Моцная русіфікацыя і чырвона-зялёныя сцягі. Як цяпер выглядаюць беларускія гарады
За апошнія чатыры гады знешні выгляд беларускіх гарадлў вельмі змяніўся. Улады робяць усё, каб сцерці з памяці 2020 год, а разам з ім — і ўсю папярэднюю сапраўдную гісторыю Беларусі.
Пасля задушаных пратэстаў 2020 года рэпрэсіі закранулі не толькі беларусаў, але і нацыянальныя сімвалы. Улады працягваюць насаджаць ілюзію адназначнага выбару: называюць вуліцы, плошчы і праспекты ў гонар «народнага адзінства», развешваюць сцягі не толькі над адміністрацыйнымі будынкамі, але і над гаражнымі кааператывамі і лодкавымі станцыямі, а таксама прыбіраюць і замяняюць мемарыялы беларускім героям, якія змагаліся і выступалі за свабоду, піша «Медыязона».
«Народнае адзінства» і Эміль Чэчка
2021 год у Беларусі быў абвешчаны «Годам народнага адзінства» — у Магілёве з гэтай нагоды з'явілася аднайменная плошча і «скульптурная кампазіцыя», у Бабруйску — вуліца, а ў Баранавічах — цэлы музей.
«Плошча, дзе ў 2020 годзе збіраліся масавыя пратэсты, назвы не мела. А цяпер яна стала плошчай Народнага адзінства, ўлады з гэтага пачалі сваю ідэялагічную апрацоўку горада. Спрабавалі новай сімволікай хутка замяніць тую, што была ў людзей у сэрцах. Нашы незалежныя гарадскія СМІ падкрэслівалі — плошчай Народнага адзінства назвалі месца, дзе сапраўды людзі ў 2020 годзе аб’ядналіся», — расказвае экс-дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
У горадзе плошчай не абышліся і планавалі адкрыць новы праспект адзінства ў мікрараёне, які будуецца. Назва крыху змянілася: 16 верасня, напярэдадні так званага «Дня народнага адзінства», там адкрылі праспект 17 верасня.
У Віцебску ўлады абяцалі да канца скончыць будоўлю «плошчы Сцяга і герба» з 69-метровым флагштокам, але перадумалі: «Прыйшлі да высновы, што будаваць трэба не спяшаючыся і якасна, у тым ліку, каб атрымалася не вельмі затратна, у прыватнасці, дзякуючы правядзенню на аб'екце суботнікаў», — падкрэсліў Аляксандр Субоцін, старшыня аблвыканкама.
У Гродне летась улады назвалі праезд, дзе знаходзіцца польскае консульства, у гонар Эміля Чэчкі — польскага памежніка, які ўцёк у Беларусь, расказваў пра расстрэлы мігрантаў і быў знойдзены павешаным у мінскай кватэры.
Новыя скульптуры пры падтрымцы расійскіх мецэнатаў і не толькі
У Оршы з'явілася скульптура «Сям'я — залог міру», якую ўсталявалі пры падтрымцы расійскага мецэната Заранкова. Такую ж скульптуру паставіў у Пецярбургу.
У Гомелі адкрылі мемарыял ахвярам генацыду, акрамя таго, на Плошчу паўстання вярнулі свежапафарбаваны танк Т-34.
Падпраўленая рэальнасць
Пасля 2020 года ўлады (часта з падачы праўладных і прарасійскіх актывістаў) зачышчаюць гарады ад мемарыяльных знакаў, таблічак, муралаў, якія не ўпісваюцца, на іх думку, у палітычны «пейзаж».
У Гомелі ў 2023 годзе падправілі мурал, якому ўжо 10 гадоў: прыбралі з яго «экстрэмісцкія» лагатыпы TUT.by. Тое самае зрабілі ў Брэсце, зафарбаваўшы лагатып «экстрэмісцкай» «Аховы птушак Бацькаўшчыны», з партнёрствам з якой быў зроблены велізарны мурал з сокалам на сцяне жылога дома.
У Гродне на вакзале замянілі памятны знак героям паўстання Каліноўскага — на знак падпольшчыкам Другой сусветнай вайны. Са сцен Новага замка прыбралі мемарыяльную дошку Тадэвушу Касцюшку.
У Зэльве стараннямі «інфаказачкі» і прафесійнай даносчыцы Вольгі Бондаравай прыбралі помнік пісьменніцы Ларысе Геніюш. Невядома, дзе цяпер захоўваецца скульптура і ці цэлая яна наогул.
У Магілёве змоўк «Магіслаў» — механічны трубач, які раней спяваў на гарадской ратушы.
