У Гродна зноў праблемы з навучаннем па-беларуску
Навучанне па-беларуску ў школе №34 Гродна, для будучых першакласнікаў, зноў пад пытаннем. Паводле папярэдніх дадзеных за чэрвень, пакуль не было адпаведных заявак ад бацькоў. У гэтай школе беларускамоўнае навучанне вядзецца ўжо пяць гадоў. У той жа час у яшчэ адной базавай школе — №32, першы беларускі клас напэўна будзе.
Кажа старшыня абласной рады «Таварыства беларускай мовы» Алесь Крой:
— На жаль у школе №34, па звестках адміністрацыі, сітуацыя значна горшая — за першыя тры тыдні чэрвеня месяца пакуль не пададзена ніводнай заявы. Яны спадзяюцца на тое, што ў апошні месяц жнівень бацькі ўсё ж такі з тых школ, куды яны збіраліся напачатку падаваць заявы, перадумаюць, ці не атрымаецца ў іх у гімназіі, ці ў якія іншыя навучальныя ўстановы паступіць, і яны ўсё ж такі вернуцца менавіта ў школу №34.
Паколькі школы знаходзяцца не ў цэнтры Гародні, важны чыннік для навучання — гэта лагістычная праблема. Для навучання ў сярэдняй школе №32 такой праблемы няма.
Як мяркуе Алесь Крой, новы аўтобусны маршрут №30 зручна звязвае новы раён Гародні „Альшанку” — з «Дзевятоўкай», дзе і знаходзіцца школа.
Паводле Радыё Рацыя