Нелегітымны рэферэндум 1995 года
Канстытуцыя не стала галоўным дзеючым законам краіны. Яе «перапісвалі», насамрэч, тройчы. Але ніводзін з праведзеных у Беларусі рэферэндумаў не быў легітымным. Нават першы — рэферэндум 14 мая 1995 года.
Рэферэндум — 1995
З ініцыятывай правядзення рэферэндуму выступіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў на ўсенароднае абмеркаванне чатыры пытанні. Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай? Ці падтрымліваеце вы прапанову аб усталяванні новых дзяржаўнага сцяга і дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? Ці згодныя вы з неабходнасцю ўнясення зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?
Ужо ад пачатку фармулёўкі пытанняў былі незаконнымі. Яны супярэчылі Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (прэамбуле і артыкулам 1, 2 і 3), Канстытуцыі (прэамбуле, артыкулам 17 і 78), Закону «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» (арт. 3). Першае і другое пытанні груба парушалі «неад’емнае права беларускага народа на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, гарантыі існавання беларускай культуры і мовы». Нельга было выносіць на рэферэндум пытанне аб мове і аб нацыянальных дзяржаўных сімвалах.
Пытанне аб адабрэнні прарасійскай палітыкі супярэчыць суверэннай нацыянальнай дзяржаўнасці. Акрамя таго, яно парушае міжнародныя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь.
Фармулёўка чацвёртага пытання аб прадастаўленні прэзідэнту права спыніць паўнамоцтвы парламента «ў выпадках сістэматычнага або грубага парушэння ім Канстытуцыі» ідзе ў разрэз з нормай Дэкларацыі аб суверэнітэце, згодна з якой толькі Вярхоўны Савет мае права выступаць ад імя беларускага народа, а таксама з шэрагам палажэнняў Канстытуцыі.
Гэты рэферэндум быў прызначаны і з парушэннем працэдуры. 11 красавіка 1995 года Вярхоўны Савет 12-га склікання прыступіў да разгляду прапановы Лукашэнкі, супраць якой выступілі дэпутаты ад БНФ. У выніку ВС не падтрымаў ініцыятыву кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка заявіў, што прыпыніць дзейнасць парламента і ўсё адно правядзе рэферэндум. У знак пратэсту дэпутаты ад БНФ абвясцілі галадоўку ў зале пасяджэнняў парламента. Уначы з 11 на 12 красавіка ў парламент уварваліся людзі ў масках, збілі і выкінулі адтуль парламентароў. 13 красавіка 1995 ВС шляхам паўторнага галасавання прыняў пастанову аб прызначэнні рэферэндуму. Аднак паўторнае галасаванне па працэдуры не дапускалася.
Больш за тое, па Канстытуцыі забаранялася ўносіць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю (пытанне №4) у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў парламента. У той перыяд рэферэндум наогул не мог быць прызначаны!
Такім чынам, рэферэндум 1995 года быў незаконным. Усе дзеянні, скіраваныя на рэалізацыю пастаўленых на рэферэндуме пытанняў, варта прызнаць злоўжываннем уладай і гвалтам у дачыненні да беларускага народа.
Рэферэндум — 1996
Праз дэпутацкае лобі ў Вярхоўным Савеце 13-га склікання Лукашэнка дамогся прыняцця рашэння аб прызначэнні рэферэндуму. Лукашэнка прапанаваў: перанесці Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня — Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў; прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 года са зменамі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі), прапанаванымі Лукашэнкам. А таксама адказаць на пытанні: Ці выступаеце вы за свабодныя, без абмежаванняў, куплю і продаж зямлі? Ці падтрымліваеце вы адмену смяротнага пакарання?
Былі яшчэ і пытанні ад парламента, але на іх мы спыняцца не будзем.
Пытанне аб пераносе Дня незалежнасці на 3 ліпеня было ўвогуле недарэчным, бо супярэчыла рэчаіснасці. Вядома, што Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі была прынятая 27 ліпеня, і падвяргаць сумневу гэты факт проста нельга.
Безумоўна, галоўным было пытанне аб прыняцці Канстытуцыі Беларусі «са зменамі і дапаўненнямі (новай рэдакцыі Канстытуцыі)». Для большасці суддзяў КС было зразумела, што Лукашэнка прапануе на рэферэндум новую Канстытуцыю — і тым самым адмяняе дзеючую Канстытуцыю. Аднак з-за супрацьстаяння ў складзе суда прыняць прынцыповае рашэнне па гэтым пытанні не ўдалося. У выніку КС прызнаў, што «папраўкі» не могуць выносіцца на абавязковы рэферэндум, і, адпаведна, не могуць быць уключаны ў тэкст Канстытуцыі пасля іх прыняцця.
Больш таго, пытанне пра Канстытуцыю не магло быць вынесена на рэферэндум, паколькі на яго нельга было даць адназначны адказ. Цяжка нават зразумець, за што прапанавалася галасаваць: за змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, за новую рэдакцыю Канстытуцыі або за новую Канстытуцыю?
