Падман пры разліку: як не трапіць у пастку
Былы супрацоўнік ААТ «Кэпітал Лагістык» (ООО «Кэпитал Логистик») сцвярджае, што быў падмануты пры звальненні, а калі паспрабаваў сфатаграфаваць дакументы, на яго крычалі і адбіралі тэлефон. «Новы Час» разбіраецца ў сітуацыі і высвятляе, як не стаць ахвярай падману.
Да нас у рэдакцыю звярнуўся чалавек, які сцвярджае, што быў падмануты пры звальненні з працы. Прыводзім размову з ім цалкам.
— Мяне завуць Яўген Жураўскі. Напачатку верасня я ўладкаваўся кладаўшчыком у кантору «Кэпітал Лагістык». Далей, як мне сказалі ў аддзеле кадраў, трэба будзе прайсці медкамісію і ўладкоўвацца на кантракт.
Пра нейкія штрафныя санкцыі, звязаныя з адмовай пераходзіць на кантракт, мне ніхто нічога не казаў. Але знаёмыя, што ўжо доўга працавалі ў гэтай фірме, казалі, што з пераходам на кантракт можна месяц-два пачакаць. Зразумела, што прайсці медкамісію каштуе грошай, і не ва ўсіх яны ёсць.
Я адпрацаваў першы месяц кладаўшчыком. Як і абяцалі, заплацілі 700 рублёў. Аднак некаторыя людзі за гэты час сышлі з працы. Я не пацікавіўся, чаму, а дарма.
У наступны месяц я зразумеў, што праца не такая ўжо выдатная, як распавядалі. «Сучасны пакой для прыёму ежы», як пісалі ў рэкламнай аб’яве, — рассаднік антысанітарыі і прусакоў. Шмат часу прыходзілася марнаваць на пошук тавару, які мусіў быць у адным месцы, а яго там не было. Даволі вялікія праблемы былі з ацяпленнем: у начныя змены стала зусім нявесела. Пасля гэтага я вырашыў, што не хачу там заставацца, і ў кастрычніку прыйшоў звальняцца. Я адпрацаваў амаль два месяцы. І ўжо ў аддзеле кадраў я даведаўся, што са мной не заключылі дамову падраду на наступны месяц.
Тут я зноў памыліўся — прызвычаіўся працаваць па бестэрміновай дамове падраду, і гэтым разам таксама не паглядзеў, якімі былі ўмовы гэтай дамовы. Думаў, што працую з той жа дамовай, з той жа тарыфнай стаўкай... Але мне сказалі: дамову з табой перазаключаць у сярэдзіне лістапада, калі трэба будзе прыйсці падпісаць акт прыёму выкананых працаў.
— То-бок вы сказалі: «Я хачу звольніцца?», а вам?
— Далі абходны ліст, але сказалі: заробак толькі пасля падпісання акта выкананых працаў (гэта прапісана ў дамове падраду) за кастрычнік. То-бок у лістападзе кіраўнік нібыта правярае маю працу, і калі ён усім задаволены, я атрымліваю свае грошы.
Я прыходжу ў лістападзе, мне даюць падпісаць акт выкананых працаў, але лічбы ў ім не суадносяцца з тым, што я напрацаваў. Мне выставілі 158 гадзін, а я ведаю, што ў мяне была 161 гадзіна працы. Я пайшоў разбірацца да начальніка змены, ён паглядзеў табелі і згадзіўся — так, была памылка. Але пытанне аказалася ў іншым. У тым, што тарыфная стаўка ў мяне была амаль у два разы ніжэйшая, чым тая, па якой я, як думаў, працаваў!
— У верасні была адна тарыфная стаўка, а ў кастрычніку яе раптоўна знізілі без вашага ведама?
