«Немагчыма сабрацца на перапынку больш за 3 чалавек». Бацькі распавялі, як на дзяцей ціснуць у гімназіі

У пачатку тыдня больш за 70 бацькоў вучняў з 4-й мінскай гімназіі падпісалі зварот і накіравалі яго ў Мінгарвыканкам. Аўтары ліста заявілі, што дзеці падвяргаюцца псіхаэмацыйнаму ціску ў сценах школы, а адміністрацыя не хоча ісці на кантакт. Бацькі паведамляюць, што цяпер ім на працу паступаюць дзіўныя званкі: кіраўнікоў просяць «прасачыць» за супрацоўнікамі, якія выказваюць незадаволенасць.

xxl_3.jfif

У мінскай 4-й гімназіі ў пачатку навучальнага года пратэставалі дзеці, сюды прыязджала міліцыя і на вачах у дзяцей затрымала бацькоў траіх вучняў. Пасля гэтага бацькоў выклікалі на прафілактычныя саветы, а некаторым сем'ям прыйшлі позвы з міліцыі — былі складзены пратаколы на падставе арт. 9.4 «Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей», ідуць разбіральніцтвы.
Сем'і стаміліся ад эмацыйнага прэсінгу і склалі калектыўны зварот. У ім гаворыцца, што бацькі самастойна спрабавалі ўрэгуляваць праблемы, якія ўзніклі ў гімназіі, але безвынікова: «Кіраўніцтва гімназіі не ідзе на канструктыўны і эфектыўны дыялог».

Чым незадаволеныя бацькі

Аўтары ліста пералічваюць факты, якія яны лічаць недапушчальнымі ва ўстанове адукацыі. Пачалося ўсё яшчэ ў верасні, калі для 8-х класаў у актавай зале быў арганізаваны сход. Інспектар па справах непаўналетніх праводзіла гутарку пра прафілактыку злачынстваў. Па словах бацькоў, гутарка была вельмі рэзкай, дзецям паказвалі відэа-і фотаматэрыялы застрашвалага характару. У некаторых рабят у выніку «парушыўся сон, з'явіліся сімптомы эмацыйнай нестабільнасці». Бацькі звярнуліся да кіраўніцтва гімназіі з заявай аб недапушчальнасці такіх гутарак, дырэктар адказаў, што «нічога не ведаў, а інспектар прыйшла па сваёй ініцыятыве».
Пасля гэтага абстаноўка толькі напальвалася. Пасля падзей кастрычніка, калі школьнікі дазволілі сабе выказаць сваю пазіцыю (спявалі пратэсныя песні на перапынках, правялі акцыю з белымі лістамі ў калідоры), пачаўся моцны ціск на сем'і. Бацькі перакананыя, што правы іх дзяцей рэгулярна парушаюцца, паколькі школьнікаў пераследуюць за іх перакананні. У лісце гаворыцца пра тое, што адміністрацыя гімназіі перашкаджае зносінам дзяцей на перапынках, абмяжоўвае іх знаходжанне ў месцах агульнага карыстання.
— Дзеці паведамляюць, што ім немагчыма стала сабрацца на перапынку ў складзе больш за 3 чалавек, бо адразу падыходзіць нехта з педагогаў. Не аднойчы зафіксаваны факт фота- і відэаздымкі дзяцей з мэтай псіхалагічнага ціску на іх настаўнікамі і намеснікамі дырэктара без атрыманага дазволу на гэта ад законных прадстаўнікоў. Для правядзення гутаркі аб надуманым парушэнні дзіця могуць забраць з урока. Або прыходзяць для разглядаў на ўрок, тым самым адцягваючы дзяцей ад самога працэсу навучання.

