Нацызм = сталінізм
Тэма, якая, здавалася б, даўно павінна была адыйсці ў гісторыю, на жаль, не страціла сваёй палітычнай актуальнасці. Больш за тое — палітычнай пагрозы. Менавіта гэтым і абумоўлена прыняцце 4 ліпеня Парламенцкай Асамблеяй АБСЕ рэзалюцыі «Пра аб’яднанне падзеленай Еўропы: абарона правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у XXI стагоддзі ў рэгіёне АБСЕ». Рэзалюцыя асуджае два таталітарных рэжымы — нацызм і сталінізм.
Рэзалюцыя асуджае таталітарызм у мінулым і спробы апраўдання яго сёння. Прапануе зрабіць 23 жніўня (дату падпісання пакту Молатава-Рыбентропа) Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, каб
перашкодзіць ухваленню нацысцкага і сталінскага мінулага і прадухіліць з’яўленне неанацысцкіх рэжымаў.
Рэзка супраць прыняцця рэзалюцыі як антырасійскага дакумента, што скажае гісторыю, выступіла расійская дэлегацыя. Беларуская дэлегацыя адкрытых заяў не рабіла, а як галасавалі сябры — кожны
паасобку — дакладна невядома.
Пазіцыя Расіі, а гэта найперш, зразумела, пазіцыя яе кіроўнай палітычнай эліты, уражвае і бянтэжыць. Не толькі таму, што на прасторах краіны ажывае і набывае жахлівае аблічча прывід неафашызму ў
вобразе скінхедаў ды іншых груповак, адзначаных ужо крывавымі забойствамі па расавай ці нацыянальнай прыкмеце. Але ж і палітычнай лініяй пераемнасці, вольнай ці адвольнай, са сталінскім
рэжымам.
Хай сабе, па знешняй аргументацыі, пратэстам быццам бы супраць скажэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Але ж пратэстам галаслоўным. Бо ўсё якраз наадварот — гісторыкамі даўно даказана
(дарэчы, тымі ж расійскімі), што перамога ў вайне была дасягнутая не дзякуючы сталінскаму рэжыму, а насуперак яму, коштам вялізных ахвяр. Як была даказаная і афіцыйна прызнаная яшчэ вышэйшым
кіраўніцтвам КПСС і СССР наяўнасць патаемных пратаколаў да пакта Молатава-Рыбентропа пра падзел Еўропы. І тады ж былі абнародаваны вызваленыя са спецсховішчаў кадры кінахронікі і фотаздымкі пра
сумесны вайсковы парад частак Чырвонай і гітлераўскай армій у Брэсце ўвосень 1939 года. Агульная колькасць толькі афіцыйна рэабілітаваных да другой паловы 1990 года — больш за 2 мільёна
чалавек. Што за гэтай лічбай, як не генацыд?
Дык няўжо пасля ўсяго гэтага чарговы адкат? На жаль, прыкметы таго дастаткова выразныя. Дзеля чаго? Інакш як постімперскім сіндромам, ідэяй аднаўлення вялікай і магутнай дзяржавы ў любым яе абліччы,
але толькі не дэмакратычным, гэта патлумачыць цяжка.
З гэтай, дарэчы, ідэі і пачынаўся сталінскі таталітарызм. Як і гітлераўскі. Больш таго, гісторыкамі даўно даказана, што сталінская мадэль паслужыла для Гітлера наўпроставым узорам для будаўніцтва
сваёй уласнай. Гэта ёсць дзве класічныя мадэлі таталітарызму.
Квазіідэя сталінізму — класавая, будаўніцтва сацыялізму як “поўнай, даведзенай да канца дэмакратыі. Квазіідэя нацызму — расавая, з адкрытым адмаўленнем дэмакратыі. Абедзве
яны служылі не больш чым прыкрыццём сцвярджэння дыктатарамі свайго панавання ва ўласнай краіне і сусветным маштабе. Аднолькавымі метадамі пры абсалютна падобных карных сістэмах. Праз татальную ілжу.
