На бальнічным будуць плаціць менш

Палажэнне аб гэтым Саўмін зацвердзіў у мінулую пятніцу, а ў сілу яно павінна ўступіць на гэтым тыдні.



boljnicnyj.jpg

Як жа цяпер будуць лічыць нашы бальнічныя? Калі раней першыя шэсць каляндарных дзён бальнічнага «каштавалі» 80% сярэднядзённага заробку, а ўсе наступныя — 100%, то цяпер па стаўцы ў 80% будуць лічыць першыя дванаццаць каляндарных дзён бальнічнага.

Акрамя таго, раней сярэднядзённы заробак разлічваўся зыходзячы з заробку за апошнія два месяцы (заробленая за гэты час сума дзялілася на агульную колькасць працоўных дзён). А зараз у якасці меркі выступае сярэднядзённая зарплата ўжо за шэсць месяцаў, прычым дзеліцца яна не на працоўныя дні, а на каляндарныя.

Як патлумачылі спецыялісты з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зарплата за час хваробы не абавязаная кампенсавацца ў поўным памеры, паколькі дапамога па часовай непрацаздольнасці — гэта сацыяльная выплата, а не заробак.

Але затое і бальнічны зараз таксама будуць выплачваць за каляндарныя дні. Атрымліваецца, за выходныя, праведзеныя ў бітвах з хваробай, таксама накапаюць грошыкі!

У непрыемнай сітуацыі апынуцца тыя маладыя людзі, якія прымудрыліся захварэць у першыя паўгода працы. Раней сярэднядзённы заробак тых, чый працоўны стаж менш шасці месяцаў, вылічаўся па стандартнай схеме. Аднак цяпер ён будзе залежаць ад бюджэту пражытачнага мінімуму. Дакладней, ад яго паловы! 50% максімальнага памеру БПМ за апошнія два квартала будуць дзяліць на колькасць каляндарных дзён у месяцы, а потым памнажаць на колькасць каляндарных дзён у бальнічным.

Змены чакаюць і тых, хто прымудрыўся займець траўму ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. Раней «п'яны» бальнічны ацэньваўся ў палову сумы, якая была б належная за самы звычайны бальнічны на той жа тэрмін. Цяпер за першыя шэсць дзён няўдачлівы хворы грошай і зусім не атрымае. Астатнія дні аплацяць, як і раней, — 50% ад належнага бальнічнага.

bol_n_chnij.jpg

kp.by