Адэпт Лукашэнкі ў БПЦ: хто такі Андрэй Лемяшонак, які збірае грошы для расійскіх вайскоўцаў

Пра кіраўніка «аднаго з самых прыбытковых праваслаўных бізнесаў у свеце» і яго сына, які стварыў ультрас ФК «Дынама», напісала «Тр*буна».

Андрэй Лемяшонак дорыць ікону Аляксандру Лукашэнку. Фота: president.gov.by

Андрэй Лемяшонак дорыць ікону Аляксандру Лукашэнку. Фота: president.gov.by


22 лістапада атрымала распаўсюд інфармацыя пра тое, што на найбуйнейшым брытанскім калядным рынку ва Уінчэстэры забаранілі размяшчаць стэнд мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра. Прычынай стала падтрымка прадстаўнікамі манастыра вайны ва Украіне, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Падобнае магло здарыцца яшчэ ў ліпені, калі дэлегацыя ад манастыра паехала прадаваць сваю прадукцыю ў Нарвегію, аднак тады інфармацыю не ўспрынялі. Але з таго часу з'явіліся больш відавочныя сведчанні таго, што атрыманыя грошы адпраўляюцца на ваенныя мэты.


Зарабляе рэлігійная суполка настолькі шмат, што яе запісваюць у лік «самых прыбытковых праваслаўных бізнесаў у свеце». Паспяховасць звязваюць у тым ліку з упадабаннем рэжыму Лукашэнкі — дэ-факта кіраўнік «комплекса» Андрэй Лемяшонак уваходзіць у галоўныя адэпты Лукашэнкі ў беларускай царкве і, паводле некаторых чутак, нават хрысціў Мікалая, малодшага сына Лукашэнкі. А да ўсяго ў манастыра выяўляецца нечаканая сувязь з беларускім футболам.
Андрэя Лемяшонка, які нарадзіўся ў 1956 годзе, характарызавалі як сына партыйных дзеячаў і прадстаўніка «залатой моладзі» з захапленнем хіпі. Але на трэцім дзясятку гадоў ён з невядомай прычыны стаў вартаўніком Мінскага кафедральнага сабора, дзе пазней таксама адказваў за званы і спяваў у хоры. За час пры храме Лемяшонак стаў сябрам мясцовага святара — сумеснымі намаганнямі яны дабіліся вяртання будынка суседняга Петрапаўлаўскага сабора, пасля чаго Андрэя пераканалі самому стаць святаром. Вядомым ён зрабіўся на пачатку 90-х, калі адкрыў у сабе талент прапаведніка-імправізатара: яго прамовы настолькі захоплівалі жанчын, якія адмольвалі п'янства сваіх мужоў і дзяцей, што запісваліся на аўдыёкасеты і тыражаваліся. На споведзі да айца Андрэя сталі выстройвацца чэргі.
