Ніл Гілевіч: У стылі гуллівай фантазіі

Паэт У. Някляеў прысвяціў мне кавалак свайго тэксту “Знакі прыпынку (апублікаваны ў газеце “Наша ніва за 17.03.2010 г.). На жаль, падзякаваць шаноўнаму калегу за ўвагу не магу: у публікацыі ёсць такая недакладнасць і выдумка, якія мяне моцна засмуцілі і якія я мушу рашуча апратэставаць.



cd0cbcc668fe4bc58e0af3cc7e0a653d.jpeg

Паэт У. Някляеў прысвяціў мне кавалак свайго тэксту “Знакі прыпынку (апублікаваны ў газеце “Наша ніва за 17.03.2010 г.). На жаль, падзякаваць шаноўнаму калегу за ўвагу не магу: у публікацыі ёсць такая недакладнасць і выдумка, якія мяне моцна засмуцілі і якія я мушу рашуча апратэставаць.
Напомню чытачам, пра што гаворка. У часе сустрэчы ў мяне на кватэры я меў неасцярожнасць расказаць У. Някляеву пра дробны, але прыкры выпадак. Мая кніга публіцыстыкі “Толькі мы самі з надпісам слыннаму ўкраінскаму пісьменніку Уладзіміру Яварыўскаму апынулася нейкім чынам у мінскай букіністычнай кнігарні, і адзін з маіх сяброў, зразумеўшы, што здарылася нешта яўна недарэчнае, купіў яе там і прынёс мне. Гэты паасобнік кнігі я падарыў У. Яварыўскаму, калі ён, старшыня Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, быў госцем апошняга з’езда Саюза беларускіх пісьменнікаў (кастрычнік 2006 г.). Уручыў я свой том яму асабіста, з рук у рукі, за сталом прэзідыума, і ён у мяне на вачах паклаў яго ў чорную цэлафанавую торбу, дзе ўжо ляжалі і іншыя падораныя яму кнігі.
На гэтым маё сведчанне канчаецца. Як і чаму кніга апынулася ў букіністаў – не ведаю, тут могуць быць толькі розныя дагадкі, у тым ліку і бязбожна ўзбагачаныя мастацкай фантазіяй. Скажу, аднак, пра тое, што ведаю і што разыходзіцца з напісаным рукою Някляева. Я не прасіў старшыню Саюза беларускіх пісьменнікаў А. Пашкевіча на яго ад’ездзе ў Кіеў перадаць У. Яварыўскаму маю кнігу публіцыстыкі “Толькі мы самі, бо гэту кнігу, мушу паўтарыцца, я ўручыў украінскаму сябру сам на нашым з’ездзе і ніякай іншай кнігі ніколі яму не перасылаў. Але пачытаем Някляева, які нібыта занатаваў мой аповед: «Папрасіў яго, калі ён у Кіеў ехаў, каб Уладзіміру Яварыўскаму кнігу завёз. Пасля пытаю пры сустрэчы: “Алесь, з’ездзілі вы ў Кіеў, завезлі кнігу? – “З’ездзіў, Ніл Сымонавіч, завёз. Яварыўскі так вам дзякаваў!.. А праз паўгода тую кнігу з маім аўтографам пляменнік ад букіністаў мне прынёс».
Вось такі – з маіх слоў – хлус і манюка, такі неабавязковы і несур’ёзны таварыш Алесь Пашкевіч. Ну хіба не гуллівая фантазія на дэтэктыўным сюжэце пра кнігу?
«Вось жа нягоднік малы!» – гэта, у падачы Някляева, я – пра Пашкевіча. «Без злосці абурэння». Са злосцю ці без – а ўсё ж «нягоднік». Дык вось хачу, каб чытачы ведалі: я не скажу так пра чалавека, якога паважаю і люблю, якога – і як пісьменніка, і як навукоўца, і як грамадскага дзеяча – высока цаню. Навошта ж прыпісваць мне гэту абразлівую фразу? Дапускаю, што Уладзімір Пракопавіч мае нейкія прэтэнзіі, а можа і непрыязнасць да старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, але чаму для таго, каб падаць А. Пашкевіча ў непрывабным святле, ён наважыў пакарыстацца маім імем? Увогуле не магу зразумець, чаму дробнае выпадковае недаразуменне з кнігай трэба рабіць набыткам шырокай публікі. Якая мэта? Нейкі разлік-прыцэл? Ці – проста дзеля пацехі?.. Даруйце, не разумею. Відаць, адстаў, халерачка, ад эстэтычных запатрабаванняў часу.
Прашу дарагога Алеся Аляксандравіча прыняць мае прабачэнні, што, хоць і не вінаваты, спрычыніўся да абрынутых на яго непрыемнасцяў і выкліканых імі балючых перажыванняў.
23. 03. 2010

http://litbel.org/by/news/2203.html
http://www.arche.by/by/24/40/1860/