МТЗ хоча ўвесці плату за праезд у службовым транспарце

Работнікам выпрабавальнага цэнтру МТЗ хочуць зрабіць платны ўваход на працу. Фактычна так выглядае сітуацыя, якая склалася з даездам супрацоўнікаў на выпрабавальны палігон, які знаходзіцца ў пасёлку Абчак за 30 кіламетраў ад прахадной завода ў Мінску па Магілёўскай шашы.

Новы электробус МТЗ. Фота суразмоўцы «НЧ»

Новы электробус МТЗ. Фота суразмоўцы «НЧ»

«Транспартны калапс»

Адзін з супрацоўнікаў выпрабавальнага цэнтра на ўмовах ананімнасці пагадзіўся распавесці «Новаму Часу» пра сітуацыю, якая склалася.
Цягам амаль 60 год існавання выпрабавальнага палігона людзей (а гэта больш за 100 работнікаў выпрабавальнага цэнтра «Трактар» і цэха выпрабаванняў ААТ «МТЗ») на працу дастаўлялі два бясплатныя службовыя аўтобусы трактарнага завода. Але сёлета ў верасні сітуацыя змянілася. Без папярэдняга ўзгаднення з работнікамі і прафсаюзамі падраздзяленняў, і нават без папярэджання напярэдадні супрацоўнікаў базы ад прахадной Мінскага трактарнага завода на 15 хвілін раней звычайнага стаў забіраць маленькі аўтобус, разлічаны ўсяго на 28 чалавек. Амаль месяц супрацоўнікі мусілі дабірацца на працу, з цяжкасцю змяшчаючыся ў салон. І калі некаторыя, у шкоду ўласнаму бюджэту, вымушаны былі перасесці на асабісты транспарт, у многіх такой магчымасці проста няма. Гарадскі і прыгарадны транспарт, які мог бы ў прызначаны час давозіць людзей да месца працы, таксама адсутнічае.
Праезд ад прахадной МТЗ да выпрабавальнага цэнтра займае 25 хвілін, але з улікам перасадак і аддаленасці транспартных прыпынкаў ад месца працы даезд можа расцягнуцца да 1 – 1,5 гадзіны ў адзін бок. У той час працоўная змена ў цэнтры пачынаецца ў 7.45 раніцы, таму работнікі перакананы, што гэта ў цэлым пагаршае ўмовы працы.
Апроч таго адміністацыя завода ў вуснай форме запатрабавала ад работнікаў аплачваць кошт праезду да працы з уласнай кішэні. Праўда, ніякіх загадаў і іншых дакументаў дырэкцыя прадпрыемства з гэтай нагоды не выпускала.

Хто плаціць за электробус?

Як стала вядома работнікам цэнтра, затраты на аўтобус, які дастаўляе людзей да месца працы, за месяц складаюць 10 000 рублёў. Інфармацыя пра тое, што гэтыя грошы будуць спаганяць з супрацоўнікаў, з’явілася спачатку на ўзроўні чутак. Аднак калі з 1 кастрычніка работнікаў у Абчак стаў вазіць ужо не маленькі бус, а электробус, набыты МТЗ нядаўна, узніклі падазрэнні, што менавіта на аплату гэтай пакупкі з людзей збіраюцца браць грошы. У новым транспарце ўсяго 29 месцаў для сядзення, агулам у ім можна перавезці 86 пасажыраў. Як вынікае з нататкі на сайце abw.by, электробус МТЗ набыў як раз для таго, каб перавозіць супрацоўнікаў заводу з Мінска ў Абчак. Акрамя гэтага, электробус планавалася задзейнічаць у праграме прамысловага турызму на МТЗ – вазіць па заводзе экскурсійныя групы. Адзначаецца, што завод набыў інавацыйны транспарт не дзеля моды – на прадпрыемстве пралічылі, што, нягледзячы на вялікія пачатковыя выдаткі, акупіцца электробус досыць хутка. Вось толькі за чый кошт?..
– Кіраўніцтва цэнтра кажа, што гэта асабістая ініцыятыва генеральнага дырэктара МТЗ Фёдара Дамаценкі, таму ніхто не можа нічога зрабіць. Кажуць, ён вельмі раззлаваўся, калі ўбачыў, што людзей з прахадной забірае вялікі аўтобус, сказаў, каб больш гэтага не было, хаця да гэтага аўтобусы вазілі супрацоўнікаў 60 год. Гэта неафіцыйна кажа і прафсаюз. Атрымаць тлумачэнні ад адміністрацыі завода нават кіраўніцтву выпрабавальнага цэнтра не ўдалося.
Тым часам супрацоўнікаў «добраахвотна» прымушаюць падпісваць згоду ўтрымліваць з іх грошы за праезд (праўда, сума ў гэтых паперах пакуль не прапісаная). Некаторыя пачалі было падпісваць зварот у прафсаюз з просьбай вырашыць сітуацыю, але сустрэлі ціск з боку адміністрацыі і подпісы свае забралі назад, – распавёў «НЧ» суразмоўца.

Такія паперы прапануюць падпісваць супрацоўнікам выпрабавальнага цэнтра МТЗ. Фота суразмоўцы «НЧ»

Такія паперы прапануюць падпісваць супрацоўнікам выпрабавальнага цэнтра МТЗ. Фота суразмоўцы «НЧ»

Гэта ўвогуле законна?

У працоўным заканадаўстве няма канкрэтных тлумачэнняў таго, якім чынам работнікі павінны дабірацца на аддаленае месца працы. Але паводле ўнутранага стандарту самога МТЗ, на які спасылаецца крыніца, своечасовая дастаўка супрацоўнікаў на працоўныя месцы за межамі завода – прамы абавязак транспартнага цэха, і пра аплату праезду там нічога не сказана.
Апроч таго існуе падпункт 2.2 «Асноўных палажэнняў па складзе затрат, што ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг)», зацверджаных міністэрствамі эканомікі, фінансаў, статыстыкі і аналізу і працы і сацыяльнай абароны Беларусі (інструкцыя № 182 ад 26.12.2003 па бухгалтарскім уліку «Расходы арганізацыі», зацверджаная пастановай Мінфіна РБ, агульныя прынцыпы ўліка затрат прадпрыемстваў). Згодна з ім у сабекошт прадукцыі прадпрыемства ўключаюцца затраты па транспарціроўцы работнікаў да месца працы і назад у напрамках, якія не абслугоўваюцца пасажырскім транспартам агульнага карыстання.
Як сведчаць іншыя ўнутраныя дакументы МТЗ, на якія спасылаецца суразмоўца, на прадпрыемстве штогод распрацоўваюць «Графік выдзялення ўнутрызаводскага транспарту па цэхах і аддзелах завода на год». Робіцца гэта ў тым ліку з мэтай забеспячэння своечасовай дастаўкі работнікаў на працоўныя месцы, што знаходзяцца за межамі завода.
Адметна, што ў дакументах аб прыёме на працу ў якасці працоўнага адрасу работнікаў выпрабавальнага цэнтру пазначана вуліца Даўгабродская, 29 у Мінску – непасрэдны адрас МТЗ, пасёлак Абчак у іх не фігуруе. 
Рэдакцыя «НЧ» звярнулася ў прэс-службу прадпрыемства, аднак атрымаць аператыўны каментар нам не ўдалося. Мы даслалі афіцыйны запыт на імя генеральнага дырэктара МТЗ, чакаем адказу.