Зборная Беларусі па футболе будзе гуляць у вышыванках

Пра гэта ў інтэрв'ю Tribuna.com распавёў дырэктар дэпартамента па маркетынгу і камунікацыях Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Уладзімір Беражкоў. Таксама брэндам зборнай абраныя белыя крылы.

vyszyvanka4.jpg

«Мы пастанавілі, што на форме будзе вышыванка, — сказаў Беражкоў. — Я ўжо адкрыю сакрэт у гэтым інтэрв'ю, што сам лагатып будзе вышыванкай, у аснове якой будзе адзін з элементаў азбукі беларускага арнаменту. Некалькі дызайнераў працуе над гэтым рашэннем. Мы абярэм лепшы варыянт. Выніковы лагатып будзе арганічна ўпісаны ў гульнявую форму, у трэніровачную, і нават у спецыяльную лінейку адзення, якую плануем распрацаваць.

Мы хочам, каб ужо на матч супраць зборнай Францыі [першы матч адборачнага турніру чэмпіянату свету, пройдзе 4 верасня — НН] людзі прыйшлі ў вышыванках.

Перад намі пастаўлена звышзадача. У нас будзе прэзентацыя формы. Людзі, якія нешта разумеюць у гэтым, будуць падрабязна распавядаць аб нашай вопратцы.

Кожны знак беларускага арнаменту адказвае нейкім паняццям: агонь, багацце, душа, вясна, жыццё, ураджай. У кожным паняцці ёсць свая філасофія. Чалавек, які адзявае майку з арнаментам, адухаўляецца з гэтай ідэяй.

Я ўпэўнены, нават каманда будзе гуляць па-іншаму.

У нас не будзе проста нейкая закаручка або адзінкавае дызайнерскае рашэнне. Гэта будзе менавіта гістарычны і графічны сімвал, які насілі нашы продкі і пралівалі кроў за яго. Гэты сімвал будзе напоўнены сэнсам. Упэўнены, што ён дапаможа і заўзятарам, і самой зборнай».

— Ці плануюцца ў сувязі з гісторыяй па брэнду маштабныя медыйныя праекты?

— Абавязкова. Без гэтага ніяк.

Паводле Нашай Нівы