— Так. Калі ў верасні я працаваў за 5,09 рубля за гадзіну, то ў кастрычніку — за 3,48 рубля за гадзіну. Калі я зразумеў, што гэтае пытанне — не да начальніка змены, я пайшоў у бухгалтэрыю, там накіравалі ў аддзел кадраў, і мне там кажуць: «Па дамове падраду ў кастрычніку ў вас такія лічбы». Калі я спрабаваў высветліць, чаму такія лічбы, мне пачалі выдумваць адмазкі з серыі: «Ну вы ж нас падманулі, вы ж не ўладкаваліся на кантракт». Я кажу: «Пачакайце. Дзесьці агаворваліся штрафныя санкцыі? Мяне папярэджвалі аб зніжэнні тарыфнай стаўкі?». Не, не папярэджвалі. У чым тады праблема? Я сказаў, што я гэтую дамову і акт не буду падпісваць, бо не згодны з лічбамі, якія там. Тады мне сказалі: «Вы тады не атрымаеце нічога». Я кажу: «Як жа так? Ёсць жа табелі, дзе ўсё прапісана?» У адказ яны пасмяяліся і сказалі: «Гэта не дакумент!», і намякнулі, што гэта ўсё можна прыбраць.
Я даволі доўга з імі спрачаўся, а пасля мне паставілі ўльтыматум: альбо я падпісваю паперы, альбо не атрымліваю нічога. Жыць за нешта трэба, я быў вымушаны падпісаць.
Але калі я паспрабаваў у гэтай дамове паставіць дату, на мяне накрычалі і спрабавалі вырваць яе з рук.
— То бок, дамову патрабавалі падпісаць заднім чыслом?
— Так. Я яе падпісаў нібыта ў верасні. Атрымліваецца, што месяц я працаваў па адной дамове падраду, па той стаўцы, што я думаў, а потым аказваецца, што ўвесь час я працаваў па іншай.
Пасля мне прыносяць акт выкананых работ, і тут пачынаецца самае цікавае: ён… ужо падпісаны мной, але не маёй рукой! Калі я гэта пабачыў, вядома, паспрабаваў сфатаграфаваць, у мяне яго адразу вырвалі з рук.
— Хто вырваў?
— Адна з супрацоўніц аддзелу кадраў. Прыбегла начальніца аддзела кадраў. Я пачаў фатаграфаваць, спрабаваў здымаць гэта на відэа, у мяне забіралі тэлефон, закрывалі камеру рукамі. Пасля доўгіх разбіральніцтваў узялі гэтую паперу і сказалі: «Так, гэта не ваш подпіс, мы не ведаем, што адбылося». Парвалі гэтую паперу і выкінулі. Прыйшоў начальнік аховы, я растлумачыў яму сітуацыю. Ён, відаць, бачыў гэта не ў першы раз, бо сядзеў, пасміхаўся і нічога не рабіў.
Пасля я падпісаў гэтыя дакументы і сказаў, што буду з імі змагацца. Яны пасмяяліся і сказалі: «Без праблем».
Пасля, як я ўжо даведаўся, гэта даволі распаўсюджаная практыка ў «Кэпітал Лагістык», і, магчыма, не толькі там. Калі тым, хто не хоча пераходзіць з дамовы падраду на кантракт, зразаюць заробак. Звычайна людзям пра гэта кажуць заднім лікам, бо многія не сочаць за сваімі дамовамі падраду. І проста ў наступным месяцы перад заробкам ім даюць падпісаць дамову, яны падпісваюць — і бачаць, што там лічбы іншыя. Таму там такая вялікая цякучка.
Зразумела, яны хочуць звышпрыбытку і імкнуцца пакласці больш грошай сабе ў кішэню. І тое, што я звольніўся і не паглядзеў, да якой даты была заключаная дамова падраду, — гэта добрае поле для махінацыі і падману. І, як я зразумеў, я не першы, каго яны падманулі. Але, спадзяюся, буду апошнім.
— Хтосьці яшчэ пратэставаў з гэтай нагоды?
— Толькі бачыў, як людзі лаяліся з начальнікамі змены. Але гэта не той чалавек, які вырашае такія пытанні. Тыя людзі, хто спрачаўся, потым проста не выходзілі на працу.
«Пры чым тут газета?»
