагандзе, называюць рознымі ганебнымі мянушкамі. Маштабы пратэсту змяншаюцца, сілавыя структуры дзяржавы арыентуюцца на дзеянні, якія павінны запалохаць насельніцтва.

Законныя і незаконныя шляхі

Для вырашэння сучаснага палітычнага крызісу ў Беларусі існуюць розныя шляхі. Іх можна падзяліць на законныя — згодна дзеючай Канстытуцыі, і незаконныя, якія Канстытуцыяй не прадугледжаныя ці якія ёй не адпавядаюць.

Першы шлях прапанаваў Лукашэнка: ён застаецца кіраўніком яшчэ не менш чым на год, пад яго кіраўніцтвам дапрацоўваюцца змены ў Канстытуцыю і потым адбываецца рэферэндум, які зацвердзіць Канстытуцыю, затым — новыя выбары згодна новай Канстытуцыі. Паколькі гэты шлях выказваўся неафіцыйна, няма ніякіх гарантый, што краіна па ім пойдзе.

Другі шлях, па якім цяпер рухаецца ўлада: Лукашэнка застаецца кіраваць яшчэ адзін тэрмін. Калі пратэсты суцішацца (улада на гэта разлічвае), ён «разбярэцца» з усімі апазіцыянерамі як у асяроддзі грамадзянскай супольнасці, так і дзяржаўных структурах і прадпрыемствах. У гэтым выпадку краіну чакаюць «чысткі» як у 1930-х гадах, масавы сыход моладзі за мяжу.

Трэці, чацвёрты і пяты шляхібазуюцца на палажэннях Канстытуцыі.

Трэці шлях. Лукашэнка можа сам адмовіцца ад пасады — падаць у адстаўку ў любы час (артыкул 87). Адстаўку павінен прыняць парламент. У Канстытуцыі не вызначана, якой колькасцю галасоў парламентарыяў прымаецца адстаўка, таму можна думаць пра простую большасць. Пасля адстаўкі паўнамоцтвы прэзідэнта пачынае выконваць прэм’ер-міністр, які не пазней як праз 70 дзён прызначае дату новых выбараў. Менавіта гэтага развіцця падзей пакуль патрабуюць пратэстоўцы.

Чацвёрты шлях. Лукашэнка можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як дзве траціны галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як дзве траціны галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна створанай палатамі камісіі (арт. 88, ч.1).

Пяты шлях. Лукашэнка можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэнне аб выстаўленні абвінавачання і яго расследавання ў гэтым выпадку лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў па прапанове не менш як адной траціны яе дэпутатаў. Расследаванне арганізуецца Саветам Рэспублікі. Прэзідэнт лічыцца знятым з пасады, калі за гэта рашэнне прагаласавала не менш як дзве траціны ад поўнага складу Савета Рэспублікі, а таксама не менш як дзве траціны ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў (арт. 88, ч. 2).

І пасля адхілення, і пасля зняцця паўнамоцтвы прэзідэнта пераходзяць да прэм’ер-міністра, які іх выконвае да прыняцця прысягі новым прэзідэнтам.

У Канстытуцыі Беларусі ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць. Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення прысягі. Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў не пазней двух месяцаў з дня абрання прэзідэнта. Канстытуцыя не вызначае, колькі павінна прысутнічаць на прыняцці прысягі чальцоў названых вышэй структур. Але існуе тэарэтычная магчымасць байкатаваць прыняцце прысягі шляхам адсутнасці на ёй прадстаўнікоў органаў, якія прысутнічаюць на прысязе.

* * *

У Канстытуцыі Беларусі ў рэдакцыі 1994 года існавала магчымасць імпічменту прэзідэнта — калі ён парушыў Канстытуцыю. Вырашаў гэта Канстытуцыйны суд. 19 лістапада 1996 года ў Канстытуцыйны суд звярнулася група дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў колькасці 73 чалавек (патрабавалася 70 подпісаў) з прапановай даць заключэнне аб парушэнні Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Суд спачатку прыняў заяву да разгляду. Але потым дэпутаты пачалі свае подпісы адклікаць. У перыяд з 19 па 26 лістапада 1996 года ў суд звярнуліся 12 дэпутатаў, і подпісаў стала не хапаць. Канстытуцыйны суд на гэтай падставе не стаў разглядаць пытанне. Суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў не пагадзіўся з гэтым рашэннем і напісаў асабістае бачанне праблемы. Асабістае бачанне дадалі да пратакола пасяджэння суда, але імпічмент так і не адбыўся.

Старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня сказаў мне пазней: «Мне сказалі, што будзе кроў, грамадзянская вайна. Я не мог узяць на сябе такую адказнасць. Так было лепей тады». Сёння аргументы пра кроў і грамадзянскую вайну зноў гучаць…