«Ад сваіх крыніц я ведаю, што цяпер яго проста выстаўляюць у акенца на ратушы і ўключаюць фанаграму. Так, як задумана, ён не працуе. …Магіслаў маўчыць, ён чакае добрых часоў, таго настрою, калі можна будзе спяваць, а не плакаць», — расказвае Аляксей Бацюкоў.
Разам з Магіславам, кажа Аляксей, спыніўся і ўнутраны будзільнік гарадскога вулічнага гадзінніка — яго стрэлка рабіла поўны абарот вакол цыферблата раз на 500 гадоў. Цяпер механізм не працуе.
У Брэсце знакамітая «Белая вежа», стэла на выездзе з горада, цяпер не белая — яе падсвятлілі колерамі дзяржаўнага сцяга.
Сцягі ўсюды: на дамах, гаражах, у крамах
Пасля 2020 года беларускія вуліцы акунуліся ў чырвона-зялёны ўрбанізм.
«Прыязджаеш на "Дана Мол": раней там былі сцягі краін, з якімі яны супрацоўнічаюць, ці нешта такое. Некалькі разоў бачыла, як мамы з дзецьмі вучылі, дзе якой краіны сцяг. А цяпер там толькі захад над балотам. Едзеш па вуліцах і бачыш нават на жылых дамах сцягі: асабліва там, дзе раней віселі бчб — такая "атветка". Прывыкаеш да таго, што сцяг у любым рандомным месцы. Над школай — ок, над крамай — ок. Ужо, здаецца, недзе над касцёлам убачыш яго — і не здзівішся. Усё роўна ў нас жа Чырвоны касцёл забралі», — гаворыць мінчанка Дар'я.
«Цяпер павесь горад у чырвона-зяленых сцягах, ён боўтаецца на ўсіх дзяржаўных установах і некаторых прыватных. Не ведаю, наколькі гэта добра», — кажа Андрэй з Брэста.
«Першыя два гады гэта страшна раздражняла, потым ужо абвыкаеш — вісяць і вісяць. Рэжа вока, калі бачыш сцяг там, дзе яго раней не было», — расказвае Ганна з Бабруйска.
Паводле слоў дзяўчыны, самыя нечаканыя месцы, у якіх яна апошнім часам сустракала сцягі — жаночая кансультацыя, гаражны кааператыў і лодкавая станцыя на беразе Бярэзіны.
«Стаіш на касе — і раптам там, дзе шакаладкі і жуйкі, там цэлая паліца адведзена пад сцягі, усялякая хрэнь з чырвона-зялёным прынтам, чырвона-зялёныя контуры Беларусі і вось гэта ўсё. Сувенірная прадукцыя, якой раней там не было, і ты гэта выдатна ведаеш. І я так разумею, што крамы прымушаюць гэтую хрэнь купляць», — расказвае жыхар Баранавічаў Аляксей.
«Нават не трэба падымаць вочы, каб убачыць гэты сцяг, ён паўсюль. Мне зразумелы гэты пасыл — паказаць хто тут улада, але гэта ўжо проста выклікае абурэнне. Калі сімвал павінен паказаць тваю перамогу і веліч, а ты яго зводзіш да таго, што ён у цябе на сурвэтцы — ну, гэта такое. Якая ўжо тут веліч. Мяне гэта не хвалюе, гэта наогул не мой сцяг. Проста гэта так недарэчна, што нават крыху смешна», — разважае Ганна з Бабруйска.
Расійскі трыкалор і літара «яць»
Паводле слоў Ганны, у яе асяроддзі не могуць прывыкнуць толькі да расійскага трыкалора, які ўсё часцей можна ўбачыць на гарадскіх вуліцах.
«На кожным афіцыйным мерапрыемстве дзесьці гэты бесік убачыш. Нейкая кампанія, група людзей — хтосьці абавязкова прынясе. Можа, я на гэтым моцна фіксуюся, але гэта праўда заўважна. Калі б гэта былі сцягі ўсіх суседніх краін, то нармальна. Але не, толькі гэты. Калі ж ты будзеш з любым іншым сцягам, не дай бог, польскім ці ўкраінскім, то да цябе будуць пытанні. А "трыкалор" хоць на майтках насі», — кажа яна.
Аляксей Бацюкоў бачыў расійскі сцяг нават у акне кватэры ў Магілёве, але ўдакладняе, што толькі ў адным месцы.
Жыхар Баранавічаў звярнуў увагу на шыльды — з'явілася шмат выкананых на старарускі манер, з літарай «яць» у канцы.
«Моцная русіфікацыя. З усіх радыёстанцый, якія я па дарозе слухаў, усё на рускай мове. Адну станцыю такую злавіў, называецца "Наваросія". Нават услухоўвацца не стаў, дзічына нейкая. У горадзе шмат машын на расійскіх нумарах, вельмі. А яшчэ назвы — кафэ "Проспектъ", бар "Градъ". Вельмі раздражняе».