Падтрымліваюць расійскіх вайскоўцаў і збіраюць ім дапамогу. Хто займаецца гэтым у Беларусі?

Некаторыя беларускія структуры публічна падтрымліваюць Расію ў вайне з Украінай і займаюцца зборам грошай ды неабходных рэчаў для расійскай арміі. Хто яны?

Ігумення Гаўрыіла, фота sb.by

Ігумення Гаўрыіла, фота sb.by

У зборах на патрэбы расійскай арміі і акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусі ўдзельнічаюць не толькі расійскія арганізацыі.

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну пачалося амаль два гады таму. За гэты час у Расіі паўстала буйная сетка грамадскіх арганізацый, якія розным чынам дапамагаюць расійскім вайскоўцам весці баявыя дзеянні на ўкраінскай тэрыторыі. Задзейнічаны ў такой валанцёрскай дапамозе і некаторыя беларускія структуры. Падрабязней пра іх расказвае «Радыё Свабода».

1. Свята-Елізавецінскі манастыр (СЕМ)

Праваслаўны манастыр пад Мінскам адкрыта падтрымлівае Z-прапаганду і расійскі бок у вайне з Украінай.

У 2023 годзе манастыр цалкам або часткова аплаціў 11 аўтамабіляў, «буханак» і «легкавікоў» (УАЗ, ВАЗ, «Ніва») для расійскіх вайскоўцаў,  датычных да акупацыі тэрыторый Украіны. Таксама ў манастыры збіраюць грошы на рыштунак для іх. Некалькі расследаванняў гэтай дапамогі рабіў праект «Стопсем». Атрымліваецца, у сярэднім манастыр аплачваў адзін аўтамабіль для вайны за месяц.

Фота «Радыё Свабода»

Фота «Радыё Свабода»

Дапамога аўтапаркам ідзе праз расійскую манашку Яўгенію Цыўцывадзэ, якая кіруе расійскай групай валанцёраў «Помощь братьям». Яна прыязджала разам з расійскім камандзірам у мінскі манастыр 10 снежня 2023 года. Расійскія вайскоўцы дзякавалі беларускім манашкам за цеплавізары, навушнікі, вайсковую форму, ежу, лісты. Манашка Яўгенія рэгулярна расказвае пра гуманітарную дапамогу расійскім вайскоўцам у сваёй групе «Помощь братья и мать Евгения» і прыкладае фота скрынь, напэўна, з неабходнымі рэчамі.

У верасні 2023 года кіраўнік расійскай акупацыйнай улады так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін узнагародзіў манастыр граматай у знак удзячнасці за дапамогу і падтрымку.

Дапамогу манашак расіянам на фронце ўхваліў Аляксандр Лукашэнка. У пачатку 2023 года ён наведаў манастыр.

«Вы ўсё робіце слушна. Не звяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплачаных людзей. Мы не толькі дапамагаем нашым рускім братам, расіянам, я гэта ніколі не хаваў. І ўчарашні мой візіт да вайскоўцаў, да расійскіх вайскоўцаў, сведчыць пра тое, што мы падтрымлівалі і падтрымліваем нашых братоў», — сказаў Лукашэнка.

На фестывалі «Радасць», прымеркаваным да Раства, у канцы 2023 года ў цэнтры «Ковчег» праваслаўнага манастыра плялі маскіровачныя сеткі для расійскіх вайскоўцаў, пісала «Хрысцінская візія».

У пачатку гэтага года Свята-Елізавецінскі манастыр перадаў грошы нібыта на лячэнне 40 хворых дзяцей у Горлаўцы Данецкай вобласці Украіны. Сума невядомая.

За сваю падтрымку Расіі СЕМ страчвае рынкі ў Эўропе, дзе раней яны прадавалі рамесныя вырабы са сваіх майстэрняў. У Славакіі нядаўна адмянілі кірмаш Свята-Елізавецінскага манастыра, запланаваны на 12 студзеня 2024 года, за тое, што «беларускія манашкі зарабляюць грошы для расійскіх салдат».

