«З кожным выкупам, штрафам, адціснутым бізнесам або кватэрай дабрабыт стабільнасці не падвышаецца. Дабрабыту ў стабільнасці становіцца толькі менш»

Красаўцы зарабілі на выкупах за данаты 365 тысяч долараў. «Але ці насамрэч зарабілі?» — задаецца пытаннем ТГ-канал «Лісты да дачкі».

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas2_logo_2.jpg

Думаў спачатку напісаць, можа, пра электаральны працэс у Расіі. Але што вы, электаральных працэсаў не бачылі? Электаральныя працэсы — яны ўсюды аднолькавыя. Той, хто бачыў электаральны працэс у Беларусі, той лічы бачыў іх усе. Пасля беларускага электаральнага працэсу мне да расійскага электаральнага працэсу дадаць няма чаго.

Тут красаўцы на днях пахваліліся, што яны сабралі 365 тысяч долараў выкупу з 260 чалавек, якія рабілі данаты. Папоўнілі, так бы мовіць, дзяржаўную казну. Ну, кшталту, нездарма мы, гэта, ямо свой хлеб, разумееце. Павышаем, значыць узровень самаакупнасці і рухаемся як бы ў бок самафінансавання.

І вось я падумаў, што ўсе гэтыя красаўцы, якія выбіваюць з людзей выкупы, рабуюць, адціскаюць кватэры, яны ж на самой справе думаюць, што яны такім чынам павышаюць узровень дабрабыту дзяржавы. Ці, прынамсі, узровень дабрабыту сваёй стабільнасці.

Таму што вось жа яны, 365 тысяч, якія залічаны ў дзяржаўную казну. Гэта значыць дзяржаўная казна стала на 365 тысяч долараў багацей. А калі адціснуць ў чалавека кватэру і потым яе прадаць, то дзяржаўную казну можна вельмі прыстойна папоўніць з аднаго разу. А калі дзяржаўная казна стала багацей, то дабрабыт стабільнасці вырас. Лагічна ж?


Глядзіце таксама

І вось я падазраю, што так думаюць не толькі красаўцы. Ну а што красаўцы? Красаўцам займацца разумовымі працэсамі не паложана ў адпаведнасці са штатным раскладам. Не пра іх гаворка. Але я практычна ўпэўнены, што так думаюць і сведкі стабільнасці самага высокага ўзроўню. А гарант стабільнасці ў гэтым дык нават і не сумняваецца.

Нездарма ж яны цяпер масава ладзяць завочныя суды. Гэта ж не дзеля адной толькі помсты. Тут жа сэнс яшчэ і ў тым, што ў завочна асуджанага можна будзе адціснуць яго маёмасць. А потым адціснутую маёмасць прадаць і папоўніць узровень дабрабыту стабільнасці.

Але ты ж разумееш, што насамрэч усё роўна наадварот? Што з кожным выкупам, штрафам, адціснутым бізнесам або кватэрай дабрабыт стабільнасці не падвышаецца. Дабрабыту ў стабільнасці становіцца толькі менш.

Таму што самі па сабе аднятыя кватэры і нарабаваныя грашовыя знакі дадатковага кошту ствараць не ўмеюць. Грашовыя знакі — гэта наогул умоўныя адзінкі, якія без людзей не працуюць. А чым больш і часцей красаўцы (у шырокім сэнсе гэтага слова) рабуюць, тым менш у краіне застаецца людзей.

Вось яны цяпер пахваліліся, што выбілі 365 тысяч долараў выкупу з 260 чалавек. Дык калі гэта іх хвальба прастымулюе ад'езд з краіны хоць бы тысячы чалавек, то краіна страціць значна больш, чым 365 тысяч долараў. А красаўцы за апошнія тры гады прастымулявалі з'ехаць не тысячу чалавек. І не тры тысячы чалавек. Яны прастымулявалі ад'езд 350 тысяч чалавек — у адпаведнасці з іх уласнымі, красаўцаў, падлікамі.


Глядзіце таксама

Вось толку вам ад адціснутай кватэры. У лепшым выпадку гэтай адціснутай кватэрай можна ўзнагародзіць ГУБАЗіК, што асабліва вызначыўся. Але ГУБАЗіК нацыянальнага багацця ствараць не ўмее. ГУБАЗіК умее нацыянальнае багацце толькі адымаць, дзяліць і знішчаць.

І чым часцей ГУБАЗіК дзеліць, тым менш нацыянальнага багацця застаецца ў краіне. Таму што нават сакрэтныя карысныя выкапні нічога не могуць дадаць да нацыянальнага багацця краіны, калі ў краіне не хапае людзей, каб гэтыя сакрэтныя выкапні здабываць.

Але беларускія ўлады ж упэўненыя, што галоўнае ў нацыянальным багацці — гэта ўменне яго правільна падзяліць. У сэнсе: гэта мне, а гэта таксама мне. І, у прынцыпе, дзяльбой нацыянальнага багацця беларускія ўлады займаюцца ўжо трыццаць гадоў. Проста апошнія тры гады яны дзеляць нацыянальнае багацце, нікога не саромеючыся. Дык не дзіўна, што за гэтыя трыццаць гадоў наша нацыянальнае багацце не моцна вырасла. А калі яго дзяліць з такой інтэнсіўнасцю, як беларускія ўлады дзеляць цяпер, то ад нацыянальнага багацця хутка наогул нічога не застанецца.