Каб спраўдзіць расповед Жураўскага і выслухаць другі бок, мы пазванілі ў ААТ «Кэпітал Лагістык». З намі размаўляла жанчына, якая прадставілася Алесяй (магчыма, гэта была Алеся Ігнацюк, дырэктарка ООО «Кэпітал Лагістык», аднак адназначна сцвярджаць нельга). Размова з ёй не задалася. Калі мы пацікавіліся сутнасцю сітуацыі і меркаваннем пра канфлікт, яна парыравала: «Калі яго, па ягоным меркаванні, падманула арганізацыя, ёсць органы, у якія трэба звяртацца. Пры чым тут газета?» А пасля і ўвогуле параіла нам «прыязджаць да іх з пасведчаннем», калі мы хочам атрымаць каментар.
Аднак спроба дамовіцца пра сустрэчу ні да чаго не прывяла. Прадстаўніца кампаніі «Кэпітал Лагістык» так і не змагла ўзгадніць з намі час прыёму, і мы напісалі ім афіцыйны запыт. Адказ атрымаўся чаканы: «Дзейнічаем у адпаведнасці з заканадаўствам, нічога не парушаем».
Тым не менш гісторыя пакінула пытанні, якія толькі памножыліся ад раптоўнай адмовы кіраўніцтва кампаніі каментаваць канфлікт з Жураўскім. Таму мы вырашылі пачуць меркаванне эксперта. Сітуацыю каментуе юрыст Аляксей Лойка.
«Дзеянні наймальніка з’яўляюцца незаконнымі»
Чалавек зрабіў памылку, падпісаўшы дамову, кажа Лойка. У яго сітуацыі юрыст параіў не падпісваць такую дамову. Тады можна:
а) Звярнуцца з суд з позвай па ўсталяванні наяўнасці працоўных адносінаў (у такой сітуацыі допуск да працы аўтаматычна азначае заключэнне дамовы на нявызначаны тэрмін).
б) Пасля вынясення судовага рашэння — напісаць заяву ў Дэпартамент аховы працы (прыклаўшы копію судовага рашэння) аб прыцягненні наймальніка да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб працы. На практыцы ж суды самі накіроўваюць у Дэпартамент аховы працы прыватнае судовае вызначэнне.
в) Спаганяць, у выпадку звароту ў суд, сярэднямесячны заробак па аналагічнай пасадзе на дадзеным прадпрыемстве.
Подпіс на дамове падраду заднім чыслом пацвярджае факт таго, што чалавек працаваў па дамове падраду. Калі ж ён ужо падпісаў дамову заднім чыслом, у суд хаця і можна звярнуцца, але ж дамова падпісаная, і пацвердзіць тое, што яму паставілі такі ўльтыматум, немагчыма. Можна, канешне, паспрабаваць прызнаць дамову нікчэмнай у судовым парадку — бо мелі месца працоўныя адносіны. Аднак, калі рабіць гэта праз суд, то ўсе супрацоўнікі прадпрыемства могуць сказаць, што чалавек падпісаў дамову падраду тады, калі гэта ўказана ў дамове.
Як атрымаць заробленыя грошы?
З каментара юрыста і словаў самога Жураўскага вынікаюць тры парады, як не стаць ахвярай падману на працоўным месцы:
1. Ніколі не падпісваць дамову ці іншыя дакументы, з якімі не згодныя. Подпіс азначае фактычную згоду, і даказаць потым любы падман будзе вельмі цяжка.
2. Калі працадаўца практыкуе розны прававы статус працоўных на адных і тых жа пасадах, змушае іх пераводзіцца на кантракт ці наадварот — варта насцярожыцца. Гэта ўрадлівая глеба для маніпуляцыі і падману.
3. Заўсёды правяраць рэпутацыю працадаўцы, да якога ўладкоўваешся: праз адпаведныя сайты і групы ў сацсетках. Напрыклад, «Праблемныя працадаўцы Мінска і мінскай вобласці».
У нашай дэклараванай «сацыяльнай дзяржаве» мы абароненыя ад падману працадаўцаў толькі на словах. Наяўнасць жа рэсурсаў, улады і юрыдычных перавагаў на справе дае працадаўцы значна больш магчымасцяў павярнуць любы працоўны канфлікт у патрэбнае рэчышча. Таму фраза «ратаванне пралетарыяту — справа рук самога пралетарыяту» застаецца як ніколі актуальнай.