Навіны дня. Высылка ўкраінскіх дыпламатаў, новыя ператрусы і затрыманні
У традыцыйным вячэрнім аглядзе расказваем пра галоўныя навіны, якія адбыліся ў Беларусі 23 сакавіка.
Беларусь высылае ўкраінскіх дыпламатаў. Ім дадзена 72 гадзіны на тое, каб пакінуць краіну.
МУС апублікаваў спіс «экстрэмістаў», у які ўваходзяць 140 асоб, пераважная большасць з якіх — тыя, хто зараз за кратамі. У гэтым спісе можна пабачыць імёны Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, Міколы Дзядка, Паўла Севярынца і інш.
Затрыманая сацыёлаг і метадолаг, паплечніца Уладзіміра МацкевічаТацяна Вадалажская. Яе затрымалі пасля допыту ў СК.
Палітвязня Міколу Дзядка на 4 месяцы змясцілі ў ПКТ. У горацкай калоніі на зняволенага працягваюць аказваць ціск.
Прайшоў ператрус у сям'і Дашкевічаў. Дзмітрыя Дашкевіча забралі.
Беларускія вайскоўцы звязваюцца з украінскімі калегамі і просяць узяць іх у палон у выпадку вайны. Прынамсі, так пра гэта гавораць украінскія афіцэры.
На гродзенскага хірурга данос «прыляцеў»... з мясцовай хіміі! Тамтэйшы в. а. начальніка «праявіў бдзіцельнасць», якая каштавала 25 базавых велічынь.