Пытанне аб куплі і продажу зямлі было сфармулявана правакацыйна, бо адказ на яго чаканы. Продаж зямлі «без абмежаванняў» супярэчыць інтарэсам народа, які з’яўляецца ўласнікам усіх рэсурсаў і багаццяў на сваёй тэрыторыі.
І нават пытанне аб адмене смяротнага пакарання было складаным для разумення. Што такое адмена? Мараторый, невыкананне пакарання, пажыццёвае зняволенне? У сувязі з гэтым яно таксама не магло выносіцца на рэферэндум.
На падставе рашэння Канстытуцыйнага суда ад 4 лістапада дэпутаты парламента зрабілі галасаванне пра Канстытуцыю «рэкамендацыйным». Лукашэнка не пагадзіўся з рашэннем КС і «адмяніў» яго (указам ад 7 лістапада 1996 года №459). Ён запатрабаваў ад органаў улады, у тым ліку Цэнтрвыбаркама, праводзіць абавязковы рэферэндум па пытанні пра змены ў Канстытуцыю. Старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар на прэс-канферэнцыі 14 лістапада 1996 года выказаў свой пратэст, і быў вызвалены ад пасады прэзідэнцкім указам. На яго месца Лукашэнка прызначыў Лідзію Ярмошыну. Будынак Цэнтрвыбаркама быў заблакаваны людзьмі ў «форме», якія не прапускалі ў яго нікога да падвядзення вынікаў рэферэндуму.
З 27 лістапада 1996 года «новая рэдакцыя Канстытуцыі» была ўведзена ў дзеянне. Легітымныя органы ўлады (Вярхоўны Савет, Кантрольная палата, Канстытуцыйны суд) былі незаконна распушчаны.
Спецкамісія Вярхоўнага Савета на чале з Ганчаром кваліфікавала гэта як захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
Рэферэндум — 2004
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года ўлада стала пытанне падаўжэння тэрміну паўнамоцтваў Лукашэнкі. Асноўнай перашкодай з’яўлялася палажэнне артыкула 81 Канстытуцыі, згодна з якім адна і тая ж асоба не магла быць прэзідэнтам больш за два тэрміны. Трэба было зноў мяняць Канстытуцыю.
Чарговы рэферэндум быў абвешчаны прэзідэнцкім указам ад 7 верасня 2004 года №431 (раней прызначэнне плебісцыту было выключна прэрагатывай парламента). На абмеркаванне выносілася адно, але вельмі аб’ёмнае пытанне: «Ці дазваляеце вы першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні»?
Указ уступіў у сілу на наступны дзень пасля яго выдання, калі ўжо ішла кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Рэферэндум пайшоў «у дадатак» да выбараў, якія адбыліся 17 кастрычніка.
Але такі парадак прызначэння рэферэндуму не адпавядае артыкулу 74 нават «новай Канстытуцыі». Згодна з часткай 3 гэтага артыкула, дата правядзення рэферэндуму прызначаецца не пазней за тры месяцы з дня выдання ўказа прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму.
Калі прытрымлівацца літары Канстытуцыі, то бачна, што на рэферэндум могуць выносіцца «важнейшыя пытанні» дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Між тым, пастаўленае пытанне адлюстроўвае праблему аднаго грамадзяніна — Аляксандра Лукашэнкі, які да гэтага двойчы прыносіў прысягу на вернасць Канстытуцыі.
На рэферэндум ставілася пытанне, непасрэдна звязанае з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах і наступным выбраннем на пасаду Лукашэнкі. Між тым, у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 112 Выбарчага кодэкса «на рэспубліканскі рэферэндум не могуць выносіцца пытанні... звязаныя з абраннем і вызваленнем ад пасады прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Уключэнне ў бюлетэнь для галасавання пытання, у фармулёўцы якога захоўваюцца, па сутнасці, два розных па зместу і сэнсу пытання (аб дазволе Лукашэнку балатавацца і аб «папраўцы» у Канстытуцыю), таксама забараняецца Выбарчым кодэксам. Згодна з ім, «пытанне, якое выносіцца на рэспубліканскі рэферэндум, павінна быць сфармулявана... выразна і ясна з тым, каб на яго быў магчымы адназначны адказ».
Нягледзячы на парушэнне парадку прызначэння рэферэндуму, недапушчальнасць пытання, пастаўленага на галасаванне, грубыя парушэнні заканадаўства пры галасаванні, рэферэндум быў прызнаны адбыўшымся. Па яго выніках былі ўнесены змены ў артыкул 81 «новай Канстытуцыі», і ў 2006 годзе Лукашэнка зноў балатаваўся кандыдатам у прэзідэнты.
Рэзюме
Як бачым, усе рэспубліканскія рэферэндумы насілі неканстытуцыйны, незаконны і недэмакратычны характар. З юрыдычнага пункту гледжання іх вынікі не маюць значэння. Гэта значыць, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года захоўвае свой легітымны характар. Яе трэба ачысціць ад так званых паправак і аднавіць дзеянне.
Паважаныя чытачы! Свае пытанні па абароне правоў чалавека вы можаце задаць Міхаілу Пастухову, даслаўшы іх у рэдакцыю, альбо ў каментарах пад артыкулам на сайце novychas.info.