«Назвалі фашысткай і кінулі за краты». Гісторыя медсястры, якая заступілася за БЧБ-сцяг
У 2020 годзе медыкі былі на баку народа і моцна за гэта пацярпелі. Многія апынуліся за кратамі, а пасля былі вымушаныя пакінуць краіну. Менавіта так здарылася з Кацярынай.
У Польшчу прыехала пасля пратэстаў
Кацярына працавала ў Беларусі медсястрой, у Польшчы працягвае свой занятак, але ёй даводзіцца давучвацца. Справа ў тым, што ў Еўрапейскім Саюзе для таго, каб працаваць медсястрой, трэба атрымаць вышэйшую адукацыю.
Дзяўчына пераехала ў Польшчу пасля падзей 20-га года, але сціпла заўважае, што яе больш прыцягнулі польскія карані — у яе польскае паходжанне. Тым не менш пры згадцы беларускіх падзей высвятляецца, што яна адбывала пакаранне ў вязніцы за ўдзел у пратэстах.
Пра тое, што давялося перажыць, імкнецца не расказваць, маўляў, іншыя людзі значна больш пацярпелі. З павагай згадвае тых, з кім разам знаходзілася за кратамі, піша «Польскае радыё».
— Людзі, якіх давялося тады сустрэць — гэта былі найлепшыя людзі, якія толькі могуць быць. Адукаваныя, высокакультурныя, шмат хто займаў высокія пасады на працы, імкнуліся дапамагаць адно аднаму, падтрымлівалі. І ты там разумееш, што ўсё, што адбывалася, не дарма. Бо ты на баку справядлівых, шчырых людзей, і гэта табе дапамагае трываць далей і адбываць пакаранне.
Заступілася за бел-чырвона-белы сцяг
Падчас пратэстаў Кацярына аказвала медыцынскую дапамогу тым, хто пацярпеў ад міліцэйскіх дручкоў, каго моцна збілі. Яна згадвае, што міліцыянты яе спачатку толькі штурхалі, адпіхвалі, калі яна спрабавала дапамагчы параненым, але ў аўтазак не цягнулі. І ўсё ж наступіў момант, калі давялося адчуць іх сапраўднае стаўленне.
— Для іх такой «чырвонай анучай» стаў момант, калі я падняла бел-чырвона-белы сцяг. АМАПавец адабраў яго ў некага і кінуў на сметнік, а я падышла і падняла…
— Чаму вы гэта зрабілі? Вы ж, напэўна, здагадваліся пра наступствы?
— Таму што гэта наш сапраўдны гістарычны сімвал, сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта наша гісторыя, і яе нельга выкідваць і таптаць. Яны выкінулі, а я адразу падняла, не чакала, пакуль яны адыдуць. Я зрабіла гэта пры іх і сказала, што нашу гісторыю нельга таптаць. Мяне адразу абазвалі фашысткай, іншымі словамі, што мы нічога не разумеем, што мы дурні, і ўсё…
Дзяўчына трохі задумалася і дадала, што не зрабіла гэта некаму на зло, а папросту таму, што так падказала сумленне. Ёй наогул тады было крыўдна за тое, што рабілі з яе народам.
— Адчувала боль, бо што яшчэ магла тады адчуваць? Усё тое войска, якое павінна абараняць свой народ, яно збівае яго, катуе. А менавіта гэты народ плаціць падаткі, корміць яго, апранае. За што яго збіваць? За тое, што людзі хацелі праўды? За тое, каб іх у сваёй краіне лічыліся людзьмі, палічылі іх галасы? Акрамя болю, што яшчэ можна было адчуваць?
Дзень нараджэння з гарбатай і хлебам
І было яшчэ крыўдна, што за краты патрапіла, дапамагаючы людзям.
— За тое, што я як медсястра дапамагала людзям, якіх там збівалі, і апынуцца праз гэта ў турме — гэта ненармальна, і псіхалагічна перажываеш. Да ўсяго, у мяне быў дзень народзінаў, які адзначыла за кратамі. А яшчэ ведала, што на працы ў дзіцячым шпіталі дакладна няма каму выйсці на дзяжурства, бо персаналу не хапае, але цябе ўсё роўна трымаюць за кратамі. Але, зноў жа, дзякуючы людзям, з якімі тады пазнаёмілася, гэта быў непаўторны досвед у маім жыцці.
