«Не хачу, каб маё імя выкарыстоўвалі для рэкламы БелТА»

Настаўніца адмовілася ўдзельнічаць у літаратурным конкурсе: "Не жадаю ўдзельнічаць у папулярызацыі дзейнасці арганізатараў конкурсу, як тое прадугледжана яго ўмовамі".

Размова ідзе пра пераклад з рускай мовы на беларускую раней невядомага верша Багдановіча “Дистихи”.

Размова ідзе пра пераклад з рускай мовы на беларускую раней невядомага верша Багдановіча “Дистихи”.

Міністэрства адукацыі накіравала ў абласныя ўпраўленні адукацыі і профільны камітэт Мінгарвыканкама распараджэнне “Аб удзеле ў конкурсе на літаратурны пераклад верша Максіма Багдановіча”.

З умовамі конкурсу прапануецца азнаёміцца на сайце дзяржаўнага інфармагенства БелТА. Ягоная дырэктарка Ірына Акуловіч з’яўляецца старшынёй журы літаратурнага конкурсу.

Аднак той факт, што журы конкурсу ўзначальвае Акуловіч, у некаторых настаўнікаў выклікае негатыўную рэакцыю.

000001_1547652662_393.jpg


Ужо зараз у школах прапануюць настаўнікам-філолагам удзельнічаць у згаданым конкурсе на лепшы пераклад “Двувершаў”. У прыватнасці, такую прапанову ад намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце атрымала настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 36 Гомеля Вольга Яўсеенка.

Я адмовілася браць удзел у конкурсе з некалькіх прычынаў, — распавяла карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Вольга Яўсеенка. — Па-першае, не маю досведу перакладу шэдэўраў нашага класіка. Да таго ж не жадаю ўдзельнічаць у папулярызацыі дзейнасці арганізатараў конкурсу, як тое прадугледжана яго ўмовамі. Спадарыня Акуловіч судзіцца з галоўнай рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай нібыта з-за выкарыстання пароляў у здабыванні інфармацыі. З гэтага суда смяецца ўвесь дасведчаны журналісцкі свет. Таму і не хачу, каб маё імя выкарыстоўвалі для рэкламы БелТА”.

На добры лад, лічыць спадарыня Вольга, зрабіць пераклад трэба было б прапанаваць не толькі выкладчыкам беларускай, але і рускай мовы. “Да таго ж няблага было б, каб і грамадскасць Расіі, а не толькі Беларусі, падключылася да гэтай працы. Няхай бы вучылі мову суседняй Беларусі”, — зазначае Вольга Яўсеенка.

Арганізатарамі конкурсу, апроч БелТА, выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, расійскі Інстытут сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Вынікі конкурсу на лепшы пераклад маюць абвесціць 2 красавіка ў так званы Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Паводле baj.by