Праз татальны тэрор. Праз сусветную рэвалюцыю і вайну.
А што ж з Беларуссю? Узгадваецца адзін эпізод з уласнай даўняй даследчай аспіранцкай практыкі гісторыка. Я працаваў па тэме палітыкі дзяржаў-пераможцаў у пасляваеннай Германіі з архівамі Савецкай
ваеннай адміністрацыі, у закрытым сховішчы, па абмежаваным допуску. Побач працавалі калегі па сваіх тэмах. Аднойчы адзін з іх паклікаў мяне падыйсці да яго стала: «Паглядзі, вось дакументы
планавых лічбаў па ліквідацыі антысавецкіх элементаў, здраднікаў і памагатых гітлераўскіх акупацыйных уладаў. Памесячна са жніўня да канца 1944 года. А вось — на 1945-ы». Лік ішоў
на дзесяткі тысяч. І гэтыя планы, у адрозненні ад гаспадарчых, выконваліся.
Потым, напрыканцы 1980 — пачатку 1990-х гадоў, калі дзверы спецсховішчаў прыадчыніліся крыху шырэй, мне пашчасціла ўжо на матэрыялах беларускіх архіваў рыхтаваць даведкі для рэабілітацыі
шэрагу так званых нацдэмаў — Зміцера Жылуновіча, Усевалада Ігнатоўскага, іншых. Адкрываліся цэлыя пласты невядомай, рэпрэсаванай гісторыі Беларусі. З адным вельмі важным, актуальным і для
разумення сённяшняй палітычнай сітуацыі кантрапунктам: менавіта на Беларусі і Украіне па загаду і пад асабістым кантролем Сталіна адпрацоўвалася тая мадэль таталітарнага рэжыму, якая сцвердзілася пад
назвай сталінізму. Менавіта тут былі сфабрыкаваны і прайшлі першыя працэсы па так званых справах “Саюза вызвалення Беларусі (СВБ) і “Саюза вызвалення Украіны. Прычым па СВБ, з-за
пратэстаў інтэлігенцыі і партыйнага кіраўніцтва, на той час беларускага, Маскве давялося адмовіцца ад першаснай задумы правесці адкрыты працэс. Усе да аднаго кіраўнікі АГПУ-НКУС у Беларусі, што па
чарзе раскручвалі тут механізм рэпрэсій, былі прысланы з Масквы.
Рэпрэсіі сталінскага рэжыму ўвайшлі ў масавую свядомасць і падсвядомасць, насельніцтва Беларусі ўсё ж такі пераважна як знешняя навала. Палітыка русіфікацыі адбілася на стане мовы, але так і не
пераадолела да канца ўплыў палітыкі беларусізацыі, што праводзілася тут у 1920-я гады.
Таму і сёння ў масавай свядомасці па сутнасці не адчуваецца тугі па сталінізму, няма падобнай на расійскую па моцы і агрэсіўнасці хвалі стварэння неафашысцкіх груповак.
Ёсць праяўленні гэтай тугі на афіцыйным узроўні: супраціўленне стварэнню мемарыяльнага комплексу Курапаты, пабудова “лініі Сталіна, замоўчванне тэмы рэпрэсій, пераключэнне на сябе перамогі ў
Вялікай Айчыннай… Але ўсё ж гэта афіцыйная туга носіць абмежаваны характар і разлічана на выбарачнае выкарыстанне фрагментаў з мінулага ў падмацаванне аўтарытэта сучаснага правадыра.
Таму і не было афіцыйнай рэакцыі на рэзалюцыю АБСЕ. Але таму ж не будзе і афіцыйнай яе падтрымкі. Беларусі ўдалася вырвацца з зоны забыцця сябе самой, але пакуль толькі ў зону гістарычнага і
палітычнага напаўзабыцця. Нам яшчэ ісці да Беларусі.