Так пачыналася будучая бізнес-імперыя Лемяшонка. Жанчыны, якія пакорліва зносілі нягоды суіснавання з алкаголікамі, у 1994-м сталі прыдатным ядром для праваслаўнага сястрынства. Названа яно было ў гонар княгіні расійскай імператарскай дынастыі Лізаветы Раманавай, незадоўга да таго аб'яўленай святой. Новыя падначаленыя Лемяшонка адразу ж дамовіліся пра апеку з сумна вядомай псіхбальніцай у Навінках — і неўзабаве атрымалі дазвол на будаўніцтва храма побач. Для збору грошай на будаўніцтва Лемяшонак прыдумаў рассылаць «сёстраў» па Мінску з прапановай да мінакоў за грошы маліцца за замоўленых людзей. А да будаўніцтва прыцягнулі пацыентаў наркалагічных аддзяленняў Навінак — быццам не карысталіся бясплатнай працай, а давалі алкаголікам «шанец на выпраўленне».
У 1999-м афіцыйна быў адкрыты Свята-Елісавецінскі манастыр, але гэтым справа не абмежавалася: пры абшчыне з'явіліся майстэрні, на падоранай калгасам зямлі арганізавалі падворак, дзе разводзілі жывёл, а атрыманая прадукцыя актыўна прадавалася. Цяпер у склад комплексу манастыра ўваходзіць 12 храмаў, а ёсць яшчэ школа, кафэ і нават медыцынскі цэнтр, і ўсе яны з'яўляюцца крыніцамі даходу. У інтэрв'ю «РС» даўно знаёмы з Лемяшонкам святар Аляксандр Шрамко зазначае, што ў абшчыне «ўсё заточана на тое, як зарабіць грошай, для гэтага прадаюць праваслаўныя атрыбуты, духоўную літаратуру, разводзяць коней і сабак, гандлююць мёдам», а дасведчаных у замежных мовах выпраўляюць з тымі ж мэтамі за мяжу — там тое самае можна прадаць даражэй, а харчаванне і пражыванне забяспечваюць сяброўскія абшчыны.
Шрамко лічыць, што поспеху свайго маштабу Лемяшонак, які кіруе манастыром у ролі духоўніка і сане протаіерэя, не мог бы дабіцца без прадастаўлення ўмоў ад рознага роду ўладаў. Што ж, ён даўно падтрымлівае рэжым Лукашэнкі — той прыязджаў у манастыр у пачатку 2020-га на Каляды, дзе яны са служыцелем абмяняліся іконамі, а духоўнік назваў госця «прадстаяцелем народа».
Неўзабаве пачалася пандэмія каронавіруса, і Лемяшонак пачаў капіяваць свайго палітычнага куміра — адмаўляў небяспеку кавіда, склікаў прыхаджан на маштабнае велікоднае богаслужэнне, дзе ад адной лыжкі прычасцілася пад тысячу чалавек, а на пытанне пра паход у храм у такіх умовах адказаў, што «лепш памерці, але застацца з Богам». Сёй-той у манастыры сапраўды памёр — там прадказальна здарылася эпідэмія, якую па свецкіх лякалах спачатку адмаўлялі, а протаіерэй у пропаведзях працягваў галаслоўна сцвярджаць, што «Боская лагода ўсё дэзінфікуе». У 2021-м, у новую хвалю кавіда, Лемяшонак заявіў, што «не будзе вакцынавацца, як і Аляксандр Рыгоравіч», а сваім падначаленым сказаў: «Наша прышчэпка — цела і кроў Хрыста».


