Навіны тыдня паводле версіі «Бі-бі-сі»: забаронены расійскі чай, смс-павесткі і кватэра Цапкалаў

Руская служба брытанскага выдання «Бі-бі-сі» сабрала самыя важныя і цікавыя, на яе погляд, навіны з Беларусі, якія адбыліся за гэты тыдзень.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Лукашэнка падпісаў закон аб СМС-павестках і прызыве ў войска

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». Гэты дакумент прадугледжвае некалькі важных паправак, якія тычацца вайсковай службы і мабілізацыі ў Беларусі.

Улады вырашылі палегчыць працэдуру выкліку ў ваенкамат — цяпер для гэтага будзе дастаткова адправіць прызыўніку СМС-паведамленне (аператары сувязі на запыт ваенкаматаў павінны будуць прадастаўляць даныя абаненцкіх нумароў ваеннаабавязаных).

Папяровыя павесткі пры гэтым можна будзе адсылаць не толькі па месцы прапіскі, але і па месцы службы.


Глядзіце таксама

За ўхіленне ад войска прызыўніку будзе пагражаць не два, а тры гады пазбаўлення волі або «хатняй хіміі».

У вайскоўцаў будзе магчымасць абмежаваць выезд з краіны беларусам, якія «парушаюць абавязкі па вайсковым уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу».

Гэтак жа, «у мэтах забеспячэння інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі» на вайсковую службу па кантракце можна будзе набіраць людзей, якія знаходзяцца пад следствам, а таксама зняволеных з калоній — раней закон забараняў гэта рабіць.

Законапраект аб нацыянальнай бяспецы быў прыняты ў першым чытанні ў лістападзе мінулага года і ў другім — 28 лютага 2024 года.

Літва прапанавала ануляваць ВНЖ беларусам, якія часта ездзяць дадому

Літоўскія ўлады прапануюць ануляваць часовы від на жыхарства беларусам, якія ездзілі дадому часцей за адзін раз на месяц цягам апошняга года, гаворыцца на сайце Сейма.

Такім чынам Вільня спрабуе змагацца з грамадзянамі, якія патэнцыйна могуць супрацоўнічаць з беларускімі спецслужбамі.

«Пераважная большасць беларусаў, якія маюць дазвол на часовае пражыванне ў Літве, вяртаюцца ў Беларусь больш-менш рэгулярна. У снежні мінулага года былі зарэгістраваныя тысячы такіх выпадкаў, — гаворыцца ў дакуменце. — У гэтых людзей ёсць сям'я, сябры і сваякі ў Беларусі, і яны вяртаюцца туды падчас асноўных святаў у годзе. Аднак там іх могуць завербаваць, папрасіць выконваць пэўныя выведвальныя функцыі».


Глядзіце таксама

Паводле звестак літоўскіх уладаў, колькасць беларусаў, якія атрымалі ВНЖ у Літве, вырасла з 23 тысяч у 2022 годзе да 31 тысячы ў 2023-м.

Ануляванне ВНЖ прапануюць распаўсюдзіць і на расійскіх грамадзян.

Акрамя таго, дэпутаты прапанавалі ануляваць дазволы на часовае пражыванне ў Літве беларусам і расійцам за публічнае адабрэнне расійскай агрэсіі.

Каментуючы прапанову Сейма Літвы, лідарка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская заявіла, што ў такім выглядзе папраўкі не павінны быць прынятыя.

«Тыя, хто могуць перасякаць мяжу без страху апынуцца ў турме, робяць гэта не праз любоў да Лукашэнкі або падтрымку вайсковай агрэсіі супраць Украіны, а з асабістых прычын», — сказала Ціханоўская.

У Беларусі забаранілі расійскі чай

У Беларусі забаранілі ўвоз чаю і іншай прадукцыі буйной расійскай кампаніі «Орими». Яна вырабляе такія вядомыя маркі, як «Гіта», «Прынцэса Кандзі» і «Прынцэса Нуры».

Паводле інфармацыі санітарных службаў, ва ўзорах чаю была знойдзена цвіль, прычым яе колькасць перавышала дапушчальную ў Беларусі норму. Прадукцыю фірмы павінны выключыць з абарачэння.


Глядзіце таксама

Міністэрства аховы здароўя Беларусі падкрэсліла, што ўведзеныя абмежаванні носяць часовы характар і будуць знятыя, калі якасць чаю ад «Орими» падвысіцца.

Кватэру мужа і жонкі Цапкалаў усё-ткі прадалі

Беларускія ўлады ўсё-ткі прадалі кватэру экс-кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы і яго жонкі Веранікі — праўда, з другой спробы.

Пра гэта паведаміла сама Вераніка Цапкала ў сябе ў Фэйсбуку, нагадаўшы, што на жылплошчу таксама прэтэндуюць двое непаўналетніх дзяцей пары і што яе продаж павінен лічыцца незаконным.

Вераніка Цапкала дадала, што звярнулася ў Генпракуратуру, СК і Мінскі гарадскі суд з патрабаваннем правесці расследаванне, аднак «у адказ атрымала адпіскі, якія не ўтрымліваюць адказаў на пастаўленыя пытанні».


Глядзіце таксама

Да допісу Цапкала прыклала копію звароту да генпракурора Беларусі Андрэя Шведа, а ў тэксце прыстрашыла высяленнем людзей, якія набылі кватэру.

Кватэра мужа і жонкі Цапкалаў у Мінску была выстаўлена на таргі ў канцы мінулага года. Першапачаткова аўкцыён адмянілі з-за адсутнасці жадаючых, аднак у выніку яе ўсё ж удалося прадаць.

Гэта не першы выпадак, калі нерухомасць беларускіх апазіцыянераў сыходзіць з малатка. Раней беларускія ўлады выставілі на таргі кватэру яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Сяргея Ціханоўскага — як пісалі СМІ, жылплошчу ўдалося прадаць толькі з трэцяй спробы.