9975d283_03cb_4a57_82c5_ecdf4addbb.jpg

Адна з акцый у сценах гімназіі

29 кастрычніка ў Правілы ўнутранага распарадку гімназіі былі ўнесены змены: дадаткова ўведзены пункт 3.17. аб забароне арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах на тэрыторыі гімназіі.
— Гімназія з'яўляецца грамадскім месцам, што само па сабе мае на ўвазе знаходжанне людзей вялікай колькасцю на яе тэрыторыі ў адзіны момант часу, — пішуць бацькі, — Трактоўка «Масавае мерапрыемства на тэрыторыі гімназіі» з'яўляецца незразумелай ні дзецям, ні бацькам, што цягне пашыранае тлумачэнне з боку адміністрацыі ў рэпрэсіўных мэтах.
У звароце бацькі ўспомнілі таксама пра затрыманне бацькі траіх дзяцей на вачах у школьнікаў. Абурылі ўсіх і паводзіны тэхнічнага работніка: «У фае яна паказала дзецям, якія знаходзіліся на перапынку, непрыстойную абразлівую фігуру з сярэдняга пальца, якая прыніжае чалавечую годнасць (пацвярджаецца фотаздымкай), а таксама крычала на іх, абразліва адклікалася пра іх, тым самым нанесла вялікую псіхалагічную шкоду навучэнцам.
Усе брамкі і дзверы ў гімназію з тых часоў зачыняюцца на замок, што перашкаджае нормам пажарнай бяспекі, перакананыя аўтары звароту.

Бацькам пачалі тэлефанаваць на працу з нагоды ліста


Аўтары звароту выказалі недавер адміністрацыі гімназіі і запатрабавалі правесці праверку па пералічаных фактах. Дакумент з подпісамі быў зарэгістраваны 8 снежня і адрасаваны старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і начальніку ўпраўлення па адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Журналістам не ўдалося атрымаць аператыўны каментар у гэтых ведамствах: у камітэце спецыялісты спасылаліся на занятасць, а ва ўпраўленні адукацыі начальнік адсутнічае да панядзелка.
Бацькі перакананыя, што праца над лістом ужо вядзецца, таму што ім на працу пачалі паступаць дзіўныя званкі.
«Мужа сёння выклікаў з нагоды нашага ліста кіраўнік. Пытаўся, чым незадаволены, выпытвалі, ці былі там у лісце заклікі да рэвалюцыі. Прасіў нідзе не ўдзельнічаць», — кажа адна з мам.
«Сёння быў званок на працу жонкі зверху з нагоды падпісанага ў гімназіі ліста, — пацвярджае другi з бацькоў. — Сказалі дырэктару, што такія людзі не павінны працаваць у дзяржаўнай установе. Дырэктар адказаў, што правядзе гутарку. Я так разумею, адміністрацыі няма чым больш заняцца, як вышчамляць нязгодных».
Раней дырэктар гімназіі №4 Андрэй Гоцман даваў журналістам разгорнуты каментар пра тое, што адбываецца ў школе. Ён распавёў, што канфрантацыя з некаторымі бацькамі пачалася яшчэ ў верасні. Тады, паводле яго слоў, ён размаўляў з групай зацікаўленых асоб у актавай зале, уладзіў канфлікт і дамовіўся, што школа павінна быць па-за палітыкай.
У кастрычніку дамоўленасць была парушаная, патлумачыў дырэктар. У тэлеграм-каналах была размешчана вялікая колькасць фатаграфій дзяцей з сімволікай, відэаролікаў іх выступаў, і гэта выклікала грамадскі рэзананс. Дзецьмі і бацькамі зацікавіліся «адпаведныя органы».
У адпаведнасці з заканадаўствам кіраўніцтва школы правяло два савета прафілактыкі, куды запрасілі найбольш актыўных дзяцей з іх бацькамі, правялі гутаркі, некалькім рабятам была абвешчана і вымова. У школу прыходзілі работнікі Фрунзенскага РУУС, запытвалі характарыстыкі аб некаторыя дзецях і іх сем'ях, праводзілі апытанні настаўнікаў і завуча. Таксама частку бацькоў выклікалі ў пракуратуру і праводзілі з імі гутаркі.
Кіраўніцтва школы забараніла збірацца дзецям на перапынках, таму што гэта падабалася не ўсім: «Вы думаеце, што ў гімназіі вучацца толькі дзеці з адной пазіцыяй? Сёння хто-небудзь хоча выйсці на перапынак проста пасядзець, у кагосьці галава разбалелася, камусьці хочацца паўтарыць хатняе заданне <...> Гэта дзяржаўная ўстанова адукацыі — і тут павінна быць камфортна вучыцца ўсім», — тлумачыў дырэктар.
rebenok.by