Новая рэдакцыя "Ляснога кодэксу" зменшыць зялёныя зоны гарадоў
У Беларусі неўзабаве распачне дзеянне новая рэдакцыя "Ляснога кодэксу". Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі адпаведны закон у другім чытанні.
Новы „Лясны кодэкс” можа істотна зменшыць плошчы зялёных зонаў вакол гарадоў, а супрацьэразійныя насаджэнні ўвогуле могуць знікнуць. Гомельскі прадпрымальнік Яўген Скочка, які выкарыстоўвае драўніну ў будаўнічых мэтах, звяртае ўвагу на ўніфікацыю беларускага заканадаўства з расейскім.
— У нас уніфікацыя заканадаўства чамусьці робіцца з Расеяй, а не з цывілізаванымі краінамі. У Расеі лясная гаспадарка проста загубленая, лясгасаў не існуе. Хто што хоча, тое і робіць. Я гэта ведаю і магу дакладна сказаць, што толькі ў некалькіх рэгіёнах Расеі існуе парадак. А ў астатняй Расеі не проста беспарадак, а ідзе вынішчэнне лясоў па поўнай.
Рэдактар „Зялёнага парталу Гомельшчыны” Яўген Меркіс падкрэслівае, што новая версія „Ляснога кодэксу” істотна абмяжоўвае правы грамадзянаў на экалагічна чыстае асяроддзе.
— Нараканне выклікае новае руйнаванне зялёных зонаў вакол населеных пунктаў. Так, напрыклад, для Мінска раней зялёная зона мусіла складаць не менш за 15 кіламетраў. А зараз гэтая норма будзе скарочаная да 5 кіламетраў. Для іншых гарадоў гэта будзе 2 кіламетры. Для буйных аб’ектаў, кшталту санаторыяў, там наогул норма будзе толькі 200 метраў. Што значна менш, чым было раней.
Эколагі і грамадскасць неаднойчы ініцыявалі публічныя абмеркаванні з распрацоўшчыкамі „Ляснога Кодэксу”. Для грамадскага ціску на ўладу нават збіраліся подпісы. Пад адной з такіх петыцыяў падпісаліся каля 17 тысячаў грамадзянаў. Аднак крытычныя заўвагі прадстаўнікоў экалагічных арганізацыяў былі праігнараваныя.