Калі летам 2020-га ў адказ на фальсіфікацыю выбараў і гвалт сілавікоў пачаліся масавыя пратэсты, Лемяшонак прыняў цалкам прапагандысцкую рыторыку: пачаў заяўляць, што ўсё нібыта арганізавана звонку, Беларусь хочуць ператварыць у «натаўскую калонію» (хаця перад выбарамі галоўнымі ворагамі прапаганды былі неакрэсленыя расійскія сілы), а гвалт сілавікоў апраўдаў наяўнасцю быццам бы сярод іх пацярпелых. У сваіх пропаведзях, якія размяшчаюцца на YouTube-канале манастыра (там 322 тысячы падпісчыкаў, але відэа Лемяшонка збіраюць максімум па 10 з невялікім тысяч праглядаў), протаіерэй працягваў заявы ў падобным стылі і далей. У траўні 2022-га ён выступіў на дзяржТБ, дзе заявіў, што Лукашэнка — «нешта надзейнае, што не падвядзе».
Такую ж характарыстыку Лемяшонак даў і Уладзіміру Пуціну, які развязаў вайну ва Украіне. Схільнасць кіраўніка манастыра да імперскіх поглядаў прасочваецца не толькі ў назве абшчыны — вайну ён таксама падтрымлівае. Адразу пасля яе пачатку ў чарговай пропаведзі Лемяшонак згадаў тыповыя прапагандысцкія наратывы пра «8 гадоў бамбавання Данбаса» і нібыта папераджальны характар ​​атакі (быццам на Расію напалі б, калі б яна не зрабіла гэта першай). Пазней Лемяшонак хваліў тых, хто ідзе ваяваць за Расію добраахвотна, і асуджаў тых, хто з'язджае з краіны, каб гэтага пазбегнуць, а таксама заявіў, што моліцца не толькі за Пуціна (і Лукашэнку), але і за міністра абароны РФ Сяргея Шайгу.
З 2015-га манастыр вазіў праз Расію гуманітарную дапамогу ў так званыя «ДНР» і «ЛНР» — паводле міжнароднага права, тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, акупаваных з 2014-га сепаратыстамі пры падтрымцы Расіі, а з 2022-га — самой Расіяй. Пасля пачатку вайны паездкі працягнуліся — у тым ліку ў Марыупаль, які б не меў патрэбу ў дапамозе, калі б яго фактычна не знішчыла расійская артылерыя. Прычым грошы і рэчы для гэтых паездак збіраліся з дапамогай банэраў з прапагандысцкім хэштэгам #сваіхнекідаем (які ў рэальнасці расійцы не раз аспрэчвалі), а ў адной са справаздач расійскія войскі былі наўпрост названыя «нашымі».
Але і гэта яшчэ не ўсё: са жніўня 2022-га сёстры беларускага манастыра ўключыліся наўпрост у зборы сродкаў непасрэдна для расійскага войска (раз на два тыдні перадаюць грошы ў Маскву), а таксама пасылаюць акупантам ухваляльныя лісты, у якіх называюць краіну «Белая Русь» ці «Беларусія». У манастыры пры гэтым не ўбачылі ў сваіх дзеяннях падтрымкі вайны, а толькі заявілі, што «рускі народ зараз знаходзіцца, напэўна, у стадыі нейкай абароны» (на чужой тэрыторыі, так-так).
Зрэшты, пра вайну ў Свята-Елісавецінскім манастыры ведалі моцна загадзя: у 2017-м манастыр наведаў нібыта «падпалкоўнік ГРУ Расіі», які сярод прыпісаных сабе чужых гісторый пра баявыя дзеянні заявіў, што «хутка нашу Радзіму, якая называецца Святая Русь, чакае сур'ёзнае выпрабаванне вайной, і мужчынам, якія прысутнічаюць тут, гэтая інфармацыя асабліва спатрэбіцца — упэўнены, яны прымуць удзел». Але былі ў манастыр і менш злавесныя візіты — і адзін з іх наўпрост звязаны з беларускім футболам.
На пачатку 2019-га Лемяшонак асабіста адслужыў малебен для футбалістаў мінскага «Дынама» (клуб у сваіх сацсетках нічога пра гэта не паведамляў). Тагачасны галоўны трэнер Раман Піліпчук казаў, што прыехаць на малітву — «агульнае рашэнне каманды» па ініцыятыве некаторых футбалістаў, якой ён «вельмі рады», Лемяшонак жа навучаў, што галоўнае — не чэмпіёнства, а «быць добрымі людзьмі, добрымі, любячымі», і жадаў «старацца перад кожным матчам зайсці ў храм», а таксама «перш за ўсё захоўваць прыгожым сваё сэрца». Праўда, прапанаваная протаіерэем канцэпцыя «Прыгожыя і мірныя сэрцы — вось гэта каманда!» ужо хутка дала збой: чаго вартыя былі толькі выхадкі ўдзельніка малебна расіяніна Віталя Дзьякава.


