Ніякіх пацалункаў, «качаем»! Беларусаў хочуць навучыць правілам рэанімацыі
У Беларусі ад спынення сэрца памірае прыкладна каля 15 тысяч чалавек у год. Але многіх з іх можна было б выратаваць, калі б да прыезду «хуткай» ім своечасова была аказаная першая дапамога. Мозг гіне праз 3 хвіліны пасля спынення сэрца. І жыццё чалавека залежыць ад таго, хто ў гэты момант аказаўся побач.
На жаль, беларусы ў большасці не валодаюць навыкамі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, каб у крытычны момант выратаваць выпадковага чалавека або свайго блізкага. Летась у Беларусі ўрачы анестэзіёлагі-рэаніматолагі стварылі праект Bycardio, каб змяніць гэтую сітуацыю і навучыць людзей навыкам сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Пра праект, яго мэты і вопыт іншых краін мы паразмаўлялі з адным з сузаснавальнікаў Bycardio ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам Глебам Юрынком.
— Глеб, раскажыце, калі ласка, што паўплывала на ўзнікненне праекта Bycardio?
— Шэсць гадоў я працаваў на Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі і часта сутыкаўся на выездзе з сітуацыяй, калі чалавеку патрабавалася сардэчна-лёгачная рэанімацыя, а рэанімацыйныя мерапрыемствы да прыезду хуткай ніхто не праводзіў. У большасці выпадкаў нашы дзеянні ў такой сітуацыі былі ўжо безвыніковыя. Чалавечы мозг памірае праз 3 хвіліны пасля спынення сэрца, і жыццё чалавека ў такіх выпадках залежыць ад таго, хто аказаўся побач. Паступова я пачаў задавацца пытаннем, а што ёсць у нас для навучання людзей навыкам аказання першай дапамогі.
— І што ў Беларусі ёсць?
— А ў Беларусі фактычна нічога няма. Не было раней, няма і цяпер. Ёсць курсы першай дапамогі ад Беларускага Чырвонага Крыжа. Але трэба разумець, што Чырвоны Крыж — гэта агромністая арганізацыя, у якой мноства розных задач, і навучанне навыкам першай дапамогі не іх галоўная задача. У свеце існуе дзве арганізацыі, якія займаюцца складаннем міжнародных пратаколаў, правілаў правядзення сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, адукацыйных праграм розных узроўняў па навучанні навыкам аказання першай дапамогі як для медыкаў, так і для простых людзей. Гэта Амерыканская кардыялагічная асацыяцыя і Еўрапейскі савет па рэанімацыі. І Беларусь не ўваходзіць у Еўрапейскі савет па рэанімацыі, таму што ў нас няма Нацыянальнага савета па рэанімацыі. Дзіўна, што мы ўваходзім ў Еўрапейскае таварыства анестэзіёлагаў, але чамусьці не ўваходзім у Еўрапейскі савет па рэанімацыі, хаця спецыяльнасць у нас адна — анестэзіёлаг-рэаніматолаг.
— Які эфект дае дзейнасць Еўрапейскага савета па рэанімацыі?
— У Еўропе амаль кожны дарослы чалавек можа аказаць першую рэанімацыйную дапамогу. Людзі вучацца гэтаму яшчэ са школы, а далей — у каледжах, універсітэтах, на працы. Цяпер вельмі папулярна і прэстыжна ў Еўропе пры ўладкаванні на працу мець пасведчанне аб праходжанні курсаў першай дапамогі. У Еўропе ў гандлёвых цэнтрах, аэрапортах, нават прыбіральнях на сценах вісяць дэфібрылятары. Гэта нармальна. І вось на гэтай хвалі мая калега Алена Дундарава вырашыла стварыць праект Bycardio — курсы першай дапамогі пры спыненнні сэрца.
У кастрычніку 2019 года да праекта далучыўся я, а потым яшчэ адзін наш калега, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Вячаслаў Маркаў, адзін з нямногіх у Беларусі, хто прайшоў курсы Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі і з’яўляецца сертыфікаваным інструктарам. У нашага праекта ёсць некалькі мэтаў. Па-першае, мы хочам праводзіць курсы дапамогі пры спыненні сэрца як для простых людзей, так і для медыкаў. Збіраемся праводзіць курсы як па нацыянальнай, так і па міжнароднай праграме. Па-другое, арганізаваць Нацыянальны савет па рэанімацыі, стварыць адзіную дзяржаўную праграму па навучанню насельніцтва і медыкаў рэанімацыйным мерапрыемствам. Па-трэцяе, ствараць і папулярызаваць сацыяльна-медыцынскую рэкламу.
— Давайце цяпер больш падрабязна пра курсы першай дапамогі, якія вы плануеце праводзіць. Як яны будуць выглядаць?
— Асноўны курс, які будзем праводзіць, гэта міжнародны курс BLS (Basic Life Support). Гэты курс будзе як для медыкаў, так і не медыкаў. Гэта база, якая заключаецца ў непрамым масажы сэрца, штучнай вентыляцыі лёгкіх, аўтаматычнай вонкавай дэфібрыляцыі. У групах, мяркуючы па нашым вопыце, павінна быць не больш за 10 чалавек на аднаго інструктара. Усе нашы інструктары будуць менавіта дактарамі. Заняткі будуць па 2-3 гадзіны. Але мы будзем адказваць на любыя пытанні, які тычацца першай дапамогі не толькі пры спыненні сэрца. Таму час заняткаў можа павялічвацца да трох гадзін.
