«Падзеі 2020-га так напалохалі рэжым, што для яго цяпер слова "выбары" — гэта страшны сон»

Палітолаг Валерый Карбалевіч у інтэрв'ю «Филину» — пра тое, чаму ўлады адсунулі выбары на 2024 год, і якія шанцы ў беларуса, які не знаходзіцца ў праўладных арганізацыях, стаць назіральнікам на ўчастку.

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas7_logo_1_logo.jpg.webp

Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры АНТ выказаўся аб назіранні на маючых адбыцца выбарах у парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года, а таксама аб назіранні за выбарамі.

Цэнтрвыбаркам «трошкі скараціў выбарчы цыкл». «Раней у чатыры гады мы праводзілі трое выбараў. Цяпер мы будзем праводзіць двое выбараў фактычна раз на пяць гадоў».

Гаворачы аб верагоднасці прысутнасці місіі назіральнікаў АБСЕ, кіраўнік ЦВК адзначыў, што «мы як бы не супраць гэтай арганізацыі, уваходзім у яе склад, узаемадзейнічаем», аднак пры гэтым не раз узнімалася пытанне, што трэба выпрацаваць нейкія адзіныя стандарты, якія б ужываліся ўсюды аднолькава».

«Плануем запрасіць прадстаўнікоў цэнтрвыбаркамаў краін СНД. Таксама калегаў з Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Астатнія суб'екты маюць права запрасіць тых, каго яны лічаць патрэбным, уключаючы місіі».


Глядзіце таксама

Ці можа так здарыцца, што выбары адбудуцца без заходніх назіральнікаў, ці мае гэта значэнне для беларускіх уладаў — на гэтыя і іншыя пытанні адносна маючай адбыцца выбарчай кампаніі адказвае палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч.

— На сённяшні дзень гэта сапраўды не мае значэння, паколькі разрыў стасункаў з краінамі Захаду, дэлігітымізацыя беларускай улады ў вачах заходніх дзяржаў адбылася пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020, то цяпер ім ужо няма чаго губляць і няма ніякага сэнсу запрашаць назіральнікаў з БДІПЧ АБСЕ.

Па-першае, яны дадуць негатыўную ацэнку выбарам, і цяпер беларускім уладам гэта зусім не трэба. АБСЕ — гэта не зусім заходняя арганізацыя, яна ўключае ў сябе постсавецкія краіны.

Па-другое, цалкам няправільна сцвярджаць, што ў БДІПЧ АБСЕ няма адзіных стандартаў. Ёсць дакументы, дзе прапісана, што лічыць дэмакратычнымі выбарамі, што з'яўляецца парушэннем. На сённяшні дзень БДІПЧ АБСЕ — адзіная арганізацыя ў свеце, якая канкрэтна займаецца аналізам і ацэнкай выбараў. Ніякай іншай арганізацыі ў свеце падобнага тыпу проста няма.

БДІПЧ АБСЕ распрацаваныя працэдуры, паводле якіх трэба назіраць за выбарамі. Там ясна распісваецца, за чым сачыць, што кантраляваць, што ацэньваць. Назіральнікі бюро падрыхтаваныя, прайшлі інструктаж, таму іх ацэнкі важныя.

Назіральнікі, якія прыязджаюць з краін СНД, — гэта проста выпадковыя людзі. Памятаю, як на адных з папярэдніх выбараў нейкі дэпутат Дзярждумы Расіі на тэлекамеры распавядаў, што ён за дзень абышоў адразу некалькі ўчасткаў і нідзе ніякіх парушэнняў не выявіў. Ён нават не разумее, што такое назіранне…

Я ўжо не кажу пра тое, што доўгачасовае назіранне прадугледжвае ацэнку агітацыйнай кампаніі, працэдуры фарміравання выбарчых камісій, вылучэння і рэгістрацыі ініцыятыўных груп і гэтак далей. Гэта значыць, чалавек у дзень выбараў прыйшоў на ўчастак, паглядзеў і сказаў: «Добра». Гэта проста дыскрэдытацыя самой ідэі назірання.

Улады выдатна гэта бачаць, таму адсякаюць назіральнікаў, якія рэальна гатовыя сачыць і ацэньваць ход выбараў, і запрашаюць зусім выпадковых людзей. Магчыма, і з заходніх краін не праблема пару чалавек прывезці сюды і паказаць потым па тэлевізары.

Такім чынам хочуць прадставіць беларускаму грамадству, што, маўляў, з нашымі выбарамі ўсё нармальна, глядзіце, усе назіральнікі, якія прыехалі, ацанілі іх вельмі высока.

— Як думаеце, запросяць назіральнікаў АБСЕ на выбары ці пакуль яшчэ рана пра гэта казаць?

— Наколькі можна разумець заяву Ігара Карпенкі, яны не збіраюцца запрашаць назіральнікаў АБСЕ, але, магчыма, канчаткова палітычнае рашэнне не прынята, таму што ён абмовіўся, што гэта наогул не кампетэнцыя Цэнтрвыбаркама. Думаю, хутчэй, не запросяць.


Глядзіце таксама

— Якія шанцы ў беларуса, які не знаходзіцца ў праўладных арганізацыях, стаць назіральнікам на выбарах?

— Я думаю, шанцаў ніякіх. Улады свядома адсякаюць усялякае назіранне за выбарамі, нават склад выбарчых камісій засакрэцілі, гэта значыць выбары павінны прайсці ў выглядзе ваенізаванай спецаперацыі, якая цалкам адсякае ўсялякі кантроль з боку грамадства за гэтай працэдурай.

Будуць назіральнікі ад праўладных арганізацый, якім загадзя дадуць бланк, што яны павінны напісаць. Такое практыкавалася на папярэдніх выбарах.

— Для чаго Цэнтрвыбаркаму спатрэбілася скарачаць выбарчы цыкл і праводзіць двое выбараў раз на пяць гадоў замест трох разоў на чатыры гады, як заяўляе Карпенка?

— Двое выбараў раз на пяць гадоў не атрымаецца, таму што тэрмін дзеяння Палаты прадстаўнікоў чатыры гады, мясцовых саветаў таксама. Тут дзейнічае логіка адсунуць выбары.

Прэзідэнцкія выбары 2020 года настолькі моцна напалохалі ўладу, што для іх цяпер слова «выбары» — гэта страшны сон, таму яны хацелі б, калі ўжо адмовіцца ад іх нельга, максімальна адсунуць дату іх правядзення ад 2020 года.

Па папярэднім законе, да прыняцця новай Канстытуцыі, выбары ў мясцовыя саветы павінны былі адбыцца ў 2022 годзе, а выбары Палаты прадстаўнікоў — у 2023-м.

Улады, фактычна парушыўшы закон, перанеслі гэтыя выбары на 2024 год, калі ўжо яны паспелі ўзяць пад кантроль грамадства, задушыць цалкам пратэст, ліквідаваць, як яны кажуць, «пятую калону» ў краіне, і толькі пасля гэтага яны наважыліся правесці гэтыя выбары.

На хаду прыдумалі адзіны дзень галасавання. Як калісьці казала Ярмошына: выбары — гэта заўсёды палітычнае напружанне, палітычная дэстабілізацыя, таму лепш іх правесці адзін раз, чым дзяліць на дзве часткі: спачатку мясцовыя, потым — парламенцкія. Ну і перажыць адным махам, як яны лічаць, гэты магчымы напружаны перыяд.

Хоць я сёння ніякага напружання не бачу, але ў страху вочы вялікія. Менавіта з гэтай прычыны яны і аб'ядналі гэтыя двое выбараў.