Але ёсць у Лемяшонка і манастыра яшчэ больш цікавая сувязь з «Дынама». Сын протаіерэя Дзмітрый Лемяшонак, які, як гаварыў яго бацька, працуе ў манастыры, быў у ліку заснавальнікаў фанацкага руху клуба і шмат гадоў удзельнічаў у ім пад мянушкамі «ЛД», «Лемя» і нават «Цар». У гады станаўлення руху Лемяшонак-малодшы быў вядомы адкрыта нацысцкімі поглядамі і сам прызнаваў, што «сапраўды верыў у правыя ідэі і жыў гэтым», а ў яго сацсетках да гэтага часу можна знайсці старыя запісы з нецярпімасцю да каўказцаў або ўспаміны пра расклейку да Новага года улётак з надпісам «Белае свята». Пазней ён стаў пазіцыянаваць сябе як «нацыянал-патрыёт» і «праваслаўны актывіст».
У 2013-м ён «дзякаваў Госпаду» за тое, што яго ўдзел у каляфутболе застаўся ў мінулым, а ў 2017-м гаварыў пра «субкультуру» фанатаў: «Вера і Царква — гэта свабода, субкультуры — гэта рамкі. Жадаеш паспрабаваць быць з Богам — паспрабуй вырвацца з рамак, клеткі. У мяне, адэпта субкультуры са стажам у 20 гадоў, поспехаў у гэтым пачынанні пакуль практычна няма». Хоць некаторая сувязь з футболам у яго захоўвалася і пасля — напрыклад, у канцы 2019-га Дзмітрый удзельнічаў у сустрэчы нейкіх дзяцей з «Тарпеда-БелАЗ» пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса.
Расію Дзмітрый падтрымлівае даўно і паслядоўна, а з 2014-га яго сацсеткі поўняцца расказамі пра расійскіх «герояў» у супрацьстаянні з антаганістамі — украінцамі, якім шэраг супольнасцей, адкуль Лемяшонак-малодшы робіць рэпосты інфармацыі, адмаўляе ў праве на існаванне як нацыі.
Хапае ў акаўнтах былога фаната фотаздымкаў у адзенні з сімволікай Расіі і так званых «ДНР» і «ЛНР». Вядома ж, у цяперашняй вайне Лемяшонак таксама на баку расійцаў, якія ўварваліся на чужую тэрыторыю. Цяпер для падмацавання сваёй пазіцыі некалі ультраправы фанат размяшчае заклікі чачэнца Рамзана Кадырава, заўзятага прыхільніка знішчэння Украіны. А ў базу пагроз нацыянальнай бяспецы Украіны «Міратворац» Дзмітрый як «антыўкраінскі прапагандыст» трапіў яшчэ раней.
У 2015-м Лемяшонак прыйшоў на сустрэчу з ідэолагам «рускага свету» Мікалаем Старыкавым і ўжыў фізічную сілу да беларусаў, якія асвісталі «госця», пасля чаго Дзмітрыя знайшлі журналісты, якім ён расказаў: «Рускіх сутыкнулі з украінцамі, беларусаў — з рускімі. Супрацьпастаўленне рускага і беларускага, спрэчкі пра [беларускай] сімволіку — усё гэта робіцца наўмысна для выгады пэўных асоб. Беларусь я адчуваю незалежнай дзяржавай. Але тое, як я тлумачу незалежнасць, вы, магчыма, будзеце лічыць акупацыяй».


Дзеянні рэжыму Лукашэнкі з 2020-га Дзмітрый таксама падтрымлівае: неўзабаве пасля сфальсіфікаваных выбараў ён узначальваў «хросныя хады» з чырвона-зялёным сцягам (гэта доўжылася цэлыя два месяцы), а цяпер працягвае посціць і рэпосціць розныя ўсхваленні Лукашэнкі, у тым ліку ад прапагандыста Рыгора Азаронка, а таксама пропаведзі свайго бацькі.
На пачатку лістапада падсумаваў вобраз Лемяшонка-малодшага заўзятар «Дынама» Андрэй «Бессмяротны», які зараз ваюе за Украіну. На пытанне пра былога паплечніка па ультрас ён адказаў так: «99% фанатаў "Дынама" заўсёды падтрымлівалі Украіну. Лемя — сын лукашысцкага папа, ватнік і проста хворы чалавек. Можа, патрыярх Кірыл кадзілам зачапіў і пашкодзіў мозг».