Глядзіце таксама

2. «Белая Русь»

Партыя «Белая Русь» абвясціла вялікую кампанію па ўсёй Беларусі ў снежні 2023 года. Яны збіраюць гуманітарную дапамогу для акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Акцыя называецца «Белая Русь» — дзецям Данбаса». У планах сабраць 50 тон дапамогі. Большую частку яе ўжо меліся накіраваць на ўсход Украіны.

Фота: partiya.by

Фота: partiya.by

Скрыні з гуманітарнай дапамогай для Данбаса ад партыі «Белая Русь», інтэрв'ю дае прадстаўнік партыі Юрый Макушын

Са слоў старшыні партыіАлега Раманава, гэта пераважна прадукты, сродкі гігіены, таксама медычныя рэчы (лекі, інвалідныя вазкі, мыліцы). Акцэнт — на дапамозе дзецям, якія жывуць на гэтых тэрыторыях. У партыі заяўляюць, што ім вязуць цацкі і спартыўны інвентар. У акцыі, як кажа Раманаў, бралі ўдзел усе ахвотныя.

3. «Русский дом»

У зборы гуманітарнай дапамогі «дзецям Данбаса» і «мірнаму насельніцтву Данбаса» браў удзел таксама «Русский дом» у Мінску, які называе сябе «расійскім цэнтрам навукі і культуры», пісалі праваабаронцы MayDay. Гэта праект расійскага агенцтва «Россотрудничество», які займаецца расіянамі за мяжой.

«Русский дом», як і «Белая Русь», супрацоўнічае з «Русской гуманитарной миссией» — ініцыятывай, якая дастаўляе дапамогу вайскоўцам на фронт, а таксама на акупаваныя тэрыторыі. «РГМ» адкрыла «Русский дом» у акупаваным Данецку.

Сёлета ў лютым філіял «Русского дома» ў Брэсце ладзіць акцыю па зборы прадуктаў харчавання і грошай для расійскіх вайскоўцаў, піша MayDay. Дапамагаць збору будуць брэсцкія ветэранскія арганізацыі. Да «Дня абаронцаў Айчыны» «Русский дом» у Брэсце заклікае прыносіць ім у офіс шакалад, сала, кансервы, у тым ліку хатнія, а таксама грошы і паштоўкі з віншаваннямі.

4. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа

Улетку 2023 года генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў ездзіў у вопратцы з нашыўкай «Z» на акупаваны Данбас і перадаў туды гуманітарную дапамогу.

Дзмітрый Шаўцоў

Дзмітрый Шаўцоў

Ён зняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны. Пазней міжнародны Чырвоны Крыж заявіў, што не мае дачынення да паездкі кіраўніка беларускай філіі на акупаваны Данбас, а таксама выказаў заклапочанасць і гатоўнасць спыніць падобную дзейнасць у будучыні. Шаўцоў застаўся на сваёй пасадзе, нягледзячы на заклікі зняць яго. Але міжнароднае таварыства Чырвонага Крыжа прыпыніла сяброўства беларускай адзінкі ў сваёй структуры.

5. Ігумення Гаўрыіла

Адыёзную прыхільніцу Аляксандра Лукашэнкі, якая асуджала пратэсты і насіла тарты амапаўцам, заўважылі ў дапамозе расійскім салдатам. Тэлеканал «Белсат» паведамляў пра выпадак, як людзі ў вайсковай форме з расійскімі знакамі адрознення дзякуюць ігуменні жаночага манастыра Гаўрыіле за дапамогу.

«Дзякуем за гуманітарную дапамогу з Беларусі ігуменні жаночага манастыра матушцы Гаўрыіле, якая сабрала гуманітарную дапамогу і накіравала нам на «спецыяльную ваенную аперацыю», аўдзееўскі кірунак», — сказаў адзін з іх на відэа.