Падрыхтоўка да «выбараў»? Супраць анархіста распачалі крымінальную справу
Супрць актывіста анархісцкага руху Сяргея Раманава распачалі новую крымінальную справу за непадпарадкаванне правілам прэвентыўнага нагляду.
Пра гэта «Новаму Часу» распавёў паплечнік Сяргея Раманава, анархіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка.
Сяргей Раманаў — гомельскі анархіст, летам 2019 года ён вызваліўся з калоніі, дзе адбываў пяцігадовы тэрмін за «паўторныя незаконныя дзеянні ў адносінах да выбуховых рэчываў». Маладога чалавека затрымалі 3 ліпеня 2014 года ў Бабруйску, калі ён ехаў аўтаспынам у Мінск. У заплечніку ў Раманава знайшлі 150 грамаў тратылу.
Як тлумачыў сам актывіст, пакеты з невядомым рэчывам ён знайшоў на рыбалцы ў раёне ракі Сож і вырашыў узяць з сабой. Што ўнутры, ён не ведаў, думаў, што гэта нейкія забароненыя рэчывы і збіраўся выдаць добраахвотна міліцыянтам, спадзеючыся, што такім чынам з яго могуць зняць рэшту тэрміну па першай справе за захаванне дома 14 грамаў пораха (ён высыпаў яго са старых іржавых, непрыдатных да выкарыстання патронаў і забыўся пра яго).
Але ў выніку на Раманава завялі крымінальную справу і асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі, але пасля скаргаў знялі адзін год ад тэрміну. А дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла сюжэт, у якім сцвярджалася, што Сяргей Раманаў рыхтаваў тэракт на Дзень незалежнасці ў Мінску.
Анархіст адбываў пакаранне ў ПК-2 у Бабруйску, дзе зазнаў ціск з боку адміністррацыі. Апошнія паўтара года тэрміну Раманаў знаходзіўся ў ПК-15, дзе перад вызваленнем суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызначыў яму прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год.
Першае парушэнне Раманаў атрымаў 15 верасня, паколькі яго не было дома ў 3 гадзіны ночы, калі прыехалі інспектары з праверкай. Ён прызнаў сваю віну і адседзеў 5 сутак.
6 снежня Раманаў выйшаў на лесвічную клетку пасля 10 гадзін вечара, каб сустрэць хуткую дапамогу, бо яму стала дрэнна і падняўся ціск. Там ён сустрэў суседзяў і пакуль гаварыў з імі некаторы час, на лесвіцы з'явіўся маёр міліцыі з уключанай камерай на тэлефоне, які зафіксаваў, што Раманаў знаходзіўся за некалькі метраў ад кватэры. Па прыездзе хуткай Раманаву дыягнаставалі гіпертанічны крыз, зрабілі ўкол, адвезлі ў бальніцу, але ў шпіталізацыі адмовілі, паколькі яму стала лепш. Па гэтым парушэнні Раманаў віны не прызнаў, але адбыў 14 сутак арышту.
23 лютага 2020 года ён атрымаў трэцяе парушэнне за тое, што знаходзіўся ў кафэ. Тое, што там прадавалі на разліў спіртное, хлопец не заўважыў. Дый Раманаў зусім не ўжывае алкаголь, і ў той дзень зайшоў са знаёмым ва ўстанову папіць кавы і схавацца ад дажджу. Праз 5-10 хвілін у кафэ зайшоў міліцыянт з крымінальнага вышуку ў кампаніі чатырох супрацоўнікаў АМАПу, якія даставілі Раманава ў аддзяленне для апытання.
І вось 1 чэрвеня ў 9 раніцы па выхадзе з пад'езду да Сяргея Раманава падыйшлі двое аператыўнікаў з ГУБАЗіК. Аднаго з іх актывіст ужо ведаў, ён быў замацаваны за хлопцам для нагляду і, як сцвярджае Раманаў, для арганізацыі правакацый.
Пасля гэтага пад'ехаў бус з АМАПам і Раманава забралі ў Следчы камітэт, дзе паведамілі, што ў дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт 421 КК (Непадпарадкаванне правілам прэвентыўнага нагляду).
Хлопца ўзялі пад варту, ён адмовіўся размаўляць са следчымі і трапіў у ІЧУ. На наступны дзень яго даставілі ў аддзел, дзе ў прысутнасці следчай і адваката ён даў тлумачэнні па гэтай справе. Віны не прызнаў, і следчая паабяцала падпіску аб нявыездзе пры ўмове, што Раманаў будзе з'яўляцца на яе выклікі. Ад адваката актывіст даведаўся, што дома, на лецішчы і ў бацькавым гаражы ГУБАЗіК правёў ператрусы — шукалі рэцэпты бомбаў і літаратуру. Канфіскавалі флэшкі і іншыя рэчы.
Цяпер у актывіста ёсць яшчэ прыкладна месяц на следчыя дзеянні, а пасля — на перадачу справы ў суд, які, мяркуе Раманаў, хутчэй за ўсё «закрые» яго на час «выбараў».
Сяргей Раманаў напісаў дзве скаргі па другім парушэнні, адна цяпер знаходзіцца на разглядзе ў прэзідыуме Вярхоўнага суда, другая — у Генпракуратуры. Ёсць шанец, што, калі хто небудзь з іх адменіць прысуд па адміністрацыйнай справе, то і крымінальная справа па 421 артыкуе разваліцца. Але гэта малаверагодна.
Затое цалкам рэальна, што Сяргея могуць адправіць у калонію на тэрмін да 1 года. З улікам такога хуткага рэагавання на найменшае парушэнне нагляду, якое разглядаецца судом у аднабаковым парадку, можна зрабіць выснову, што міліцыянты сочаць за Раманавым і маюць намер зноў «нейтралізаваць» яго перад будучымі «выбарамі».