Назіральнікі прапаноўваюць Лідзіі Ярмошынай стварыць беларускамоўную версію сайта ЦВК
Гэты антыдыскрымінацыйны крок асабліва важны, паколькі суб’екты выбарчага працэсу актыўна карыстаюцца беларускай мовай, лічыць аўтар звароту Валянцін Стэфановіч.
![Валянцін Стэфановіч Валянцін Стэфановіч](/img/v1/userfiles/images/stefanovich_2016.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Валянцін Стэфановіч
Выкладаючы сваю прапанову, Валянцін Стэфановіч адзначае наяўнасць на сайце Цэнтральнай камісіі версіі для асобаў з кепскім зрокам, што робіць сайт даступным для ўсіх грамадзянаў краіны, у тым ліку і з фізічнымі асаблівасцямі.
Па сутнасці свайго звароту, праваабаронца нагадвае чыноўніцы, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, і выказвае засмучэнне, што сайт Цэнтральнай камісіі функцыянуе толькі на адной з іх – рускай.
“Адсутнасць беларускамоўнай версіі сайта, паводле нашага глыбокага пераканання, не спрыяе на практыцы ажыццяўленню ў поўнай меры прынцыпа роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў, замацаванага ў Артыкуле 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі”.
Таксама ён прыводзіць артыкул 2 Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” ад 26 студзеня 1990 года, паводле якога беларуская дзяржава забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а грамадзянам гарантуе права карыстацца нацыянальнай мовай і абіраць мову зносінаў.
“Наяўнасць беларускамоўнай версіі сайта на практыцы спрыяла б большаму ўжыванню беларускай мовы ў такой важнай сферы грамадскага і палітычнага жыцця краіны як выбары”,
— гаворыцца ў звароце.
Падкрэсліваючы важнасць беларускамоўнай версіі сайта ЦВК, незалежныя назіральнікі апелююць да таго факта, што некаторыя суб’екты выбарчага працэсу актыўна карыстаюцца беларускай мовай у перыяд правядзення выбарчых кампаній.
Паводле spring96.org