Дарэчы, дзень нараджэння за кратамі адзначалі, як кажа Кацярына, з хлебам.
— Замест торта ў нас быў хлеб. Нам не дазвалялі ніякіх перадач, таму не было ніякіх смачнасцей. У нас былі толькі гарбата і хлеб.
Гэта самае неверагоднае, што бачыла ў жыцці
Яшчэ, згадваючы той 20-ты год, Кацярына кажа, што яе тады вельмі здзівіў беларускі народ, асабліва сваёй смеласцю, у якой яго ніколі не падазравала.
— Мірныя людзі — я толькі здзіўлялася іх смеласці. Не пабаяліся выказаць сваю волю без нічога, проста ў цішотках, джынсах і красоўках…
У Еўропе больш магчымасцяў для чалавека
У 2021 годзе Кацярына пакінула Беларусь. На працы за ёй быў нагляд, паколькі была асуджанай, і сама атмасфера ў краіне не спрыяла нармальнаму жыццю. У Польшчы хутка адаптавалася, бо ведала мову і праблем з легалізацыяй таксама не адчула.
Праўда, кажа, што і ў Беларусі на жыццё не скардзілася, было больш вольнага часу, а тут даводзіцца яшчэ вучыцца, каб у далейшым працаваць па сваёй спецыяльнасці. Паводле яе, і ў адной, і другой краіне ёсць свае плюсы і мінусы.
— Зразумела, я тут больш зарабляю, але тут жыццё даражэйшае і выдаткі большыя. Вялікія кошты тут аддаеш на жыллё, у Беларусі на гэта ішло менш сродкаў. Там я была сярэднестатыстычным чалавекам і тут сябе таксама адчуваю. Зразумела, у Еўропе больш магчымасцей. І выехаць можна, і больш танныя квіткі на самалёты. Цяпер жа беларусы жывуць па ўсім свеце, і больш шанцаў сустрэцца. А тут проста: да Швецыі можаш даляцець за 10 еўра.
Цікаўлюся ў дзяўчыны — адкуль такое добрае веданне беларускай і польскай моваў?
— З сям’і. У мяне ў сям’і ўсе размаўляюць на беларускай мове, і я з дзяцінства размаўляла на ёй. Польская таксама прысутнічала. Я каталічка, з дзяцінства хадзіла ў касцёл, а там была польская мова.
Эміграцыя выглядае цяжка
Каця кажа, што ўвесь час імкнецца наведваць розныя імпрэзы, якія ладзяцца ў асяродку беларускай эміграцыі. Паводле яе слоў, там прыемна і пачуццё, нібы ты проста ў сябе, сярод сваіх людзей. Але што датычыць самой эміграцыі, то, паводле суразмоўцы, гэта не мёд для людзей.
— Добра жыве той, хто можа працаваць дыстанцыйна. Я не кажу ўжо аб ІТ-сферы, але, да прыкладу, бухгалтары, эканамісты, тыя, хто ведаюць замежныя мовы — ім лягчэй. А сярэднестатыстычнаму чалавеку складана. Вось гляджу: акторы, рэжысёры — ім няма тут працы. Таму няпроста глядзець на людзей, якія пакінулі свае кватэры і дамы, пераехалі сюды і павінны здымаць жыллё, а іх там пустуе. Дзецям складана спачатку, бо мовы не ведаюць. Цяжка выглядае эміграцыя, бо ў чалавека няма стабільнасці.
Вельмі хочацца прайсці па вуліцах Мінска
Каця прызнаецца, што і сама вельмі сумуе па Беларусі. Асабліва па сям’і, блізкіх людзях, па калегах на працы…
— І вельмі хацелася б прайсці па вуліцах Мінска.
А яшчэ згадвае, што некалі, ездзячы ў іншыя гарады з Мінска, заўсёды засынала ў аўтобусе, а вось цяпер ёй здаецца, што было б інакш: глядзела б і глядзела ў акно.
— А яшчэ вельмі хачу адкрыць сваім ключом дзверы бацькоўскай хаты. Вось гэта мая самая вялікая мара. Магчыма я там не застануся, магчыма, назад паеду, але хочацца гэта зноў самой зрабіць…