Мы хочам праводзіць танныя і даступныя курсы. У ЗША курс BLS каштуе прыкладна 100 долараў, наш курс будзе каштаваць нашмат танней, але кошт будзе залежыць яшчэ і ад арэнды, яна ў Мінску вельмі дарагая. Таксама ў нас няма свайго манекена. Прыходзіцца пазычаць у БДМУ, на Гарадской станцыі хуткай дапамогі. Цяпер мы хацелі бы запусціць краўдфандынгавую кампанію або знайсці спонсара ці інвестара, каб назбіраць грошы на манекен. У будучым плануем праводзіць элітны курс ACLS (Advanced Cardiovascular Life Support) — расшыраны курс рэанімацыйных мерапрыемстваў пад эгідай Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі і Еўрапейскага савета па рэанімацыі. Гэты курс прызначаны выключна для медыкаў, бо не ўсе медыкі таксама могуць правільна рэанімаваць. Пакуль што гэты курс не мае такога значэння, якое ён мае ў Заходняй Еўропе ці Амерыцы. Там ён абавязковы для доктара.
— Наступная ваша мэта — стварыць Нацыянальны Савет па рэанімацыі. Раскажыце крыху пра гэта.
— Нацыянальны савет па рэанімацыі ёсць у кожнай краіне. Гэта неабходна. На гэту тэму я размаўляў з галоўным пазаштатным анестэзіёлагам-рэаніматолагам Міністэрства аховы здароўя Аляксандрам Дзядзько. Ён гэта падтрымлівае. Акрамя гэтага я прэзентаваў ідэю на пасяджэнні Беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Рэакцыя таксама была станоўчая. Мы ўжо распрацавалі план стварэння савета, плануем, што ён будзе ўваходзіць у Беларускае таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Нацыянальны савет будзе ствараць адзіныя праграмы навучання, адзіныя пратаколы, кантраляваць іх выкананне.
Клінічныя пратаколы па інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі былі зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя больш за 15 гадоў таму. Зусім нядаўна выйшла першая частка рэкамендацый па інтэнсіўнай тэрапіі, напісаная Беларускім таварыствам анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. У сакавіку плануецца выхад другой часткі. Там будзе падрабязна апісаны алгарытм рэанімацыйных мерапрыемстваў. Савет стандартызуе ўсё, чым мы займаемся, і праект Bycardio будзе як бы ў межах Нацыянальнага савета па рэанімацыі. Навошта гэта нам трэба? Каб мы праводзілі курсы па нацыянальнай праграме. Гэта значна. Цяпер мы праводзім курсы па міжнароднай праграме, але міжнародныя праграмы не зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя.
Навошта яшчэ патрэбен Нацыянальны савет? Менавіта Нацыянальны савет і займаецца размяшчэннем у грамадскіх месцах дэфібрылятараў. Таксама, калі будзе створаны Нацыянальны савет па рэанімацыі, то тады ўжо можна весці размову, напрыклад, з Міністэрствам адукацыі, каб праводзіць у школах курсы аказання першай дапамогі, бо гэтаму трэба вучыць дзяцей з самых малых гадоў. Калі казаць пра сацыяльна-медыцынскую рэкламу, то яе пакуль у краіне зусім няма, і гэтым таксама трэба займацца, дзеля папулярызацыі медыцынскай пісьменнасці сярод насельніцтва.
— А ці магчыма навучыцца першапачатковай рэанімацыі праз інтэрнэт?
— Даведацца, як гэта робіцца — так, але навучыцца — не. Як вы зразумееце, як трэба ціснуць на грудную клетку, каб гэта было на 5-6 сантыметраў у глыбіню з частатой 100-120 націсканняў у хвіліну, не адпрацаваўшы гэта ўсё на манекене? Гэта немагчыма. Што такое рукі ў замку не сагнутыя ў локцях пад вуглом 90 градусаў, асновы далоняў строга па сярэдняй лініі вышэй мечападобнага адростка або цэнтра грудной клеткі? Гэты навык немагчыма замацаваць, калі не адпрацаваць яго на манекене рукамі. У гэтым сутнасць.
Чалавек павінен прыйсці і адпрацаваць усё па 10 разоў на манекене і здаць экзамен, як здаюць на амерыканскіх ці еўрапейскіх курсах. Там на такіх курсах тэорыя высылаецца яшчэ за месяц, непасрэдна на курсах толькі практыка, пасля якіх ідзе абавязковы экзамен, які можна не здаць. Лепшыя могуць атрымаць прапанову стаць кандыдатамі ў інструктары. Я прайшоў такія курсы і стаў кандыдатам у інструктары. Каб стаць паўнавартасным інструктарам, трэба ўжо ісці на спецыяльныя інструктарскія курсы. Што наогул добрага ў нашай ідэі: тут няма кампрамісу, сумненняў. Наша ідэя адназначна патрэбна ў рэалізацыі. Мая мара, каб кожны беларус умеў праводзіць курсы першай дапамогі.
— Вось давайце крыху памарым, што будзе калі ў вас усё атрымаецца?
— Будзе тое, што мы і хацелі, узровень пісьменнасці насельніцтва ў пытаннях аказання сардэчна-лёгачнай рэанімацыі вырасце да максімуму, неабходнага для ратавання чалавечага жыцця ў крытычных сітуацыях да прыезду хуткай дапамогі.
Фота праекта Bycardio